Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне сабатуюць рашэньні мясцовай адміністрацыі


Радыё Свабода Кожны з трох райвыканкамаў Віцебска вызначыў тыя месцы, дзе мусіць вісець наглядная агітацыя да прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак найчасьцей на вітрынах крамаў і на дошках аб’яў мясцовыя кіраўнікі разьмяшчаюць толькі чырвона-зялёныя плякаты з лёзунгам “За Беларусь!”

Кастусь Смолікаў, сябар ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, а таксама назіральнік пры выбарчай камісіі Чыгуначнага раёну, перш чым прапаноўваць матэрыялы пра кандыдата, заўсёды паказвае пісьмовае распараджэньне раённае адміністрацыі. Яшчэ 4-га студзеня Чыгуначны райвыканкам вызначыў месцы для разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў, але непасрэдныя кіраўнікі ўстановаў ды прадпрыемстваў не рызыкуюць разьмяшчаць агітацыю пра іншых кандыдатаў, апрэч Лукашэнкі.

(Смолікаў: ) “Асабіста мне дырэктар абласной бібліятэкі сказаў, што ў ягоных вітрынах плякат кандыдата Мілінкевіча вісець ня будзе, і што ўсякія распараджэньні райвыканкаму яму не цікавыя. Яшчэ кіраўнік аб’яднаньня “Веста” сказаў, што ні на воднай “вестаўскай” краме партрэт Мілінкевіча вісець ня будзе. І на пошце №1 на мяне як накінуліся! Спасылаліся на вышэйшае начальства ды казалі: “Вы партрэт хочаце вешайце, хочаце не вешайце, а мы яго ўсё адно здымем!”

Падобныя зьвесткі прыходзяць з розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Вось што распавёў Леанід Гаравы, сябар ініцыятыўнай групы Мілінкевіча з Гарадка.

(Гаравы: ) “У Гарадоцкім гарадзкім доме культуры дырэктар адмовіўся разьмясьціць матэрыялы, кажучы, што мы мусім прасіць на гэта дазвол у раённым аддзеле культуры і ў намесьніка старшыні райвыканкаму. У адказ на нашу прапанову скласьці пра гэта адпаведную заяву ён адмовіўся таксама. І ўвогуле: папрасіў нас зь яшчэ адным сябрам ініцыятыўнае групы Мілінкевіча пачакаць яго ў кабінэце, сам некуды выйшаў ды зьнік! У Гарадоцкім каледжы старшыня выбарчай камісіі спачатку прапанавала нам пакінуць матэрыялы, і мы павесілі там два буклеты пра Мілінкевіча, а праз 15 хвілін яны зьніклі.”

Як патлумачыла Валянціна Палянічка, старшыня камісіі на тым самым ўчастку, што месьціцца ў аграрным каледжы, разьмяшчаць дадатковую інфармацыю пра аднаго з кандыдатаў сябры камісіі палічылі некарэктным, бо на адпаведным стэндзе ўжо ёсьць 4 аднолькавыя аркушыкі з біяграфіямі ўсіх кандыдатаў.

Пра падобныя памкненьні да “карэктнасьці”, але ўжо ў Воршы, распавёў Алесь Шутаў, таксама сябар ініцыятыўнае групы Мілінкевіча.

(Шутаў: ) “У нас на чыгуначным вакзале стаялі 4 стэнды для матэрыялаў пра выбары, і там упарта вісеў толькі партрэт Мілінкевіча. Ніхто іншы не павесіў нічога туды! Вось яны стаялі-стаялі, а потым адміністрацыя вырашыла іх прыбраць увогуле, палічыўшы немэтазгоднымі. Так і Мілінкевіча не засталося, і стэнды прапалі”.

Мясцовыя прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча распавялі, што цяпер фотаграфуюць кожны стэнд, на якім разьмяшчаюць агітацыйныя матэрыялы, каб мясцовыя кіраўнікі з большай адказнасьцю ставіліся да друкаваных матэрыялаў, выдадзеных на бюджэтныя сродкі.

А вось віцебская ініцыятыўная група Аляксандра Казуліна ўвогуле пакуль не распаўсюджвае агітацыйныя матэрыялы. Пра гэта паведаміў кіраўнік Анатоль Гнеўка.

(Гнеўка: ) У нас такая тактыка – у апошні тыдзень. Хаця я лічу, што ягоны выступ па тэлевізіі ды іншыя дзеяньні – гэта куды лепшая наглядная агітацыя, чымсьці папяровая.”

Бадай што самым незвычайным чынам улёткі з партрэтам свайго кандыдата разьмяшчаюць віцебскія прыхільнікі Сяргея Гайдукевіча: адразу ў некалькі шэрагаў, прычым на адносна невялікай прасторы. Так, на аўтобусным прыпынку “Плошча Перамогі” можна ўбачыць 18 аднолькавых улётак, а на прыпынку “11-я школа” – адразу 112.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG