Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Ібрагім Канапацкі (28.2.1949 – 9.9.2005)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Шэсьць з гакам стагодзьдзяў таму князь Вітаўт запрасіў у Вялікае Княства Літоўскае хана Тахтамыша, якога ў Залатой Ардзе пазбавілі ўлады. Ад таго часу на нашых землях і пасяліліся татары, для якіх Беларусь стала радзімай, а яе мова настолькі роднай, што па-беларуску арабскай вязьзю пісаліся іх мусульманскія рэлігійна-маральныя кнігі – кітабы.

Гісторык Ібрагім Канапацкі лічыў сябе нашчадкам аднаго з татарскіх коньнікаў, якія поруч з нашымі продкамі-ліцьвінамі бралі ўдзел у разгроме тэўтонцаў пад Грунвальдам.

Справаю свайго жыцьця ён абраў адраджэньне багатай і прыгожай культуры беларускіх татараў, даведзенай за савецкай уладай амаль да поўнага занядбаньня. Свой татарскі Дом ён адбудаваў на глебе агульнабеларускай, пад нашымі нацыянальнымі сымбалямі. На часам паблажлівае пытаньне: “Ну колькі вас тут, гэтых татараў?” – Канапацкі заўсёды адказваў: “Нас зь беларусамі 10 мільёнаў”.

Ібрагім працаваў, як добрая ўстанова. Безь ягоных эрудыцыі, энэргіі, зацятасьці, безь яго магутнай ваярскай постаці і густой беларускай мовы немагчыма ўявіць ні дзейнасьці згуртаваньня “Аль-Кітаб”, ні квартальніка “Байрам”, ні татарскага культурнага цэнтру ў Іўі, ні адбудовы мячэцяў у Наваградку, Слоніме, Відзах, Клецку, у ягоных родных Сьмілавічах на Чэрвеньшчыне.

Я міжволі шукаў твар Ібрагіма на прэзэнтацыі сваёй апошняй кнігі. Мне яшчэ хочацца патэлефанаваць яму, каб удакладніць склад татарскіх аддзелаў у войску Вялікага Княства або жыцьцяпіс выхаванца Полацкага кадэцкага корпусу, вядомага дзеяча беларускага руху Гасана Канапацкага. Цяпер на мае пытаньні будзе адказваць Ібрагімава дачка Зарына, якая працягвае бацькаву справу.

Мусульманін дзеля выратаваньня душы капае калодзеж. Алаг ацэніць Ібрагімаў “калодзеж” у сябе на нябёсах. Мы мусім зрабіць гэта на зямлі, якую ён так любіў.

Ці зьявіцца ў Сьмілавічах вуліца імя Канапацкага? Пакуль што чэрвеньская вэртыкаль дала асьцярожны дазвол толькі на ўсталяваньне мэмарыяльнай шыльды на родным доме татарскага асьветніка, падкрэсьліўшы пры гэтым, што ніякіх фінансавых выдатках браць на сябе не зьбіраецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG