Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны друк пра Беларусь: “Там пануюць страх і надзея”


Радыё Свабода Падзеям у Беларусі прысьвяцілі артыкулы амэрыканская “Los Angeles Times”, брытанская “Independent”, нямецкая “Frankfurter Allgemeine Zeitung”.

Брытанская “Independent” друкуе артыкул “На выбарах у Беларусі прагназуюць фальсыфікацыі”. Газэта падае словы кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандра Мілінкевіча, які заклікае сваіх прыхільнікаў абараніць свой выбар на вуліцах і выступіць супраць фальсыфікацыі выбараў. “Independent” цытуе фрагмэнты выступу Аляксандар Мілінкевіча на сустрэчы з выбарнікамі ў Баранавічах, дзе ён прагназаваў, што Цэнтравыбаркам абвесьціць, што дзейны прэзыдэнт атрымаў каля 80 адсоткаў галасоў. “Тое, як вы галасуеце, ня мае ніякага значэньня для рэжыму, і толькі калі людзі выйдуць на вуліцы, нешта можа зьмяніцца”, – кажа Аляксандар Мілінкевіч. Брытанскае выданьне распавядае і пра другога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, якога зьбілі, калі ён паспрабаваў трапіць на Ўсебеларускі народны сход, і на якога цяпер заведзеныя крымінальныя справы за хуліганства.

Амэрыканская “Los Angeles Times” піша, што цяпер “у Беларусі пануюць страх і надзея”. “У Менску, дзе будынкі шэрыя, нябёсы пахмурныя, а сталінская архітэктура манумэнтальна цісьне, іншадумцы кідаюць выклік апошняй дыктатуры ў Эўропе, запальваючы сьвечкі і апранаючы джынсы”. “Los Angeles Times” падрабязна распавядае пра тое, як у Беларусі праходзяць дні Салідарнасьці зь сем’ямі палітвязьняў, зьніклых і рэпрэсаваных актывістаў. Паводле выданьня, у Беларусі пры Лукашэнку сфармаваўся адзін з найбольш рэпрэсіўных рэжымаў на тэрыторыі былога СССР, які прыроўнівае крытыку на свой адрас да крымінальнага злачынства. Аўтарка артыкулу Сэлеста Уоландэр, дырэктарка праграмаў вывучэньня Расеі і Эўразіі Цэнтра стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, піша, што “мы ня ведаем, ці асьмеляцца грамадзяне Беларусі выйсьці на вуліцы, ня ведаем, ці будуць акцыі пратэсту падаўленыя ўладамі, ня ведаем, калі ў гэтай краіне адбудзецца зьмена рэжыму, аднак мы павінны вітаць абуджэньне грамадзянскай актыўнасьці беларусаў пасьля доўгай сьпячкі страху”.

Нямецкая “Frankfurter Allgemeine Zeitung” паведамляе пра тое, што ўрадавыя і апазыцыйныя фракцыі Бундэстагу заклікаюць беларускае кіраўніцтва выконваць дэмакратычныя стандарты ў часе прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Паводле нямецкага выданьня, адпаведная заява, прысьвечаная Беларусі, будзе прынятая ў чацьвер на пленарным паседжаньні ў Бундэстагу. У заяве гаворыцца, што правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў стала б перадумовай таго, каб Беларусь стала на шлях дэмакратыі. Ініцыявалі заяву дэпутаты Манфрэд Грунд, Ута Цапф, Райндэр Штэенблёк і Міхал Георг Лінк. Дэпутаты заклікаюць, каб беларускі ўрад гарантаваў, што кандыдатаў і актывістаў іх ініцыятыўных групаў ня будуць перасьледаваць паводле палітычных матываў, піша “Frankfurter Allgemeine Zeitung”.
XS
SM
MD
LG