Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З усіх абраных у 2005 годзе парлямэнтароў кожная пятая – жанчына


Радыё Свабода Як адзначаюць у камісіі ААН па статусу жанчынаў, міжнародная супольнасьць нарэшце ўсьвядоміла, што наданьне ўладных паўнамоцтваў жанчынам – найбольш эфэктыўны інструмэнт для разьвіцьця краіны.

Лічыцца, што 30 адсоткаў жанчынаў у парлямэнце ёсьць той крытычнай масай, якая неабходная для ўзьдзеяньня на працу заканадаўчай улады. Як адзначаецца ў справаздачы Міжнароднага міжпарлямэнцкага зьвязу, у дзевяці нядаўна абраных парлямэнтах больш за 30 адсоткаў дэпутатаў – гэта жанчыны, тады як у парлямэнтах васьмі краінаў сьвету паменшылася колькасьць дэпутатак-жанчынаў. Напрыклад, у парлямэнце Кыргызстану раней было 10 адсоткаў жанчын, цяпер жа там няма ніводнай дэпутаткі.

Кыргызстан разам з Саудаўскай Арабіяй ўзначальваюць сьпіс краінаў, дзе жанчынам перашкаджаюць балятавацца. Але, як адзначае Генэральны сакратар Міжнароднага міжпарлямэнцкага зьвязу Андэрс Джонсан, адрозна ад Кыргызстану, у іншых краінах сьвету прадстаўніцтва жанчынаў ў высокіх палітычных сфэрах павялічваецца глябальна. Пры канцы мінулага году жанчыны складалі крыху больш за 16 адсоткаў дэпутатаў ва ўсіх парлямэнтах сьвету, і Андэрс Джонсан лічыць гэта своеасаблівым рэкордам. Для параўнаньня: у 2000 годзе дэпутатак у парлямэнтах было толькі 11 адсоткаў.

Паводле апошніх дадзеных, 10 жанчынаў узначальваюць аднапалатныя парлямэнты, 18 жанчынаў старшынююць у дзьвюхпалатных. Сярод краінаў, дзе жанчыны стаяць на чале заканадаўчай улады – Альбанія, Эстонія, Грузія, Грэцыя, Вугоршчына і Латвія.

За мінулае дзесяцігодзьдзе ў чатыры разы павялічылась колькасьць парлямэнтаў, дзе жанчыны складаюць 30 і болей адсоткаў ад колькасьці дэпутатаў. У 1995 годзе такіх краінаў было толькі пяць, а сёлета іх ужо 20. Першае месца паводле колькасьці жанчынаў у парлямэнце займае Руанда – 39 з 80 дэпутацкіх мандатаў, гэта болей за палову.

Беларусь у гэтым сьпісе займае 21 месца. У Палаце Прадстаўнікоў трэцяга скліканьня жанчыны маюць 32 дэпутацкія мандаты са 110 – гэта каля 29 асоткаў. Гэта значна больш, чым у Палаце прадстаўнікоў другога скліканьня — (тады было 14 жанчын-дэпутатак) і першага — усяго 5. У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня было 9 жанчын.

Варта адзначыць, што доля жанчынаў сярод дэпутацкага корпусу Беларусі значна павялічылася пасьля таго, як за два месяцы да парлямэнцкіх выбараў 2004 году Аляксандар Лукашэнка выказаў пажаданьне, каб у парлямэнце было 30—40% жанчын. І ў выніку ў Палату было абрана каля 29% жанчынаў.

А вось жа Аўганістан займае 23 месца ва ўсясьветным сьпісе жаночага прадстаўніцтва ў заканадаўчай уладзе. У гэтай краіне 68 зь 249 месцаў у парлямэнце маюць жанчыны. На 26 месцы – Ірак, тут жанчыны атрымалі 70 з 275 дэпутацкіх мандатаў.
XS
SM
MD
LG