Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарункі, падрыхтаваныя для беларускіх алімпійцаў, дасталіся расейцам


Радыё Свабода Сёньня Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі ўганараваў каманду беларускіх фрыстайлістаў, якія трэцюю Алімпіяду запар прыносяць мэдаль у агульнакамандную скарбонку. Выступы ў Турыне прадстаўнікоў астатніх відаў спорту прызнаны нездавальняючымі.

Граматамі і каштоўнымі падарункамі былі адзначаныя срэбраны прызэр ХХ алімпійскіх гульняў Дзьмітры Дашчынскі, а таксама фрыстайлісты, якія спыніліся побач з п’едэсталам гонару — Аляксей Грышын і Асоль Сьлівец — яны занялі адпаведна чацьвертае і пятае месцы. Гэтаксама быў уганараваны галоўны трэнэр каманды ў фрыстайле Мікалай Казека.

На гэтым ліміт сьвяточнасьці быў вычарпаны. Рэшту часу прысьвяцілі аналізу няўдалых выступаў беларусаў на Алімпіядзе ў Турыне.

Так, першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Генадзь Аляксеенка сказаў, што ад часу выступы беларусаў самастойнай камандай вынікі толькі засмучаюць. Страціўшы навукова-мэдычную базу Савецкага Саюзу, да адпаведнага ўзроўню забесьпячэньня спартовых патрэбаў Беларусь так і не ўзьнялася, лічыць віцэ-прэзыдэнт.

Міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў працягнуў думку на прыкладзе лыжніка Сяргея Далідовіча, на якога спадзяваліся, але “не ўбераглі”.

(Грыгараў: ) “Тут бачу адну істотную праблему. І тычыцца яна ня толькі лыжных гонак, а многіх відаў спорту. Гэта — няякаснае навуковае забесьпячэньне, а ў асобных выпадках — малапрафэсійная праца лекараў. У тых жа лыжных гонках было набытае адпаведнае абсталяваньне, але, на жаль, лекары ня справіліся з пастаўленай перад імі задачай. Ня ведаю, зь якіх прычынаў, бо пакуль не сустракаўся з галоўным трэнэрам. Але на заключны этап ня быў накіраваны спэцыяліст, які мусіў зрабіць біяхімію. Як вынік, перанэрваваўся спартовец, і было прынятае рашэньне выправіць яго ў Менск дзеля аднаўленьня”.

Тым ня меней міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў лічыць, што праграма-мінімум у Турыне выкананая.

Праўда, прэзыдэнт НАК у часе выступу на ІІІ Усебеларускім народным сходзе адзначыў сваё бачаньне працэсаў у беларускім спорце. Паводле Лукашэнкі, выдаткі на падрыхтоўку алімпійцаў несувымерныя з вынікамі.

Ёсьць зьвесткі, што на падрыхтоўку нацыянальнай беларускай каманды было патрачана каля трох мільёнаў даляраў.

Заваяваная адна алімпійская ўзнагарода — вельмі малая аддача. У гэтым зьвязку, як паведаміў першы намесьнік Лукашэнкі ў алімпійскім камітэце Генадзь Аляксеенка, ужо днямі адбудуцца сур’ёзныя размовы ў спартовых фэдэрацыях, пасьля чаго вінаватыя за “дэградацыю” асобных спартовых дысцыплінаў будуць выкліканы на калегію Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Нарэшце, пры канцы сакавіка ці ў сярэдзіне красавіка (залежна ад вынікаў першага туру прэзыдэнцкіх выбараў) мусіць адбыцца алімпійскі сход з удзелам прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта ён вырашыць, каго караць, а каму даць магчымасьць выправіцца.

Дарэчы, як расказаў сёньня міністар спорту Аляксандар Грыгараў, прывезеныя ў Турын каштоўныя падарункі на выпадак уганараваньня беларускіх пераможцаў давялося аддаць расейцам, якія аказаліся сярод лідэраў мэдалёвай гонкі. Паводле Грыгарава, прызы ўручаліся расейскім алімпійцам ад імя Аляксандра Лукашэнкі.

“Паколькі мы будуем саюзную дзяржаву, то гэта цалкам лягічна”, — рэзюмаваў спадар Грыгараў.

Між тым ён усё ж выказаў спадзяваньне, што праз два гады ў Пэкіне нагодаў да радасьці ў беларускіх заўзятараў будзе больш.
XS
SM
MD
LG