Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча з выбарцамі – несанкцыяваны мітынг?


Радыё Свабода, Магілёў Сустрэчу магілёўцаў зь даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча Сяргеем Калякіным міліцыянты назвалі несанкцыянаваным мітынгам.

У Магілёве ў цэнтры гораду прайшла сёньня сустрэча выбарцаў з даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча Сяргеем Калякіным.

Паслухаць вядомага палітыка прыйшло больш як сто пяцьдзесят магілёўцаў. Сустрэча выклікала пільную цікавасьць кіраўнікоў Ленінскага раённага аддзелу міліцыі, якія назвалі яе несанкцыянаваным мітынгам.

Напярэдадні кіраўнік абласнога штабу Ўладзімер Шанцаў зьвярнуўся ў Гарвыканкам і паведаміў, што яны зьбіраюцца правесьці сустрэчы з давернай асобай Аляксандра Мілінкевіча ў працоўных калектывах і вышэйшых навучальных установах. Аднак яму патлумачылі, што, паводле рашэньня гарвыканкаму сустрэчы можна праводзіць толькі ў гарадзкім Доме культуры альбо ў адкрытым акцыянэрным таварыстве "Задняпроўе".

Паводле Сяргея Калякіна, сустрэчы з выбарцамі на ўскрайку гораду не адпавядаюць выбарчаму заканадаўству.

“Можа ў лесапаркавай зоне прызначаць”,– ягоныя словы выклікалі сьмех удзельнікаў сустрэчы.

У цэнтры гораду мінакам раздавалі ўлёткі Аляксандра Мілінкевіча. Выбарцы задавалі пытаньні пра кантракты, лёс зьніклых палітыкаў, правамоцнасьць прэзыдэнцкага фонду, пэрспэктывы празрыстых і дэмакратычных выбараў.

Два міліцыянты спрабавалі спыніць сустрэчу, але Сяргей Калякін паказаў пасьведчаньне даверанай асобы, людзі выказалі свой пратэст, і яны мусілі пайсьці. Але ўжо пасьля заканчэньня сустрэчы, калі магілёўцы разышліся, Сяргея Калякіна і Ўладзімера Шанцава спынілі некалькі палкоўнікаў міліцыі на чале з начальнікам Ленінскага райаддзелу міліцыі спадаром Сямёнавым. Ім прад''явілі абвінавачаньне ў правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу і патрабавалі, каб яны праехалі зь імі.

Паводле Ўладзімера Шанцава, яны прасядзелі ў раённым аддзеле міліцыі дваццаць хвілінаў і, не дачакаўшыся міліцыянтаў, самастойна пакінулі памяшканьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG