Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Арыштаваны наклад “Народнай Волі", прысьвечаны падзеям 2 сакавіка


Радыё Свабода У Віцебскай вобласьці арыштаваны чарговы нумар “Народнай Волі”. Незалежнае выданьне затрымалі супрацоўнікі ўнутраных справаў Віцебшчыны пры перавозцы газэты ў Менск з друкарні Смаленску. Кіраўніцтва абласной управы міліцыі заявіла, што падставай для затрыманьня стала парушэньне выбарчага заканадаўства. Галоўны рэдактар “Народнай Волі” абвяргае гэтыя заявы і дамагаецца вяртаньня газэты.

Затрыманы нумар “Народнай Волі” выйшаў накладам 250 тысяч асобнікаў. Загаловак на першай паласе вызначыў зьмест усяго нумару: “2 сакавіка, Менск, “Усебеларускі народны хапун”. Артыкулы пад назваю “Чорны чацьвер”, “Стралялі”, а таксама шматлікія фатаздымкі паведамляюць падрабязнасьці падзеяў зьбіцьця Аляксандра Казуліна і сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі. Газэта надрукавала поўны выступ Аляксандра Казуліна, які быў скарочаны падчас трансьляцыі на першым канале БТ. Зьмест нумару і стаў сапраўднай прычынай затрыманьня “Народнай Волі”, кажа галоўны рэдактар выданьня Іосіф Сярэдзіч.

(Сярэдзіч: ) “Як толькі перавозчыкі зьявіліся на мяжы, мытнікі і жартам, і ўсур’ёз сказалі: ужо доўгі час мы вас чакаем, а вас усё няма і няма. Вядома, што гэта справа ня толькі Віцебскай абласной міліцыі. Сёньня ўключылася ўся сыстэма — каб ніводзін радок вольнай прэсы не прайшоў”.

Паводле спадара Сярэдзіча, намесьнік кіраўніка ўнутраных справаў па Віцебскай вобласьці Сяргей Іваноў заявіў, што прычынай арышту “Народнай Волі” сталася, нібыта, парушэньне выбарчага заканадаўства — тое, што газэта ўдзельнічала ў агітацыі за пэўных кандыдатаў. Аднак кантраляваць законнасьць выбарчай кампаніі мусіць выключна Цэнтравыбаркам і мясцовыя камісіі, кажа юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “Наагул міліцыя ня мае права нават складаць пратаколы паводле гэтых артыкулаў — парушэньне выбарчага заканадаўства, ці заканадаўства аб друку. Больш за тое, няма такой меры, як канфіскацыя прадукцыі. Тое, што мы бачым, гэта, па-першае, выхад за межы сваёй кампэтэнцыі з боку міліцыі. А па-другое, няма ў законе забаронаў на друкаваньне ў недзяржаўнай прэсе матэрыялаў, якія тычацца выбарчай кампаніі, у тым ліку агітацыйных матэрыялаў”.

Як паведаміў рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч, па факце затрыманьня газэты ён зьвярнуўся ў Цэнтравыбаркам, да гэнэральнага пракурора, у Міністэрства ўнутраных справаў, а таксама ў іхныя ўправы ў Віцебскай вобласьці, але адказу пакуль не атрымаў. Рэдакцыя тым часам рыхтуе новы нумар, дзе мае перадрукаваць большасьць матэрыялаў арыштаванага нумару.
XS
SM
MD
LG