Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін у Кіеве: “Беларусь паўстане супраць дыктатара”


Юры Сьвірко, Кіеў Сёньня ў Кіеве, куды ён заехаў на шляху ў Нямеччыну, кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін даў прэсавую канфэрэнцыю, на якой зьвярнуўся да грамадзянаў Беларусі з заклікам выйсьці на вуліцы ў дзень выбараў 19 сакавіка.

Спадар Казулін заявіў, што на беларускай землі стагодзьдзямі пралівалася кроў продкаў і ён ня хоча, каб кроў пралілася ізноў, але "ўлада на выбарах спадзяецца колькі на сілавы сцэнар".

Паводле кандыдата, беларускія спэцслужбы ўжо знаходзяць нібыта запоўненыя апазыцыяй пратаколы галасаваньня, а неўзабаве пачнуць знаходзіць склады зброі й баевікоў.

Аляксандар Казулін заклікаў усіх грамадзян Беларусі не паддавацца на правакацыі й не распачынаць канфлікты зь сілавікамі, а, цытую, “несьці кветкі й паіць гарбатай сваіх жа дзяцей у спэцназаўскай форме”.

“Беларусь у любым выпадку паўстане супраць свайго дыктатара”, – заявіў у Кіеве спадар Казулін і дадаў, што рэальная падтрымка Аляксандра Лукашэнкі складае толькі 30 %.

Аляксандар Казулін сказаў пра “міт аб адзіным кандыдаце” ад апазыцыі, але зазначыў, што сёньня няважна, хто стане прэзыдэнтам – Казулін ці Мілінкевіч, – галоўнае, каб не Лукашэнка.

Спадар Казулін даваў прэс-канфэрэнцыю ў офісе партыі “Пара”, вядомай як галоўны арганізатар кіеўскага Майдану, таму спрагназаваў, што гэта будзе падавацца ў беларускай прэсе як тое, што “Казулін нясе рэвалюцыю ў Беларусь”.

Ён таксама паведаміў, што Аляксандар Лукашэнка рыхтуе на царскі трон свайго сына Віктара, а абодва сыны спадара Лукашэнкі, паводле былога рэктара БДУ, дзе яны вучыліся, “яшчэ горшыя за самога бацьку”.
XS
SM
MD
LG