Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: у штабе Мілінкевіча знойдзены "жучок" (фота)


Радыё Свабода, Берасьце У берасьцейскім штабе Аляксандра Мілінкевіча знойдзена прыстасаваньне для сакрэтнага праслухоўваньня. Кіраўнікі штабу мяркуюць, што спэцслужбамі рыхтуюцца правакацыі супраць актывістаў выбарчай кампаніі, каб дыскрэдытаваць іх у вачах грамадзкасьці.

Як паведаміў кіраўнік Берасьцейскага гарадзкога штабу Мілінкевіча Зьміцер Шыманскі, 6 сакавіка ён атрымаў ананімны ліст па электроннай пошце ад людзей, якія назваліся супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

У лісьце спадара Шыманскага папярэджвалі наконт правакацыі ў дачыненьні да актывістаў выбарчага штабу ў Берасьці, якую рыхтуюць спэцслужбы.

У прыватнасьці, у ананімным лісьце паведамлялася пра тое, што ў найбліжэйшы час у памяшканьне штабу будзе падкінутая зброя. Пасьля гэтага, у часе чарговага агляду памяшканьня супрацоўнікамі міліцыі, зброя будзе знойдзеная, што дасьць магчымасьць затрымаць усіх актывістаў берасьцейскага штабу і паралізаваць ягоную працу.

Каб пераканаць актывістаў штабу Мілінкевіча ў праўдзівасьці сваіх словаў аўтары ліста паведамілі, што памяшканьне штабу праслухоўваецца, назвалі месца ўстаноўкі мініятурнага радыётэлефона і ягоныя тэхнічныя характарыстыкі.

Раніцай 7 сакавіка актывісты штабу праверылі гэтую інфармацыю. Вось што паведаміў Зьміцер Шыманскі:

(Шыманскі: ) “ Мы перагледзілі разэткі, якія у нас ёсьць у цэнтральнай залі, і ў адной зь іх сапраўды знайшлі такое прыстасаваньне для праслухоўваньня. Яно было падключанае да электрычнай сеткі. Мы яго проста адключылі і зараз яно там вісіць.

Што рабіць далей? Мы кансультуемся з юрыстамі наколькі мэтазгодна выклікаць міліцыю, наколькі мэтазгодна пісаць заяву аб завядзеньні крымінальнай справы, бо за апошнія 12 гадоў няма ніводнага выпадка, каб кагосьці затрымалі за несанкцыянаванае праслухоўваньне. Але магчыма гэта было праслухоўваньне санкцыянаванае, і тады мы аб гэтым хутка даведаемся”.

Кіраўнік берасьцейскага штабу Мілінкевіча таксама паведаміў, што памяшканьне ахоўваецца адмысловым аддзелам аховы Маскоўскага раёну Берасьця і трапіць у будынак немагчыма без адключэньня сыгналізацыі і ўзгадненьня з супрацоўнікамі гэтага аддзелу.

Спадар Шыманскі мяркуе, што сёньняшняя знаходка сьведчыць пра тое, што падобныя незаконныя дзеяньні могуць быць прымененыя да офісаў іншых выбарчых штабоў, недзяржаўных арганізацыяў і палітычных партыяў.





***

Мы зьвярнуліся ў КДБ Беларусі з просьбай пракамэнтаваць зьвесткі пра нібыта падрыхтаваныя правакацыі супраць выбарчых штабоў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча і пра знаходжаньне “жучка” ў офісе берасьцейскага штабу Мілінкевіча.

Кіраўнік управы КДБ па сувязях з грамадзкасьцю Валер Надтачаеў гэтак адказаў на пытаньні:

(Надтачаеў: ) “Я не памочнік спадару Мілінкевічу, каб рабіць яму піяр. Хай ён сам сабе гэта робіць. А пра што вы сказалі, гэта я не камэнтую”.
XS
SM
MD
LG