Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускія арганізацыі ў Вільні рыхтуюцца да 25 Сакавіка кожная па-свойму”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 7 сакавіка. Што пісалі беларускія газэты ў гэты дзень.

“Савецкая Беларусь”, 1926 год:

“У Заходняй Беларусі беларускімі ксяндзамі і іх газэтаю “Беларуская Крыніца” рабіліся і, пэўна, яшчэ будуць рабіцца пробы прадставіць ксяндза Гадлеўскага, як мучаніка за беларускую нацыянальную справу, за справу беларускіх сялян, і тут важна адразу высьветліць справу. Сапраўдныя інтарэсы заходня-беларускіх сялян трэбуюць не замены польскіх ксяндзоў беларускімі і далейшага ўтрыманьня рэлігійнага дурману толькі пад новаю беларускаю вывескаю, а поўнага зьнішчэньня гэтага дурману, які пад кожнаю вывескаю перашкаджае працоўным ісьці да камунізму”.

“Вечерний Минск”, 1986 год. Кандыдат гістарычных навук А.Лебедзеў:

“У ЗША жанчыны складаюць 51,3 працэнта ўсяго насельніцтва. Аднак у складзе мясцовых і фэдэральных органаў улады іх усяго 5 працэнтаў, у сэнаце кангрэсу — ніводнай, у палаце прадстаўнікоў — толькі 20 жанчын. Сярод 511 членаў ніжняй палаты парлямэнту Японііі жанчын — усяго 8… Вось і атрымліваецца, што палажэньне канстытуцыі Японіі “жанчыны маюць роўныя правы з мужчынамі” — не рэальнасьць, а толькі лёзунг”.

“Свабода”, 1996 год:

“Беларускія арганізацыі ў Вільні рыхтуюцца да 25 Сакавіка кожная па-свойму. Са словаў лідэра Згуртавання Беларускай Моладзі Віленшчыны — вядомага ў Менску Валерыя Савянкова — на Вялікдзень іхнае Згуртаванне збіраецца правесці крыжовы ход вакол пасольства Рэспублікі Беларусь з мэтай “выгнання адтуль антыхрыста”. Мяркуецца, што ў працэсіі будзе ўдзельнічаць праваслаўны святар… а ўсе прысутныя атрымаюць малітоўнік з малітвай за Беларусь”.
XS
SM
MD
LG