Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія міліцыянты зноў затрымалі агітатараў за Мілінкевіча


Радыё Свабода, Віцебск Арцёма Хадыку і Алега Сідарава, якія раздавалі мінакам улёткі і газэту “Народная воля”, супрацоўнікі міліцыі затрымалі і завезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел.

Калі ў пастарунак прыехаў Хрыстафор Жаляпаў, давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча, міліцыянты паведамілі яму, што не затрымлівалі моладзевых актывістаў, а “проста запрасілі на гутарку”.

Выслухаўшы тлумачэньні затрыманых, супрацоўнікі міліцыі насамрэч ня сталі складаць пратаколы пра затрыманьне. Спадару Жаляпаву ўдалося давесьці, што міліцыя ня мае права займацца выкрыцьцём парушэньняў выбарчага заканадаўства.

Тым ня менш і для Арцёма Хадыкі, і для Алега Сідарава гэта было ўжо другое затрыманьне ў часе агітацыйнае працы.

Тамару Маркушаву, якую таксама двойчы затрымлівалі з агітацыйнымі ўлёткамі, 10-га сакавіка выклікаюць у Кастрычніцкі раённы суд, бо тыдзень таму міліцыянты склалі на яе пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэньне.
XS
SM
MD
LG