Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба кантраляваць падлік галасоў”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 7 сакавіка Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”, я паслухаў Лукашэнку на гэтым сходзе і хачу сказаць, што ён мне не спадабаўся, таму што ён савецкі сапраўдны чалавек. Ён свайго міністра пасылае ў Эўропу красьці туфлі для нашых беларускіх жанчын. Астатняе ў яго ўся гэта савецкая балбатня нікудышная. “Плян”, “пяцігодка” – гэта ўсё было ў мінулым стагодзьдзі сталінскім. А ў нас цяпер XXI стагодзьдзе. Людзі ідуць наперад, а мы адсталі з Лукашэнкавай тэхналёгіяй. І я зьвяртаюся да беларускага народу.

Хто верыць у Бога, хто любіць сваю Беларусь, трэба нам галасаваць за нашага прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча! Ён веруючы чалавек, ён любіць Бога, ён будзе любіць і нас, свой народ. Такі чалавек нас ніколі не падвядзе”.

(Спадар, Віцебск: ) “Няўжо ўсе народы раўнадушныя да нашага Лукашэнкі? Ён абразіў дзясяткі краінаў сьвету, абазваў балотам і г.д. А што ж тады для яго апазыцыя! Мы, маленькія людзі, якіх ён можа прыніжаць, крыўдзіць і г.д. Трэба нейкім шляхам спыніць яго! Чаму б ня выбраць прэзыдэнта ад апазыцыі, таго самага Мілінкевіча? Чаму ўзурпатар павінен быць бясконца? І ўся Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў да гэтага раўнадушная”.

(Спадар: ) “Сход 2 – 3 сакавіка быў не беларускім і не нацыянальным. Ніхто зь іх не валодае беларускай мовай! Да прыкладу, прыехала расейская жанчына з Латвіі, сказала, што яна ўзнагароджаная мэдалём Францішка Скарыны, і была запрошаная. Дык папраўдзе гэта быў збор савецкіх інтэрнацыяналістаў, антыбеларусаў. А вось вялікія сродкі заплачаныя беларускіх падаткаплатнікаў!”

(Спадар: ) “Трэба кантраляваць падлік галасоў, а то будзе як у Сталіна: няважна, як вы прагаласуеце, а важна, як мы падлічым.

(Спадарыня: ) “Калі вы праводзіце апытаньне на вуліцы, задайце такое пытаньне: “Ці верыце вы ў справядлівыя выбары?”

(Спадар: ) “Творы нашага выдатнага Караткевіча вельмі падтрымліваюць беларускі дух, даюць падтрымку беларускім адраджэнцам. Хацелася б заклікаць да чытаньня гэтага аўтара. Зь вялікай павагай да яго і да працы, якую ён зрабіў дзеля беларускага народу”.

(Спадар: ) “Хачу выказаць меркаваньне наконт працы III Усебеларускага народнага сходу. Уся гэтая прапаганда, уся гэтая шуміха, паказуха вакол гэтага сходу вылілася ў вялікую суму выдаткаў. Па самых сьціплых падліках, на гэтую паказуху патрачана каля мільярда рублёў.

Прэзыдэнт Лукашэнка яшчэ ў 1994 годзе паабяцаў, што верне людзям страчаныя ўклады, і народ паверыў яму, што ён верне гэтыя ўклады. Аднак на сёньня Лукашэнка ня лічыць за патрэбнае адказаць народу на пытаньне пра ўклады. Ніводнага слова не сказаў пра гэта на тым сходзе. Так што, відавочна, што ў пяцігодку не прадугледжана вяртаньне гэтых укладаў. Як тады мы будзем за яго галасаваць далей?”

(Віктар Буто: ) “У мяне праблема, за каго галасаваць. Гайдукевіч і Лукашэнка для мяне зразумелыя, і за іх я не пайду галасаваць, бо яны звычайныя дэмагогі-балбатуны. Для мяне цікавыя абодва астатнія Аляксандры. Вялікую перавагу мае Казулін, марскі пехацінец. Мілінкевіч – добры чалавек, але ён выступае ад апазыцыі, якая далёкая ад народу, але яго падтрымлівае Захад – і з гэтым трэба лічыцца. Захад далёкі ад таго, што адбываецца ў Беларусі. У Мілінкевіча, Зянона Пазьняка занадта шмат нацыяналізму. І мяне гэта вельмі пужае...”

(Марыя Бартось: ) “Паважаныя жанчыны Радыё Свабода! Віншую вас з 8-м сакавіка! Жадаю вам моцнага здароўя, шчасьця і дабрабыту вашым сем’ям. Посьпехаў у вашай нялёгкай працы!

Ідуць выбары нашага прэзыдэнта, але людзей яны ня радуюць ў сувязі з тым, што чыноўнікі нахабна плююць людзям у вочы, і наш прэзыдэнт на гэта глядзіць спакойна. Па тэлебачаньні і па радыё наш прэзыдэнт і ўсе астатнія крычаць: “Нараджальнасьць. Нараджайце, нараджайце”. А куды ж нараджаць, калі чыноўнікі дзецям, якія нарадзіліся, проста ў вочы кажуць: “Навошта вы нарадзіліся?” А дэпутаты крычаць пра нараджальнасьць!”

(Спадар: ) “У любой краіне сьвету існуюць законы, па якіх жывуць людзі, законы, якіх мы абавязаныя прытрымлівацца. Не выключэньне й Беларусь. Але ж нашым кандыдатам ад апазыцыі законы ня пісаныя. Калі б Казулін так сябе паводзіў у суседняй Польшчы, за абразу прэзыдэнта ён бы 5 год зарабіў, а за абразу міліцыянта яму так бы далі дыхту! У Мілінкевіча – на кожным кроку парушэньні: як яго, так і яго каманды. І ўсё цьвердзяць, што ціск на яго. Спадары, не парушайце, і ніякага ціску вам ня будзе!

Яшчэ хачу сказаць наконт таго, што выразалі трохі з выступленьняў кандыдатаў. Дык “Свабода” увесь час нешта выразае з тэлефанаваньняў, зь лістоў. Выбіраеце толькі тое, што вам пажадана, а тое, што супраць вас, не агучваецца. Думаю, што гэты мой званок чарговы раз не агучаць”.

(Спадар: ) “Лукашэнка казаў пра Скарыну, што той быў у Пецярбургу. Дык ён яшчэ ня тое казаў! Ён казаў, што ягоны бацька загінуў у часе вайны! А Лукашэнка ж нарадзіўся ў 1954-м годзе. Гэта яго 10 год маці насіла, выношвала... Так што ня трэба дзівіцца з таго, што Лукашэнка можа нагаварыць”.
XS
SM
MD
LG