Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму пасуе роля “першай лэдзі” Беларусі – гутаркі з жонкамі кандыдатаў


Радыё Свабода Жонкі кандыдатаў у прэзыдэнты лічаць, што павінны ва ўсім дапамагаць сваім мужчынам — як на этапе перадвыбарчай кампаніі, так і ў выпадку іх перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі пра месца і ролю жонкі ў жыцьці мужчыны-палітыка першым загаварыў у сваім тэлезвароце да выбарцаў Аляксандар Казулін. Гэта было 22 лютага:

(Казулін: ) “Я прыйшоў сюды са сваёй любімай жонкай Ірынай Іванаўнай Казулінай. Хацеў прадставіць яе вам, паказаць, якая ў мяне цудоўная жонка. Але мне не дазволілі яе прадставіць. Я хацеў, каб вы пераканаліся, якая ў нас шчасьлівая сям’я. А не як у некаторых. За ўсе дванаццаць гадоў мы першую лэдзі так і ня ўбачылі — ні на тэлебачаньні, ні на сьвятах, ні на афіцыйных прыёмах”.

Аляксандар і Ірына Казуліны разам ужо 28 гадоў. Абодва кажуць, што разумеюць адзін аднаго з паўслова — і ня мае значэньня, у якой якасьці “галава сям’і” — рэктар, кандыдат ці патэнцыйны прэзыдэнт краіны. Расказвае Ірына Казуліна:

(Казуліна: ) “Незалежна ад таго, якія падзеі адбываюцца, я люблю самое жыцьцё. Гэта па-першае. Па-другое, у нас практычна не было такога вось свабоднага, спакойнага, камфортнага жыцьця. Увесь час нейкія праблемы ўзьнікалі, таму гэта ўсё стала звыклай, звычайнай справай”.

Іна Кулей — ня толькі жонка Аляксандру Мілінкевічу, але і сапраўдны сябар, памочніца, дарадца. Практычна ва ўсіх сустрэчах з выбарцамі яна суправаджае свайго “адзінага” кандыдата. Але пра статус першай лэдзі, лічыць, гаварыць заўчасна.

(Кулей: ) “Для мяне такое пытаньне я б не сказала, што дзіўнае. Але ўсе праблемы трэба вырашаць паводле іх паступленьня. Гэта па-першае. Па-другое, першая лэдзі, альбо проста лэдзі — любая жанчына ў нашай краіне ня вельмі адрозьніваецца адна ад адной. І самыя галоўныя мэты ў жанчыны, якая любіць, адны і тыя ж. Канечне, мной цяпер цікавяцца як чалавекам, блізкім да кандыдата Мілінкевіча, які бачыць яго кожны дзень. Таму звычайна цікавяцца, як я ўспрыняла тое, што ён пайшоў у палітыку, якую дапамогу яму аказваю. Ну і, натуральнае пытаньне: а што будзе, калі станеце першай лэдзі?”

Ала Гайдукевіч, жонка кандытата ў прэзыдэнты Сяргея Гайдукевіча, у гэтым статусе перажывае другую запар выбарчую кампанію. У часе сустрэчаў мужа з выбарцамі заўважана не была. Публічнасьці ня любіць. Толькі аднойчы, пяць гадоў таму ў дзень галасаваньня, са спадаром Гайдукевічам зьявілася на выбарчым участку школы №6 у мікрараёне Сухарава.

А вось ці прыкідвала на сябе ролю першай лэдзі — высьветліць так і не ўдалося: Ала Паўлаўна прынцыпова не кантактуе з прэсай.

Рэальная першая лэдзі краіны Галіна Радзівонаўна Лукашэнка ў рэзыдэнцыі кіраўніка краіны ў “Драздах” — госьця рэдкая. Яшчэ ў часе гутаркі зь ёй гадоў дзесяць таму ў дзіцячым садку Рыжкавічаў яна казала, што наўрад ці адважыцца пераехаць у Менск — маўляў, ня той характар, каб радыкальна зьмяняць жыцьцё. Раз-пораз усё ж прыяжджае ў сталіцу, дзе побач з мужам жывуць дзеці і ўнукі. А вось Аляксандар Лукашэнка ў часе выступу на ІІІ Усебеларускім народным сходзе, адказваючы на рэпліку Казуліна, нечакана заявіў: “ня дай Божа быць жонкай прэзыдэнта”. І дадаў, што не зайздросьціць той жанчыне, якая мусіць жыць разам з кіраўніком краіны. Праўда, учора ў сьвяточным віншаваньні ўсё ж адзначыў: жанчына — “самае дасканалае, што прыдумала і стварыла прырода”.

(Лукашэнка: ) “Самае значнае для чалавека, асабліва для жанчыны, калі яна любіць. А калі гэтае каханьне ўзаемнае — гэта самая шчасьлівая жанчына ў сьвеце”.
XS
SM
MD
LG