Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прыкра, сумна і сорамна за нас, беларусаў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Амаль усе шматлікія лісты апошняга тыдня — на тэму выбарчай кампаніі ў Беларусі. Ці застаюцца яшчэ шанцы, што падлік галасоў 19 сакавіка будзе сумленным і справядлівым? Якая будучыня чакае Беларусь пасьля выбараў? Ці выйдуць людзі 20 сакавіка на плошчу ў Менску, каб выказаць сваё стаўленьне да афіцыйных вынікаў, абвешчаных Цэнтравыбаркамам? Пра гэта лісты, якія я адабраў для сёньняшняй размовы.

Пачну зь ліста ад нашага даўняга слухача і аўтара Васіля Валошкі з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну:

“Некаторыя слухачы “Свабоды” прапануюць, каб Мілінкевіч і Казулін зьнялі свае кандыдатуры. Я лічу, што рабіць гэта нельга. Хаця б дзеля таго, каб іхныя галасы і праўдзівую інфармацыю пачулі па радыё і тэлебачаньні многія людзі. І дзеля гэтага варта ісьці да канца. Схіляю галаву перад іхнай мужнасьцю. Няхай апякуецца імі Пан Бог. Многія, вядома, ня хочуць іх слухаць. Але, мяркую і да такіх людзей з часам многае дойдзе. Мяне ўразілі словы Гайдукевіча, які сказаў, што Казуліну павінна быць сорамна выйсьці на вуліцу пасьля такога выступу. Хацелася б спытаць у спадара Гайдукевіча: “А вам ня сорамна выходзіць на вуліцу пасьля таго, што вы зрабілі з “Народнай Воляй”? Ня сорамна выконваць на выбарах такую ролю? Хоць, зрэшты, гэта — ня роля ваша, а сутнасьць”.

У сваім лісьце Васіль Валошка таксама піша пра тое, як улады могуць выкарыстаць на сваю карысьць датэрміновае галасаваньне. Зноў цытую ліст:

“Часам чую па “Свабодзе”: маладое пакаленьне ня мае настальгіі па мінулым і зробіць уласны выбар. Але ж вы ўлічыце, што амаль усе яны, нягледзячы на свае погляды, будуць гвалтам загнаны на ўчасткі за некалькі дзён да 19 сакавіка. Бо хто хоча страціць месца ў ВНУ ці каледжы? Гэтак жа абыдуцца з большасьцю рабочых і служачых. Ну, а бабулькі самі пабягуць у першы ж дзень датэрміновага галасаваньня, такая ў іх псыхалёгія. Самым галоўным у гэтай выбарчай кампаніі я лічу ня выхад людзей на плошчу, а падлік людзей, якіх прымусяць прагаласаваць датэрмінова. Думаю, вынік будзе ашаламляльным. Магчыма нават, што датэрмінова прагаласуе большасьць”.

Васіль Валошка таксама дакарае нас за тое, што мы даем месца ў сваім эфіры ўсім кандыдатам на пасаду прэзыдэнта.

“Я ведаю, вы скажаце, што “Свабода” — незалежнае радыё, і таму вы ў аднолькавай ступені гаворыце пра ўсіх. Але ж ваша радыё — гэта ў нейкай ступені ваш дом. А ў свой дом, калі ў ім жывуць прыстойныя людзі, не запрашаюць абы-каго. Дык чаму вы даяце слова Гайдукевічу? Няўжо ня бачыце, якую ролю ён выконвае ў гэтай кампаніі?”

Я, спадар Валошка, ужыў бы іншае параўнаньне. Радыё, як і любы іншы сродак масавай інфармацыі, калі толькі ён сумленна выконвае сваю прафэсійную місію, гэта ня дом, куды запрашаюць толькі тых, каго прыемна бачыць; гэта люстэрка, якое павінна адлюстроўваць сьвет, падзеі, людзей такімі, якія яны ёсьць. Людзі, ведаючы поўную і аб’ектыўную інфармацыю пра ўсіх кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, здольныя самі разабрацца ў сутнасьці гэтых асобаў, іх сапраўдных ролі і мэтах.

