Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для палітвязьняў "хімія" ператвараецца ў зьняволеньне


Любоў Лунёва, Менск Міколу Статкевічу, Паўлу Севярынцу і Андрэю Клімаву, якія адбываюць пакараньні ў розных спэцкамэндатурах за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў, адміністрацыі ўстановаў паведамілі, што да 19 сакавіка нікога ня пусьцяць дахаты наведаць сваякоў. Міколу Статкевіча трымаюць у інтэрнаце камэндатуры і не дазваляюць выходзіць на вуліцу. Паводле апазыцыйнага палітыка, адміністрацыя фактычна парушыла судовую пастанову, замяніўшы абмежаваньне на пазбаўленьне волі.

Міколу Статкевіча сёньня са спэцкамэндатуры адвезьлі ў мясцовую паліклініку на абсьледаваньне. Ён ужо тыдзень хварэе на грып. Увесь гэты час яго трымаюць у інтэрнаце, дзе няма харчаваньня і магчымасьці паўнавартасна лекавацца.

(Статкевіч: ) “Мне заявілі, што ёсьць адмысловае ўказаньне дэпартамэнту выкананьня пакараньняў зь Менску аб тым, што я магу ўцячы ў Менск, і што перад імі паставілі задачу не дапусьціць гэтага любымі сродкамі. Такім чынам, для мяне абмежаваньне волі ператварылася ў пазбаўленьне, толькі за свой кошт. Камэндатура не прыстасавана для абмежаваньня волі: тут няма магчымасьці для шпацыру, няма магчымасьці карміць зьняволеных. Па-сутнасьці, я ем тое, што мне прыносіць мой 80-гадовы бацька”.

Мікола Статкевіч лічыць, што такі стан будзе захоўвацца, пакуль не закончыцца выбарчая кампанія. Ён паведаміў “Свабодзе”, што ня будзе скардзіцца на адміністрацыю спэцкамэндатуры, бо ня бачыць у гэтым сэнсу.

(Статкевіч: ) “На каго скардзіцца? На гэтых афіцэраў, якія выконваюць загад? Спадзявацца на незалежную пракуратуру? Гэта папросту сьмешна. У нашай краіне няма незалежнага суду і незалежнай пракуратуры. Я нагадаю, што ад пачатку судовага працэсу я не прызнаваў гэтага суду”.

Адміністрацыя забрала ў Міколы Статкевіча пасьведчаньне пра тое, што ён зьяўляецца даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча.

Андрэй Клімаў сам засьцерагаецца бязь пільнай патрэбы пакідаць інтэрнат камэндатуры, пасьля таго, як тыдзень таму яго пад аховай перавезьлі з Крупак у вёску Баршчоўка на Гомельшчыне.

(Клімаў: ) “Я крыху баюся адзін хадзіць. Таму, як гэта ні падаецца дзіўным, я больш разьлічваю на супрацоўнікаў камэндатуры, на іх абарону”.

Да Андрэя прыяжджала жонка Тацяна. Яны мелі магчымасьць два дні правесьці на кватэры ў Рэчыцы. Але і там іх наведаў прадстаўнік адміністрацыі, каб пераканацца, што апазыцыйны палітык ня ўцёк у сталіцу.

Паўлу Севярынцу, які адбывае пакараньне ў вёсцы Малое Сітна, адміністрацыя спэцкамэндатуры адмовіла ў просьбе наведаць бацькоў у Віцебску. Прытым, што да маладафронтаўца няма прэтэнзіяў з боку адміністрацыі.

Кіраўніцтва спэцкамэндатураў адмаўляецца камэнтаваць свае рашэньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG