Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: “Гульня ў дэмакратыю скончылася”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Лукашэнка ўжывае цэнзуру супраць сваіх канкурэнтаў”, “Беларусь паўстане супраць дыктатара,” – такія загалоўкі маюць публікацыі, прысьвечаныя Беларусі, у сёньняшніх польскіх газэтах.

Польскія СМІ падаюць словы кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна, які заявіў у Кіеве, што незалежна ад вынікаў выбараў “Беларусь паўстане супраць дыктатара”.

У камэнтарах, аднак, адзначаецца, што беларускія ўлады моцна кантралююць сітуацыю ў краіне і добра падрыхтаваныя да магчымых акцыяў пратэсту, што нядаўна “спадар Казулін меў магчымасьць паспытаць на ўласнай асобе, калі быў зьбіты ў часе спробы ўзяць удзел ва ўсебеларускім сходзе”.

Мэдыі інфармуюць таксама пра цэнзуру на беларускім радыё ў выпадку двух апазыцыйных кандыдатаў Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча.

“Gazeta Wyborcza” піша, што выразаючы кавалкі з прамоваў сваіх канкурэнтаў, Аляксандар Лукашэнка “парушыў правілы гульні, якія сам жа ўсталяваў”.

“Менавіта ён пагадзіўся, каб апазыцыйныя кандыдаты маглі ў часе кампаніі два разы па паўгадзіны выступіць па радыё і тэлебачаньні. Між тым людзі Лукашэнкі ня толькі выразалі кавалкі з прамоваў апазыцыйных кандыдатаў, але яшчэ і пагражаюць тым, што кандыдатаў могуць пакараць за тое, што яны не сказалі”, – адзначае польскі штодзёньнік.

“Gazeta Wyborcza” адзначае, што непасрэдная прычына цэнзуры – вялікі розгалас ад мінулых выступаў кандыдатаў, а таксама тое, што на сустрэчы з Мілінкевічам і Казуліным пачалі прыходзіць шмат людзей.

“Гульня ў дэмакратыю скончылася. Сцэнар, які дазваляў захоўваць прынамсі выгляд цывілізаванай выбарчай кампаніі, ужо ня дзейнічае,” – напісала ў сёньняшнім нумары “Gazeta Wyborcza”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG