Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Нямеччыны: улады Беларусі маюць гарантаваць бясьпеку кандыдатаў


Паводле БелаПАН Сёньня ў Бэрліне адбылася сустрэча статс-сакратара Міністэрства замежных справаў Нямеччыны Герната Эрлера з кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандрам Казуліным.

Паводле паведамленьня МЗС Нямеччыны, Казулін паінфармаваў Эрлера пра сытуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. У паведамленьні нямецкага МЗС гаворыцца, што ў Нямеччыне выклікаў сур’ёзную занепакоенасьць напад на Казуліна прадстаўнікоў сілаў бясьпекі і часовае затрыманьне кандыдата на прэзыдэнта.

У паведамленьні нямецкага МЗС таксама адзначаецца, што “статс-сакратар Эрлер чарговы раз падкрэсьліў нямецкую і эўрапейскую зацікаўленасьць у свабодных і справядлівых выбарах у Беларусі з роўнымі шанцамі для ўсіх кандыдатаў. “Павінна быць сапраўднае палітычнае спаборніцтва ідэяў і праграмаў. Для гэта беларускае кіраўніцтва мае гарантаваць бясьпеку ўсіх кандыдатаў”, – адзначаецца ў паведамленьні МЗС Нямеччыны.

Паводле гэтага дакумэнту, сп. Эрлер у размове з кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Беларусі Казуліным “пацьвердзіў зацікаўленасьць Нямеччыны і Эўропы ў добрых стасунках зь Беларусьсю, у якой будуць датрымлівацца дэмакратычныя стандарты, правы чалавека і прынцыпы прававой дзяржавы”. “Гэтыя адносіны павінны і надалей дапаўняцца трывалымі і сяброўскімі адносінамі Беларусі зь яе суседам – Расеяй”, – гаворыцца ў паведамленьні нямецкага МЗС.

Варта нагадаць, што 2 лютага ў Бэрліне адбыліся сустрэчы іншага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Мілінкевіча з фэдэральным канцлерам Ангелай Мэркэль і міністрам замежных справаў Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.
XS
SM
MD
LG