Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія кандыдаты ў прэзыдэнты плянуюць зьмяніць пэнітэнцыярную сыстэму?


Радыё Свабода У штабах кандыдатаў гэта высьвятляў карэспандэнт Свабоды.

Сяргей Гайдукевіч абяцае разабрацца з кожнай канкрэтнай справай, якая выклікае пытаньні.

(Гайдукевіч: ) “Любая справа, якая ў некага будзе выклікаць сумнеў, заўсёды ляжа на стол. Я буду глядзець. Я буду з усім разьбірацца, як гэта робіцца ва ўсім цывілізаваным сьвеце. Павінен быць падыход, не такі – рубануў з пляча, а законны”.

Беларусь сёньня ў лідэрах па колькасьці злачынстваў і асуджаных на душу насельніцтва. У вязьніцах больш за тры тысячы дырэктараў прадпрыемстваў, сказаў нядаўна Аляксандар Казулін. Кіраўнік ягонага штабу Мечыслаў Грыб лічыць, што ў пэнітэнцыярнай сыстэме павінны быць сур’ёзныя зьмены.

(Грыб: ) “Наагул, гэтую сыстэму, як ва ўсім цывілізаваным сьвеце, трэба было б забраць у Міністэрства ўнутраных спраў і перадаць яе міністэрству юстыцыі. Таму што той, хто ловіць злачынцаў, хто расьследуе злачынства і той потым кантралюе адбыцьцё тэрміну пакараньня. Гэта няправільна”.

Спадар Грыб кажа, што не абыдзецца і без амністыі. Будзе перагледжаны шэраг спраў.

(Грыб: ) “У першую чаргу вызвалім палітычных вязьняў. Яны павінны быць на волі. А потым трэба перагледзець і астатніх асуджаных: што і як”.

Спадар Грыб таксама абураецца, што Лукашэнка памілаваў Галіну Жураўкову, якая скрала мільёны даляраў.

Аляксандар Мілінкевіч заяўляе, што беларусы не злачынцы. Справа ў іншым.

(Мілінкевіч: ) “Гэта заканадаўства такое злачыннае, якое за дробныя парушэньні, а часта і бяз парушэньняў людзей заключае ў турму. Кары абсалютна не адпавядаюць злачынству. У той жа час злачынцаў, якія крадуць мільёны, вызваляюць. Мы гэта ведаем.”

Паводле спадара Мілінкевіча, у пэнітэнцыярнай сфэры патрэбна велізарная рэформа:

(Мілінкевіч: ) “Трэба зьмяніць інстытут караў, яны павінны адпавядаць злачынствам. Канешне, палітычных вязьняў у нас ня будзе. І мноства рашэньняў судоў будзем пераглядаць. Таму што ёсьць людзі незаконна асуджаныя. Хаця такой татальнай амністыі я не хацеў бы рабіць.”

Аляксандар Мілінкевіч зважае таксама на страшныя ўмовы ўтрыманьня вязьняў:

(Мілінкевіч: ) “Такое пачуцьцё, што галоўная мэта заключэньня ў турму – гэта прынізіць чалавека і фізычна яго зьнішчаць. Але, безумоўна, калі мы хочам адпавядаць крытэрам Эўропы, то нам прыйдзецца турмы і ўмовы ў іх значна паляпшаць. І гэта будзе зроблена. Таму што чалавек з турмы павінен усё ж выйсьці не абазьлённым, ня зьнішчаным псыхічна, а чалавек павінен застацца чалавекам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG