Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч у Познані: "Я прыехаў з СССР у маладую Беларусь"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Познані гэты тыдзень праходзіць пад знакам беларускай культуры. Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар разам з шэрагам іншых арганізацыяў ад панядзелку да пятніцы ладзіць у гэтым польскім горадзе шэраг культурніцкіх імпрэзаў.

Тыдзень беларускай культуры адкрыў былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Ён адзначыў, што вельмі ўзрадаваны актыўнасьцю маладых беларусаў за мяжой, якія прапагандуюць беларускую культуру нягледзячы на няпростую сытуацыю нацыянальнай культуры ў самой Беларусі.

(Шушкевіч: ) “У мяне такое ўражаньне, што я прыехаў з СССР у маладую сучасную Беларусь. Тут так цёпла прыймаюць маладых беларускіх творцаў, шмат польскай інтэлігенцыі, якая добра разумее, што пазбавіцца ад апошняй дыктатуры ў Эўропе – гэта наша агульная справа”.

Цягам гэтага тыдня, жыхары Познані змогуць пабачыць выставы працаў беларускіх мастакоў, дакуэнтальныя і мастацкія фільмы беларускіх рэжысэраў, узяць удзел у прэзэнтацыі кнігі Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, але таксама і ў палітычных дэбатах, прысьвечаных сітуацыі ў Беларусі.

Гаворыць старшыня Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтра Віталь Воранаў:

(Воранаў: ) “Напярэдадні выбараў мы хацелі пазнаёміць жыхроў Познані з актуальнай грамадзка-палітычнай сітуацыяй у Беларусі, але ня толькі. Гэта перадусім тыдзень культуры, мы хочам паказаць незалежную беларускую культуру, незалежную ад уладаў, а значыць найбольш вартасную”.

Беларусам у арагнізацыі тыдня беларускай культур дапамаглі шэраг мясцовых фірмаў, а таксама сябры палітычных партыяў, дэпутаты Сэйму і Эўрапарлямэнту.

* * * Былы старшыня Вярхоўнага Cавету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які бярэ ўдзел у тыдні беларускай культуры ў Познані ўсклаў сёньня разам зь лідэрам кіроўчай у Польшчы партыі “Права і справядлівасьць” Яраславам Качыньскім кветкі да помніка ахвярам падзеяў 1956 году.

Усё здарылася нечакана: калі памочнікі Качынськага, які прыехаў зь візытам у Познань, даведаліся, што там знаходзіцца таксама й Станіслаў Шушкевіч, было неадкладна вырашана запрасіць Шушкевіча на ўрачыстасьць. Познаньскія беларусы лічаць гэты крок чарговым знакам салідарнасьці польскіх уладаў зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

У 1956 годзе ўрадавыя войскі і міліцыя сілай крывава здушылі масавыя антыкамуністычныя пратэсты ў Познані, якія лічацца сымбалічным пачаткам новай хвалі змаганьня палякаў супраць камунізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG