Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці атрымалі дэлегаты Ўсебеларускага сходу тэлевізары ад Лукашэнкі?


Радыё Свабода Сёньня на пытаньні слухачоў Радыё Свабода адказваюць прэсавыя сакратары адміністрацыі прэзыдэнта Павал Лёгкі і Савету Міністраў Аляксандар Цімашэнка, дэлегатка Ўсебеларускага народнага сходу, а таксама кіраўнік штабу Аляксандра Казуліна юрыст Мечыслаў Грыб.

(Слухач: ) “Адкажыце, калі ласка: ці будуць прысутнічаць заходнія назіральнікі пры падліку галасоў ва ўсіх участковых камісіях. Бо такім, як расяянін Грызлоў і падобным да яго, веры ў нас няма. А хацелася б ведаць праўду пра галасаваньне”.

Адказвае супрацоўнік Цэнтравыбаркаму:

(Супрацоўнік: ) “Не, канечне. Іх будзе, да прыкладу, тысяча, а ўчасткаў у нас больш за 6 тысяч”.

* * *

(Спадарыня: ) “На сход былі выбраны найлепшыя прадстаўнікі калектывамі. Казуліна — нявыхаванага, грубіяна — ніхто не запрашаў на сход. І чаго ён пайшоў з такімі самымі бунтарамі?”

Адказвае кіраўнік ініцыятыўнай групы, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, юрыст Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “У адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”, у адпаведнасьці з артыкулам 8, “Удзельнікі сходу выбіраюцца працоўнымі калектывамі і грамадзянамі на сходах, вышэйшымі органамі палітычных партыяў, прафсаюзаў, рэлігійных арганізацыяў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія прадстаўляюць усе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі Рэспублікі Беларусь”. І ў адпаведнасьці з гэтым законам мы 25 лютага мы на юбілейным зьезьдзе партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай “Грамады”, вылучылі на сход мяне, Казуліна, Фралова, Знаўца і Кабанчук. Усё ў нас ёсьць — і пратаколы, і выпіскі, і мы ў адпаведнасьці з законам і пайшлі. Але чамусьці склад дэлегатаў сходу фармаваўся не на падставе закону, а паводле ўказу прэзыдэнта. Тым ня менш, нікога нікуды не пусьцілі, пабілі сярод белага дня і выкінулі з будынку”.

* * *

(Спадарыня: ) “Добры дзень, дарагое Радыё Свабода! Я хацела б вам расказаць, што на самай справе кожны член, наведнік так званага Ўсебеларускага сходу атрымаў вялікі падарунак ад прэзыдэнта за нашыя ж грошы: тэлевізар, гарэлку “Зуброўку”, нейкую прэзыдэнцкую гарэлку, ікру чырвоную, чорную і нешта яшчэ. Пра гэта мне расказаў чалавек, які асабіста сам там прысутнічаў. Праверце, калі ласка, гэтую інфармацыю, бо вельмі цікава”.

Адказвае прэсавы сакратар Савету Міністраў Аляксандар Цімашэнка:

(Цімашэнка: ) “На жаль, не змагу адказаць на гэтае пытаньне, бо на сходзе я не прысутнічаў. Я пра гэта ня ведаю. Лепш, канечне, у адміністрацыю зьвяртацца, паколькі гэтае мерапрыемства было з удзелам кіраўніка дзяржавы, то і пытаньне да іх”.

Адказвае кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі:

(Лёгкі: ) “Я ня быў удзельнікам сходу, у мяне ня было статусу дэлегата, таму нічога ня ведаю з гэтай нагоды. Пытайцеся ва ўдзельнікаў. Можа, я чаго і ня ведаю. Але, прынамсі, мне пра гэта нічога не вядома”.

Адказвае дэлегатка 3-га Ўсебеларускага народнага сходу, якая адмовілася называць сваё імя:

(Спадарыня: ) “Я пацьвярджаю, я была дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, нам усім давалі ад прэзыдэнта падарункі, “Зуброўку”, чырвоную і чорную ікру, а таксама тэлевізар. Нас кожны дзень кармілі ў рэстаранах, было вельмі шыкоўнае мэню, замаўлялі ўсё, што кожны хацеў”.
XS
SM
MD
LG