Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадлен Олбрайт: Неадкладна вызваліць арыштаваных


Радыё Свабода Старшыня рады дырэктараў Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту (НДІ) Мадлен Олбрайт выказала глыбокую заклапочанасьць арыштам актывістаў "Партнэрства". "Ураду Беларусі ня варта чакаць павагі з боку міжнароднай супольнасьці, калі ён не зьбіраецца паважаць міжнародныя нормы", – заявіла Мадлен Олбрайт.

Тэкст заявы Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту (НДІ) вакол сытуацыі ў Беларусі.

Ва ўсім сьвеце грамадзяне арганізуюцца па-за партыйнымі структурамі для незалежнага назіраньня за выбарамі. Незалежнае назіраньне дапамагае людзям узмацніць сваю ўпэўненасьць у выбарчым працэсе і спрыяе ўдзелу насельніцтва ў выбарах. Права грамадзян назіраць за выбарамі ў сваёй краіне – гэта фундамэнтальны дэмакратычны прынцып, над рэалізацыяй якога НДІ працуе на працягу 25 гадоў. НДІ ўзаемадзейнічае з арганізацыямі незалежных грамадзкіх назіральнікаў у больш за 65 краінаў па ўсім сьвеце.

У Беларусі грамадзкія актывісты таксама ажыцьцяўлялі і працягваюць ажыцьцяўляць назіраньне за выбарамі – права, гарантаванае ім артыкулам 13 Выбарчага Кодэксу Беларусі, а таксама дакумэнтам Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ) "Капэнгаген – 1990 год".

У 2001 годзе АБСЭ сумесна з НДІ падтрымала кааліцыю незалежных назіральнікаў, якія ажыцьцяўлялі маніторынг за прэзыдэнцкімі выбарамі. НДІ таксама падтрымаў больш за тры тысячы незалежных назіральнікаў у Беларусі падчас парлямэнцкіх выбараў 2004 году. Назіральнікі дзейнічалі адкрыта і прафэсійна, нягледзячы на тое, што іх спробы зарэгістраваць сваю незалежную непартыйную арганізацыю па назіраньні за выбарамі былі адхіленыя ўрадам Беларусі. Год пазьней, вялікая група тых назіральнікаў зноўку зрабіла спробу зарэгістраваць сваю грамадзянскую ініцыятыву пад назвай "Партнэрства" – каб ажыцьцяўляць назіраньне за надыходзячымі выбарамі прэзыдэнта. Ім ізноў было адмоўлена ў афіцыйнай рэгістрацыі.

Два тыдні таму, 21 лютага, былі арыштаваныя некаторыя з тых грамадзкіх актывістаў. Спэцслужбы арганізавалі ператрусы ў іхных кватэрах і офісах.

КДБ абвінаваціў актывістаў у "паклёпе на прэзыдэнта і ў супрацьзаконнай дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі". У рамках маштабнай прапагандысткай кампаніі беларускія ўлады абвінавацілі "Партнэрства" у стварэньні падробленых вынікаў апытаньня на выхадзе з выбарчых участкаў (экзыт-полаў), а таксама ў намерах захопу ўладу гвалтоўным шляхам пасьля выбараў. Афіцыйнае абвінавачваньне было вынесена актывістам 3 сакавіка, і да сёньняшняга моманту яны застаюцца пад арыштам.

Старшыня рады дырэктараў НДІ, Мадлен Олбрайт, зрабіла наступную заяву:

(Олбрайт: ) "Нацыянальны дэмакратычны інстытут асуджае спробу беларускіх уладаў адмовіць сваім грамадзянам у рэалізацыі іх фундамэнтальнага права – зьдзейсьніць мірнае назіраньне за выбарамі прэзыдэнта 19 сакавіка.

Мы абураны нядаўнімі арыштамі грамадзкіх актывістаў і абвінавачваньнямі у адрас "Партнэрства", якое зацікаўлена толькі ў тым, каб спрыяць працэсу арганізацыі дэмакратычных выбараў і зьдзейсьніць мірнае назіраньне за гэтым працэсам.

Праз адмаўленьне рэгістраваць групы незалежных назіральнікаў і абмежаваньне іхнага доступу да дапамогі міжнародных арганізацый, Беларусь, дзяржава – сябар АБСЭ і ўдзельнік шэрагу міжнародных мэханізмаў па абароне правоў чалавека, парушае свае абавязкі.

Мы заклікаем урад Беларусі неадкладна вызваліць арыштаваных і даць ім магчымасьць бесьперашкодна працягнуць сваю законную дзейнасьць па назіраньні за выбарамі.

Ураду Беларусі ня варта чакаць павагі з боку міжнароднай супольнасьці, калі ён не зьбіраецца паважаць міжнародныя нормы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG