Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вызначыліся жыхары Віцебску, за каго яны будуць галасаваць?


Радыё Свабода Пра гэта карэспандэнтка пыталася ў мінакоў на віцебскіх вуліцах.

(Спадарыня: ) “Так, я вызначылася. Буду галасаваць за Аляксандра Мілінкевіча. Мне вельмі спадабалася ягоная прамова па тэлебачаньні, і ўвогуле ён такі інтэлігентны чалавек. Мне будзе вельмі прыемна з усіх кандыдатаў выбраць менавіта яго!”

(Дзяўчына: ) “А хто там хоць ёсьць? З каго выбіраць будзем?”

(Другая дзяўчына: ) “Мы проста ў разгубленасьці. Шчыра сказаць, акрамя Аляксандра Рыгоравіча ды Мілінкевіча мы нікога ня ведаем, і што да Мілінкевіча, дык ведаем пра яго зусім мала. А што ведаем пра Лукашэнку, дык за яго ня тое каб увогуле галасаваць не хацелася — здаецца, і нармальна ўсё, але ўжо хочацца кагосьці лепшага. Вось калі б Лукашэнка паабяцаў, што будзе лепей... Не, не сказаў бы, а зрабіў бы нам лепей, бо сказаць ён можа ўсё што заўгодна! Каб ён зрабіў лепшым жыцьцё, дык і было б добра. Словам, ня бачым мы вартай кандыдатуры. І ня ведаем, за каго будзем галасаваць!”

(Спадар: ) “За Лукашэнку! Лукашэнка стварае новыя праграмы — для людзей, для працы. У нас такія маладыя людзі пайшлі, якія хочуць мільёны, нічога ня робячы. Але яны не разумеюць, што Лукашэнка стварае працоўныя месцы для тых, хто хоча працаваць”.

(Спадарыня: ) “Я толькі за Лукашэнку. Ніхто нам ня трэба, апроч Лукашэнкі!”

(Другая спадарыня: ) “Я таксама за Лукашэнку. Звыклі мы ўжо да такога жыцьця!”

(Спадар: ) “Ды ня вызначыўся я яшчэ, ня ведаю, за каго буду галасаваць”.

(Дзяўчына: ) “А я, мабыць, ужо вызначылася: у нас была сустрэча з рэктарам нашага ўнівэрсытэту, і, паводле ягонае прамовы, мы ўсе будзем галасаваць за дзейнага прэзыдэнта”.

(Спадарыня: ) “Я буду ці супраць усіх, ці за Лукашэнку. Раней я не хацела за яго галасаваць, але перадумала. Іншыя кандыдаты мне не падабаюцца, бо я ня ведаю, што яны за людзі. І ўвогуле: Лукашэнка ўжо даўно пры ўладзе, і ўсё, што яму трэба было, у яго ўжо ёсьць. А новыя кандыдаты — яшчэ не, і найперш яны будуць працаваць на сябе”.

(Хлопец: ) “Я маю сталую грамадзянскую пазыцыю, і таму, канечне ж, я вызначыўся з выбарам будучага прэзыдэнта. Лічу, што ў нашай краіне павінны панаваць праўда, справядлівасьць і свабода. Таму — Аляксандар Мілінкевіч!”

(Дзяўчына: ) “Трэба жыць у сучасных умовах! А як у нас цяпер? Усё каціцца да дыктатуры. Трэба спыніцца! Мы ж моладзь, мы насамрэч хочам жыць у квітнеючай Беларусі. Таму — няхай будзе Мілінкевіч”.

(Спадар: ) “Мілінкевіч. Чалавек ён разумны, як я чытаў. Адукаваны. Прыемная такая асоба”.

(Спадарыня: ) “І ўсё-ткі Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч. Мне падабаецца ягоная палітыка”.

(Дзяўчына: ) “Я яшчэ ня вызначылася, але буду галасаваць або за Мілінкевіча, або за Казуліна. Бо дванаццаць год для аднаго — і так ужо досыць. Досыць, і ўсё!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG