Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Эўрапарлямэнту паедуць назіральнікамі ў Беларусь


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Брусэлі адбылося паседжаньне ad hoc Дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў Беларусь з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў. У склад дэлегацыі ўваходзяць дэпутаты Эўрапарлямэнту, якія маюць намер паехаць у якасьці назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь. Кіраўніком групы стаў дэпутат ад Польшчы Богдан Кліх.

Богдан Кліх кажа, што ў дадзеным выпадку эўрапейскі парлямэнт ня мае, як гэта звычайна робіцца, запрашэньня ад парлямэнту краіны, у якой адбываюцца выбары, бо Эўрапарлямэнт не прызнае цяперашняга беларускага парлямэнту.

Тым ня менш, сябры дэлегацыі маюць намер працаваць у Беларусі адкрыта і афіцыйна.

(Кліх: ) “У склад дэлегацыі ўваходзяць сем чалавек – гэта дэпутаты практычна ад усіх палітычных сілаў, што прадстаўленыя у Эўрапейскім парлямэнце. Мы маем намер працаваць адкрыта – атрымаць адпаведную акрэдытацыю. Калі гэта зрабіць не атрымаецца, мы будзем назіраць за выбарамі звонку, не ўваходзячы на выбарчыя ўчасткі”.

Богдан Кліх не выключае, што беларускія ўлады не пусьцяць парлямэнтароў у Беларусь.

(Кліх) “Мы будзем ехаць усе разам напрыканцы гэтага тыдня і альбо нас усіх пусьцяць у Беларусь, альбо няхай усіх не пускаюць”.

Між тым, у склад місіі назіральнікаў АБСЭ ўваходзяць некалькі дзесяткаў палякаў. Адзін зь іх – Марцін Зяневіч, які раней быў назіральнікам ва Ўкраіне, не чакае лёгкай працы ў Беларусі.

(Зяневіч: ) “Думаю, што будзе складана, але і цікава напэўна. Ніхто ня ведае, чаго чакаць. Я быў назіральнікам ва Ўкраіне, можа будзе крыху падобна. Але хутчэй цяжэй, бо сытуацыя ў Беларусі адрозная ад украінскай”.
XS
SM
MD
LG