Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы зьявіліся рэклямныя шчыты па-беларуску (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы зьявіліся рэклямныя шчыты (білбарды) на беларускай мове, якія інфармуюць беларусаў аб тым, што яны маюць права на свабоду слова, а ў часе выбараў могуць галасаваць таксама за іншых кандыдатаў, акрамя дзейнага кіраўніка краіны.

Агулам каля 200 вялікіх білбардаў з надпісамі “Беларусь. Выбары 2006” “Свабодны доступ да інфармацыі – права кожнага беларуса”, “Ці ты добра ведаеш кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта сваёй краны?”, зьявіліся на аўтастрадах, якія вядуць да польска-беларускай мяжы, у гарадах усходняй Польшчы, якія часьцей за ўсё наведваюць беларусы. Некалькі рэклямных шчытоў зьявіліся таксама і ў Варшаве.

Якуб Міхалоўскі – адзін з каардынатараў ініцыятывы “Вольная Беларусь” – арганізацыі, якая наладзіла гэтую беспрэцэдэнтную акцыю – кажа, што яе мэтай не было агітаваць за нейкага канкрэтнага кандыдата.

(Міхалоўскі: ) “Мы хочам паказаць беларусам, што сьвет імі цікавіцца і што тое, што ў іхнай краіне так абмяжоўваецца права на доступ да незалежнай інфармацыі – гэта няправільна. Акрамя гэтага, ня ўсе беларусы ведаюць, што акрамя Лукашэнкі ёсьць іншыя кандыдаты. Можа гэта зьменіцца.

Ну і яшчэ, калі беларус едзе ў Польшчы па шашы і бачыць білбард на сваёй мове, скіраваны толькі да яго, гэта важна. Калі б я нешта такое пабачыў у Нямеччыне ў 1988 годзе, дык напэўна быў бы ўзрушаны ды падумаў, ёсьць жа прычына, чаму гэта робіцца.

На плякатах намаляваны сапраўдны беларускі сьцяг бела-чырвона-белы, але выявы ніводнага кандыдата няма. Некаторыя з нашых сяброў настойвалі, каб там быў кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў, але пасьля доўгіх дыскусіяў мы адмовіліся ад гэтай ідэі”.

Некалькі плякатаў разьмешчаныя і недалёка ад будынку беларускай амбасады ў Варшаве – Якуб Міхалоўскі кажа, што гэта было зроблена наўмысна...

(Міхалоўскі: ) “Мы плянавалі выкупіць месца для бігбордаў там, дзе іх могуць пабачыць найбольш беларусаў – на вакзалах, на дарогах да памежных пераходаў, на базарах, каля гандлёвых цэнтраў, кірмашоў ну і, натуральна, амбасады, бо там бываюць шмат беларусаў”.

Падобная акцыя адбываецца ў Польшчы ўпершыню.

Гл. таксама • З шчытоў на шашы Менск-Масква зьнікла рэкляма Мілінкевіча
XS
SM
MD
LG