Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі ты дурны, то можаш браць кулямёты і гранаты"


Радыё Свабода, Гарадзенская вобласьць На актывіста з каманды Мілінкевіча завялі крымінальную справу. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча ў Шчучыне Сяргей Ляшкевіч чакае прад’яўленьня абвінавачаньняў па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу — гэта “навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках”. Два дні Сяргея Ляшкевіча трымалі ў сьледчым ізалятары, цяпер жа па хадайніцтве адваката выпусьцілі на волю.

Сяргея Ляшкевіча затрымалі яшчэ ў мінулы чацьвер, калі ён выходзіў з дому і ішоў у пракуратуру. Сьледчы шчучынскай міліцыі старшы лейтэнант Іван Новікаў прад’явіў пастанову, у якой гаварылася, што нехта Аляксандар Бурдзей зьявіўся з павіннай, на падставе якой і завялі крымінальную справу.

Пра прызнаньні Бурдзея ня ведае ні Сяргей Ляшкевіч, ні ягоны адвакат. Тым ня менш, у той самы дзень у Сяргея Ляшкевіча зрабілі ператрус, сканфіскавалі кампутар, архіўныя паперы і прад’явілі пастанову аб затрыманьні на 72 гадзіны.

Сяргей Ляшкевіч ведае Бурдзея і лічыць, што той, магчыма, правакатар. Ён папрасіўся ў ініцыятыўную групу яшчэ на самым пачатку выбарчай кампаніі й вельмі часта рабіў рызыкоўныя заявы:

(Ляшкевіч: ) “Неаднаразова казаў, што хоча ўдзельнічаць у мітынгах у Менску і пры гэтым заўсёды пытаўся: што з сабой туды браць — зброю ці бутэлькі з бэнзінам. На такія пытаньні я яму адказваў: калі ты дурны, то можаш браць кулямёты і гранаты. Напэўна, з гэтага і была зроблена выснова, што я яго рыхтаваў да ўдзелу ў масавых беспарадках”.

Сяргей Ляшкевіч таксама даведаўся, што на Аляксандра Бурдзея завялі крымінальную справу па факце крадзяжу. Ён думае, што менавіта пасьля гэтага Бурдзей зрабіў свае прызнаньні.

У міліцыі Сяргею Ляшкевічу сьледчы не задаваў ніякіх пытаньняў. Ляшкевіч заявіў сьледчаму, што абвінавачаньні, якія фігуруюць у крымінальнай справе, беспадстаўныя.

Празь дзесяць дзён з дня затрыманьня Сяргею Ляшкевічу павінны прад’явіць абвінавачаньні. Сам ён думае, што абвінавачаньняў яму не прад’явяць.

(Ляшкевіч: ) “Я сумняваюся, што абвінавачаньні мне будуць прад’яўлены, паколькі фактаў ніякіх няма з таго, што ў мяне ўзялі на кватэры, і што магло б даказваць маю віну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG