Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Мілінкевіча дамагаецца вяртаньня 28 тысяч улётак


Радыё Свабода Жлобінская міліцыя канфіскавала 28 тысяч улётак за Аляксандра Мілінкевіча, якія вёз намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Віктар Карняенка для Гомельскай вобласьці. Праверка ўлётак праводзіцца ў райвыканкаме. Спадар Карняенка заявіў пра беспадстаўнасьць дзеяньняў жлобінскіх уладаў.

Жлобінская міліцыя затрымала машыну Віктара Карняенкі, спаслаўшыся на неабходнасьць праверкі, ці ня лічыцца яна сярод угнаных. Пазьней, заўважыўшы ў ёй улёткі з праграмай Мілінкевіча, машыну даставілі ў РУУС. Дазвол на ператрус ужо позна ноччу даваў мясцовы пракурор. Як вынік, усе ўлёткі і таварна-транспартныя дакумэнты міліцыя забрала. Намесьнік начальніка Жлобінскай міліцыі Юры Насовіч паведаміў “Свабодзе”, што матэрыялы затрыманьня друкаванай прадукцыі з машыны Карняенкі перададзены ў райвыканкам. Не выключаецца, што справа пойдзе ў суд:

(Насовіч: ) “Гэты матэрыял юрыдычна ацэньваюць, таму што ёсьць шэраг недакладнасьцяў у суправаджальных дакумэнтах і іншыя моманты. Яны прымуць рашэньне і тады будзе вядома, хто будзе разглядаць гэты матэрыял і што яны знойдуць”.

Віктар Карняенка зазначыў, што ўсе ўлёткі легальна надрукаваны на грошы ЦВК, і што штаб Мілінкевіча рыхтуе скаргі па гэтым выпадку гомельскаму пракурору, Цэнтравыбаркаму і назіральнікам ад АБСЭ. Але перш зак ўсё ён будзе дамагацца, каб міліцыя вярнула і прывезла друкаваныя матэрыялы ў Гомель:

(Карняенка: ) “Гэта яшчэ адзін прыклад — на жаль, не адзіны. Тактыка ўладаў — ня даць правесьці эфэктыўную выбарчую кампанію. Калі кожны дзень хапаць, пасьля на тры дні затрымліваць, то гэта ня толькі выбівае з рытму, але і некага палохае. Канечне, гэта перашкаджае арганізацыйнай сыстэмнай дзейнасьці. Гэта далёка ня дробязі, а крымінальная справа”.

Акрамя таго, паводле спадара Карняенкі, супрацоўніца Жлобінскага райвыканкаму выказала прэтэнзіі да тэксту ўлёткі, у якой напісана: “Аляксандар Мілінкевіч — новы прэзыдэнт, якім вы зможаце ганарыцца”. У сувязі з гэтым быў складзены пратакол аб парушэньні Выбарчага кодэксу, бо спадар Мілінкевіч прэзыдэнтам не зьяўляецца.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік абяцае, што такія факты будуць разглядацца апэратыўна, каб выкараніць усе перашкоды для нармальнай агітацыі за кандыдатаў:

(Лазавік: ) “Прадукцыя павінна быць з выходнымі зьвесткамі, і праблемаў быць не павінна. Мы спыняем такія выпадкі, калі неабгрунтавана затрымліваюць прадукцыю, за якую Цэнтравыбаркам заплаціў грошы. Атрымліваецца абсурд, што ЦВК грошы плаціць, а дзяржаўныя органы потым затрымліваюць гэтую прадукцыю. Гэта, канечне, непарадак”.
XS
SM
MD
LG