Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчукіна пазбавілі і права выбіраць, і права назіраць


Радыё Свабода, Віцебск Вядомы журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін напісаў у ЦВК скаргу на дзеяньні старшыні віцебскай ўчастковай камісіі № 52 спадарыні Шубінай, якая аддала загад выдаліць ягонае прозьвішча з выбарчых сьпісаў. Цэнтарвыбаркам палічыў гэты загад слушным, тым самым, паводле Валерыя Шчукіна, пазбавіўшы яго права ўзяць удзел ў галасаваньні, а таксама ў назіраньні за выбарамі, бо ён меўся стацца назіральнікам на тым самым выбарчым участку № 52.

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі лічыць, што Валеры Шчукін, які ня мае віцебскай прапіскі, ня можа быць залічаны ў сьпісы выбарцаў. Ейнае меркаваньне падтрымаў і ЦВК, як гэта вынікае зь пісьмовага адказу, атрыманага спадаром Шчукіным.

Між тым яшчэ два гады таму, гэтаксама ня маючы тутэйшай прапіскі, ён галасаваў на парлямэнцкіх выбарах менавіта на гэтым участку, і тут жа выконваў функцыі назіральніка. Апроч гэтага, тады Валеры Шчукін распаўсюджваў у Першамайскім раёне Віцебску ўлёткі з заклікам не хадзіць на датэрміновае галасаваньне, і атрымаў за гэта 10 сутак арышту.

На ягоную думку, грамадзкая актыўнасьць у часе выбараў 2004-га году і сталася падставаю, каб выкрасьліць яго са сьпісу выбарцаў цяпер, заадно пазбавіўшы яго і права быць назіральнікам у межах абласнога цэнтру.

Спадар Шчукін лічыць такое стаўленьне да сябе з боку участковай камісіі і ЦВК “палітычным перасьледам”.
XS
SM
MD
LG