Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб апублікаваў кнігу палітычных успамінаў


Валер Каліноўскі, Менск У Вялікалуцкай друкарні Пскоўскай вобласьці 5-тысячным накладам выйшла кніга Мечыслава Грыба “Беларускі мост. Гісторыя, факты, падзеі”. Вядомы палітык піша пра падзеі з канца 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя да пачатку ХХІ стагодзьдзя, сьведкам якіх ён быў, разважае пра асаблівасьці лёсу, выказвае свае погляды, зазірае ў будучыню.

Мечыслаў Грыб вызначае жанр сваёй кнігі як палітычныя мэмуары: крытычны позірк Мечыслава Грыба спыняецца на праблемах і цяжкасьцях у жыцьці беларусаў ад паваеннай калектывізацыі ў заходніх рэгіёнах да перабудовы і атрыманьня незалежнасьці. Асаблівая ўвага надаецца стварэньню Канстытуцыі 1994 году, працы Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў, палітычнаму процістаяньню.

(Грыб: ) “Гэтая кніжка аб тым, што я перажыў, як я ставіўся да палітычных падзей, якія бачыў я звонку, як я стаўлюся да палітычных падзей, у якіх я сам прымаў удзел. Для падрыхтоўкі я выкарыстаў і свой асабісты архіў”.

Мечыслаў Грыб хацеў сваю кнігу надрукаваць у Беларусі. Але ў цяперашняй сытуацыі ўсе выдавецтвы яму адмовілі, што таксама зьяўляецца адметнай характарыстыкай часу:

(Грыб: ) “Тут ніякага крыміналу няма, але толькі адно маё імя, што я Мечыслаў Грыб, палохае выдавецтвы Беларусі выдаць маю кніжку. Яны кажуць, што калі мы гэта зробім, чакай нам назаўтра падатковай інспэкцыі і іншых органаў, нас закрыюць, нам дыхнуць ня дасьць ніхто”.

Мечыслаў Грыб зазначае, што назва ягонай кнігі –“Беларускі мост” скіраваная ў будучыню, бо Беларусь павінна стаць мостам паміж Эўропай і Расеяй. Спадар Грыб заўважае, што такі заклік гучыць і ў перадвыбарчых лёзунгах абодвух апазыцыйных кандыдатаў Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча.

(Грыб: ) “Зразумела, што гістарычная будучыня Беларусі – гэта Эўрапейскі Зьвяз. Але ні сёньня, ні заўтра, ні пасьлязаўтра там нас пакуль што не чакаюць. І мы не падрыхтаваныя туды пайсьці, каб там замацавацца. І я таксама лічу, што мы не павінны ўключацца ў склад Расеі. Адназначна. Мы павінны быць вольнай незалежнай краінай”.

Калі Беларусь стане дэмакратычнай і прававой, яна можа стаць залатым мостам і для свайго насельніцтва, – перакананы спадар Грыб.

(Грыб: ) “Прапановы, якія я раблю, рана ці позна, у гэтым годзе ці праз год, але яны адбудуцца ў нас. Проста людзі зразумеюць, што гэта самы аптымальны варыянт – быць сувэрэннай незалежнай краінай, сябраваць з заходнімі краінамі, усходнімі краінамі”.
XS
SM
MD
LG