Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 сакавіка Джордж Буш згадаў І.Красоўскую і С.Завадзкую


Радыё Свабода Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сваім звароце з нагоды Міжнароднага Жаночага дня асаблівую ўвагу зьвярнуў на лёс жанчын, каму выпала жыць у несвабодных краінах. Ён адзначыў, у прыватнасьці, што жанчыны ў Аўганістане, поўнасьцю прыніжаныя ў часы кіраваньня талібаў, “ пачынаюць дыхаць цудоўнай атмасфэрай свабоднага грамадзтва”. Буш адзначыў, што жанчыны ў шэрагу краінаў, Іране, Паўночнай Карэі і Бірме, яшчэ змагаюцца за свае правы. Прэзыдэнт згадаў таксама пра сустрэчу ў Вашынгтоне з дзьвюма беларускімі жанчынамі, жонкамі зьніклых – Ірынай Красоўскай і Сьвятланай Завадзкай.

(Буш: ) “Днямі я прывітаў дзьвюх жанчын зь Беларусі, якія занепакоеныя рэпрэсіўным характарам беларускага рэжыму. Мы падтрымліваем жанчын у Беларусі, якія абараняюць чалавечыя правы напярэдадні выбараў”.

Нагадаем, што Буш прыняў Ірыну Красоўскую і Сьвятлану Завадзкую 27 лютага ў Белым Доме. Прэзыдэнт ЗША цікавіўся іхным асабістым жыцьцём, пытаўся пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і цікавіўся прэзыдэнцкімі выбарамі. Паводле Ірыны Красоўскай, сустрэча з амэрыканскім прэзыдэнтам, гэта знак падтрымкі дэмакратычных сілаў ў Беларусі з боку ЗША.

(Красоўская: ) "Гэта вялікая падзея для нас асабіста і для ўсёй нашай краіны, таму што мы адчуваем вялікую падтрымку з боку ЗША ўсім людзям у Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратыю".

Такую ж думку выказаў пасьля сустрэчы прадстаўнік Белага Дому Скот Маклэлан: "Прэзыдэнт хоча падкрэсьліць сваю асабістую падтрымку іхным высілкам дамагчыся правасудзьдзя ў справах зьніклых, гэтак сама, як і высілкам тых, хто імкнецца вярнуць свабоду ў Беларусь".

Гл. таксама • Джордж Буш сустрэўся з С.Завадзкай і І.Красоўскай (фота)
XS
SM
MD
LG