Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” застаецца пад арыштам


Радыё Свабода Шматтысячны тыраж “Народнай Волі” з паведамленьнямі пра падзеі 2 сакавіка па-ранейшаму знаходзіцца пад арыштам у Віцебску. Газэту затрымалі супрацоўнікі абласной управы міліцыі 3 сакавіка падчас перавозкі яе ў Менск з смаленскай друкарні. Падставай для затрыманьня стала, нібыта, парушэньне газэтай выбарчага заканадаўства.

Рэдактар незалежнага выданьня абвяргае гэтыя абвінавачаньні й дамагаецца вызваленьня арыштаванага накладу. Адначасна журналісты падрыхтавалі да друку і чакаюць выхаду двух наступных нумароў газэты.

У рэдакцыі паведамілі, што істотных зьменаў у лёсе арыштаванага нумару “Народнай Волі” не адбылося. Зь віцебскай абласной управы міліцыі, нібыта, мусілі перадаць некалькі асобнікаў газэты на экспэртызу ў Цэнтральную выбарчую камісію. З просьбай разабрацца ў інцыдэнце да сакратара камісіі Мікалая Лазавіка зьвяртаўся таксама рэдактар выданьня Іосіф Сярэдзіч. Аднак спадар Лазавік заяўляе, што Цэнтравыбаркам да таго, што адбылося, ня мае дачыненьня.

(Лазавік: ) “Абсалютна ніякага дачыненьня да нас гэтыя пытаньні ня маюць, бо пытаньні выданьня газэтаў кантралюе і рэглямэнтуе Міністэрства інфармацыі. Гэта не па адрасе пытаньне”.

Як паведамілі ў рэдакцыі газэты, ніякіх адказаў на зварот галоўнага рэдактара няма таксама з генэральнай ракуратуры ды Міністэрства ўнутраных справаў. Тым часам, журналісты падрыхтавалі да друку два наступныя нумары “Народнай Волі”, дзе амаль цалкам перадрукаваныя матэрыялы арыштаванага накладу. Сёньня позна ўвечары яны павінны быць дастаўлены ў Менск, але як будзе насамрэч — невядома, кажа намесьніца галоўнага рэдактара Сьвятлана Калінкіна.

(Калінкіна: ) “Паколькі цяпер міліцыя ў нас зьяўляецца “экспэртам” па выбарчым заканадаўстве і розных іншых кірунках, то чакаць можна чаго заўгодна”.

Паводле Сьвятланы Калінкінай, адначасна кіраўніцтва рэдакцыі будзе дамагацца вяртаньня арыштаваных 250 тысяч асобнікаў “Народнай Волі”.

Як паведамілі ў рэдакцыях такіх незалежных выданьняў, як “БДГ Деловая газета”, “Наша Ніва”, “Інтэкс-прэс”, якім адмоўлена ў падпісцы і распаўсюдзе празь дзяржаўныя сыстэмы “Белпошта” і “Белсаюздрук”, газэты працягваюць распаўсюджвацца праз самастойную сыстэму падпіскі й распаўсюду.

У 2006 годзе праз сыстэму “Белпошты” таксама нельга падпісацца на такія рэгіянальныя выданьні, як “Газета Слонімская”, “Борисовские новости”, “Биржа инфармации”, “Витебский курьер”, “Ляхавіцкі час”, “Нясвіжскі час”, “Ганцавіцкі час”, “Местная газета”. Гэтыя ж выданьні нельга набыць у шапіках “Белсаюздруку”.
XS
SM
MD
LG