Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначаюць сьвята 8-га сакавіка у сем’ях кандыдатаў у прэзыдэнты


Радыё Свабода Наш карэспандэнт напярэдадні шукаў адказы ў жонак прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду Беларусі.

8 Сакавіка лічылася любімым сьвятам савецкіх жанчын. Кветак і падарункаў у гэты дзень чакалі і жонка Генэральнага сакратара, і калгасьніца ў самай глухой вёсцы. А як ставяцца да гэтага дня жонкі кандыдатаў у прэзыдэнты незалежнай Беларусі? Маё апытаньне выявіла адданасьць былой традыцыі, хаця і з пэўнымі карэкціроўкамі. Гэтак, у сям’і Мілінкевічаў пра Жаночы дзень не забыліся, але адзначаюць яго без былога імпэту. Вось што адказала Іна Мілінкевіч на пытаньне, як звычайна віншуе яе муж.

(Іна Мілінкевіч: ) “Па старой звычцы гэта дзень, калі яшчэ раз гаворацца прыемныя словы і дорацца кветкі. І сыны выхоўваюцца гэтак, што прыемна матулі, жонцы, жанчыне дараваць кветкі і рабіць нешта добрае. Але Аляксандр робіць гэта штодня, і ў гэтым сэнсе 8 Сакавіка ня значна адрозьніваецца ад іншых дзён”.

Сёньня Іна Мілінкевіч ўвесь дзень будзе з мужам. У тым ліку і падчас важкіх перадвыбарчых мерапрыемстваў, таму не бярэцца прадказаць, калі дакладна адбудзецца прыемны момант сьвяточнага віншаваньня.

Мне не ўдалося шмат высьветліць, як адзначаць 8 Сакавіка ў сям’і Сяргея Гайдукевіча. Вядома, што жонка лідэра лібэральных дэмакратаў Беларусі Ала Гайдукевіч сама з Расеі, з гораду Цьвер. Знаёмцы кажуць, што ў гэтай сям’і да жаночага сьвята стаўленьне вельмі паважлівае. Жонку кандыдата ў прэзыдэнты я знайшоў па тэлефоне ў іх загарадным доме. Спачатку размова складвалася нядрэнна, але працягу, на жаль, не атрымалася.

(Ала Гайдукевіч: ) “Ведаеце што, інтэрвію я не даю. Дзякуй за віншаваньні. Да пабачэньня”.

Ня толькі сваякі Сяргея Гайдукевіча на час выбарчай кампаніі абмежавалі свае кантакты з журналістамі. Марнымі аказаліся мае спробы датэлефанавацца і да Галіны Лукашэнкі. Паводле зьвестак Шклоўскага райвыканкаму, галоўны спэцыяліст у санаторна-курортным лячэньні Галіна Лукашэнка паехала ў Магілёў, з камандзіроўкі вернецца толькі пасьля сьвята. Дарэчы, з тыдзень таму ў газэтах паведамлялі: на дзень нараджэньня сваёй жонкі Лукашэнка прыяжджаў да яе ў вёску Аляксандрыя і падараваў малюнак з выявай сваёй малой радзімы.

А вось пра што распавяла жонка Аляксандра Казуліна Ірына.

(Ірына Казуліна: ) “Менавіта 8-га сакавіка я сядзела і праглядала часопіс, не памятаю ўжо які. А там была рэкляма лікёру “Бэліс”: такая прыгожая, гэты напой льецца ў бакал зь лёдам ! У гэты час у пакой уваходзіць муж і пытаецца, што яшчэ для нас зрабіць прыемнага. Я, каб працягнуць размову, кажу, што хачу вось такі лікёр. Раптам ён пачаў вярцецца, казаць нешта кшталту: “Энікі-бэнікі-трам-бам-бам,” – і пабег у іншы пакой. Мае дочкі пытаюцца: “Мама, і што ты думаеш: ён прынясе гэты лікёр?” “Не такі самы, кажу, але ж нейкі прынясе”. Бо я ж ведала, што такога лікёру ў нас няма. Але калі ён прынёс бутэльку менавіта такога лікёру, гэта было так нечакана! Як высьветлілася, яшчэ два гады таму адзін наш сябра зь Ірляндыі прывёз гэты лікёр, бутэлька стаяла, як кажуць людзі, у загашніку. Але ў той момант гэта было падобна на нейкага Копэрфільда, які сумеў сваімі чарамі здабыць для нас такі падарунак”.
XS
SM
MD
LG