Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель і Качыньскі абмяркуюць і беларускую сытуацыю


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі пачаў сёньня двухдзённы візыт у Нямеччыну, у часе якога будзе абмеркаваная, сярод іншага, сытуацыя ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле экспэртаў у беларускіх справах, вельмі істотна, каб погляды Варшавы і Бэрліна на гэтую сытуацыю супадалі.

Нямеччына, у параўнаньні з Польшчай, даволі рэдка на высокім узроўні выказваецца што да падзеяў у Беларусі. Але гэтым разам, паводле адмыслоўцы ў польска-нямецкіх дачыненьнях, былога віцэ-міністра замежных справаў Польшчы Яна Трушчыньскага, Бэрлін, хутчэй за ўсё выкажа больш зразуменьня да пазыцыі Варшавы што да сытуацыі у краінах – ўсходніх суседках Польшчы.

(Трушчыньскі: ) “Я думаю, што цяпер погляды Нямеччыны і Польшчы будуць у значна большай ступені супадаць, калі вядзецца пра ацэнку Варшавай сытуацыі за ўсходняй мяжой Польшчы”.

Між тым намесьнік галоўнага рэдактара часопіса "Newsweek Polska" Войцех Мазярскі лічыць, што паразуменьне ў справе Беларусі паміж Варшавай і Бэрлінам было б вельмі карысным, але дасягнуць такога паразуменьня, мабыць, будзе ня лёгка.

(Мазярскі: ) “Гэта, як мне падаецца, было б вельмі важна. Польшча, якая добра арыентуецца ў беларускіх і ўкраінскіх падзеях, магла б быць добрым генэратарам ідэяў для заходнеэўрапейскіх краінаў, Нямеччыны, што да Беларусі. Але я ня ведаю, ці гэта рэальна. Напярэдадні візыту прэзыдэнта Качыньскага ў Бэрлін мы чулі шмат крытыкі зь ягонага боку на адрас нямецкай палітыкі. Таму візыт можа прайсьці ў ня вельмі цёплай атмасфэры, а тады цяжка спадзявацца нейкага пералому ў польска-нямецкіх дачыненьнях, які адбіўся б і на Беларусі”.

Адметна, што калі адбываліся візыты ў Нямеччыну папярэдніка Леха Качынськага – Аляксандра Квасьнеўскага, аб тым, што адной з тэмаў размоваў будзе сытуацыя ў Беларусі, не гаварылася ніколі. Сам польскі прэзыдэнт кажа, што посьпех ягонага візыту будзе залежаць ад падыходу нямецкага боку.

(Качыньскі: ) “Посьпех будзе залежыць ад таго, ці зразумее спадарыня канцлер і яе памочнікі, што тыя, хто кіруе Польшчай цяпер, маюць зусім іншы мэнталітэт, чым посткамуністы, пры ўсёй павазе да дасягненьняў майго папярэдніка ў замежнай палітыцы”.
XS
SM
MD
LG