Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабравольскі: "Лукашэнка баіцца нават уласнага ценю"


Радыё Свабода У выбарчых штабах апазыцыйных кандыдатаў камэнтуюць хвалю рэпрэсіяў супраць моладзевых апазыцыйных актывістаў. Прадстаўнікі выбарчых штабоў Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна, а таксама праваабаронцы лічаць, што ўзмацненьне рэпрэсіяў супраць моладзі, якая актыўна ўдзельнічае ў агітацыйнай кампаніі, — сплянаваная акцыя ўладаў.

На іх думку, нягледзячы на акцыі застрашваньня маладых актывістаў, усталяваць татальны кантроль над апазыцыйнымі асяродкамі ўладам ня ўдасца.

Намесьнік кіраўніка выбарчага штабу Мілінкевіча Аляксандар Дабравольскі крымінальныя і адміністрацыйныя справы супраць шэрагу моладзевых апазыцыйных актывістаў тлумачыць страхам, які апанаваў уладу.

(Дабравольскі: ) “Трэба было паглядзець на Лукашэнку, калі ён выступаў на закрыцьці так званага Ўсебеларускага сходу, каб зразумець, што ён баіцца нават уласнага ценю. Ён апраўдваўся, казаў, што ноччу да яго нейкія прывіды прыходзяць. Проста шалёны страх. І яны хочуць, каб усе, хто хоць што-небудзь можа зрабіць для пераменаў, былі пад кантролем. Я ўпэўнены, што гэта адзіная і галоўная прычына. А тое, што гэта ня ўдасца зрабіць, таксама відавочна. Бо ўсіх ня выкрыеш, не пасадзіш, не запалохаеш. Гэта марная справа”.

Сябра выбарчага штабу Аляксандра Казуліна Анатоль Ляўковіч лічыць гэтую акцыю загадзя падрыхтаванай:

(Ляўковіч: ) “Улада працуе сыстэмна. Яна ўпарадкавана зьбірае тых, хто можа весьці гэтую кампанію. Уладзе трэба паказаць, што ідзе кампанія, але сама кампанія ёй не патрэбная. Хацеў бы адзначыць, што ўлада ўжо ня можа спыніць гэтага працэсу. Гэта дэманструюць тыя падзеі, што цяпер адбываюцца ў Беларусі. Інфармацыйная хваля пра кандыдатаў, пра тое, што адбываецца, прайшла ўжо ня толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Таму спыніць гэты працэс немагчыма. Іншая рэч, што ўлада хоча звузіць гэты працэс. Каб ён быў меншы”.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што ва ўладаў ёсьць распрацаваны плян нэўтралізацыі грамадзка-палітычнай актыўнасьці:

(Бяляцкі: ) “Ёсьць распрацаваны плян нэўтралізацыі грамадзка-палітычнай актыўнасьці. І цалкам натуральна, што пад гэтую мятлу яшчэ сталінскай вытворчасьці трапляюць актывісты сярэдняга зьвяна, моладзь — тыя, хто цяпер рэальна займаецца і выбарчай кампаніяй, і распаўсюдам інфармацыі. Таму з гледзішча сытуацыі сёньняшняга дня нічога дзіўнага няма. Улады парушаюць і беларускае выбарчае заканадаўства, і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь”.

Алесь Бяляцкі таксама выказаў меркаваньне, што ўладам наўрад ці ўдасца цалкам нэўтралізаваць моладзевых актывістаў.
XS
SM
MD
LG