Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сёньня перапыненая агітацыя за Лукашэнку і Гайдукевіча


Радыё Свабода “Восьмае сакавіка па-ранейшаму застаецца дзяржаўным сьвятам у Беларусі, а таму Аляксандар Лукашэнка не плянуе аніякіх агітацыйных мерапрыемстваў”, – паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік ягонага выбарчага штабу Дзьмітры Косьцін. Пра выходны дзень усёй каманды прыхільнікаў заявіў таксама Сяргей Гайдукевіч. Падрабязнасьці свайго візыту ў Нямеччыну раскажа сёньня ў Менску Аляксандар Казулін. Паводле праграмы Аляксандра Мілінкевіча, у 12.00 у менскім кінатэатры “Бярэсьце” адбудзецца яго першая сустрэча з выбарцамі, а наступная – у 15.00 у Палацы культуры трактарнага заводу. А як плянуюць сёньня працу рэгіянальныя штабы?

Інфармацыя пра аб’яўлены штабамі Лукашэнкі і Гайдукевіча выходны дзень спраўджваецца ў рэгіёнах. Нават найбольш актыўны ў Мазыры пікетчык за існуючую ўладу Генадзь Сувораў сёньня застаецца дома.

(Сувораў: ) “Мы не жадаем гэта рабіць. Я забараніў. Навошта бударажыць?”.

(Карэспандэнт: ) “Адпачываюць і жанчыны, і агітатары, так?“

(Сувораў: ) “Так, так. Вы правільна разумееце”.

А ў Бабруйску сёньня ў пікетах будуць жанчыны. Гаворыць Таіса Кабанчук, старшыня рэгіянальнага штабу Аляксандра Казуліна.

(Кабанчук: ) “Яшчэ з савецкіх часоў я не магу бачыць, як замучаныя жыцьцём мужчыны цягнуць кветкі і ўсім – аднолькавыя. Вось зараз мы зьбіраемся ў штабе і будзем вырашаць, што рабіць. Ці ставіць пікеты, дзе захочам?”

Па словах Таісы Кабанчук, напярэдадні 8-га сакавіка ўлады ў Бабруйску вызначылі толькі два месцы на ўскраіне гораду, дзе дазволілі пікеты. А вось у Гомелі прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча дамагліся большай прысутнасьці. Паведамляе Уладзімер Целякун.

(Целякун: ) “Агітацыю за Аляксандра Мілінкевіча мы вядзем у публічных месцах, дзе багата людзей. Кожны дзень стаіць 9-10 пікетаў, дзе вядзецца агітацыя й раздаюцца ўлёткі. Мажліва, гэта раздражняе ўладу, бо адбываюцца затрыманьні й суды. У Гомелі заведзеныя яшчэ каля сямі адміністратыўных спраў”.
XS
SM
MD
LG