Аўтар наступнага ліста — Марыя Тананка зь вёскі Залесьсе Смаргонскага раёну:

“Аляксандар Лукашэнка застаецца на найвышэйшай пасадзе ўжо дванаццаць гадоў. А калісьці ж, прымаючы Канстытуцыю, усе пагаджаліся, што трэба пераняць досьвед цывілізаваных краінаў і не дапускаць, каб чалавек заставаўся на гэтай пасадзе больш за два тэрміны (гэта значыць, дзесяць гадоў). Але ў нас закон, як дышла… Што нам той шлягбаум. Можна ж абысьці яго, пералезьці, а то і зусім перакуліць. А цяпер у нас усё адладжана. У камісіях — адборныя, правераныя таварышы. А ўжо як можна размахнуцца падчас датэрміновага галасаваньня, то і гаварыць няма чаго. А назіральнікі няхай сабе зыркаюць — у іх бок ніхто і галавы не паверне. У іх свая кампанія, у нас — свая.

Глядзіш на ўсё гэта, і неяк прыкра, сумна і сорамна робіцца за Беларусь і беларусаў. Гэта ж абражае народ, нацыю. Няўжо мы так зьбяднелі, вырадзіліся, што зь дзесяці мільёнаў толькі адзін такі самародак, якому няма і блізка роўнага, няма замены? Навошта тады далдоніць, што беларусы — народ кемлівы, працавіты, таленавіты, адукаваны. Ці да дабра ўсё гэта?”

Такія ж пытаньні, спадарыня Тананка, задаюць сабе сёньня тысячы неабыякавых людзей, якія сумленна спрабуюць разабрацца ў тым, чаму беларускае грамадзтва выбрала такі шлях, і чаму не прыкладае дастатковых намаганьняў, каб у краіне адбыліся зьмены. Але на пытаньні гэтыя кожны павінен адказваць самастойна. Абагулены адказ гучыць і банальна, і непераканаўча.

Пра тое, як супрацьстаяць фальсыфікацыям падчас выбараў, разважае ў сваім лісьце Мікалай Галямпольскі зь вёскі Дворышча Лідзкага раёну:

“Лукашэнка цяпер спакойны і ўпэўнены ў сваёй перамозе. За гады ягонага кіраваньня мэханізм выбараў распрацаваны дасканала. У выбарчыя камісіі падабраны людзі, якія цалкам залежныя ад адміністрацыі. Звычайна раённую камісію ўзначальвае супрацоўнік райвыканкаму. І нарады ўчастковых камісіяў праводзяць звычайна райвыканкамаўскія работнікі, а ня выбраныя ў раённую камісію асобы. Ва ўчастковых камісіях падбіраюцца ў асноўным людзі сумленныя. Іх задача — каб выбары адбыліся, таму яны стараюцца дайсьці да кожнага выбарца. Якія будуць вынікі, іх не хвалюе, у гэтым яны нэўтральныя. Калі і ёсьць там адпаведным чынам апрацаваныя асобы, то адна-дзьве, ня больш. Абвінавачваць у фальсыфікацыях участковыя камісіі, мне здаецца, несправядліва. Гэта робяць у іншым месцы, вышэй”.

Далей у сваім лісьце Мікалай Галямпольскі выказвае ўласны пункт гледжаньня на тое, як зрабіць падлік галасоў сумленным. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“На кожным выбарчым участку павінен быць прадстаўнік кандыдата. Ён зможа атрымаць вынікі падліку адразу пасьля падпісаньня пратаколаў і перадаць іх у штаб. Далей — трэба паставіць пад кантроль колькасьць аддрукаваных, атрыманых і пагашаных бюлетэняў: тут таксама шмат злоўжываньняў. І, нарэшце, кантроль за раённай выбарчай камісіяй: якія зьвесткі паступілі ёй і якія пайшлі наверх. Вельмі лёгка паставіць патрэбныя лічбы ў пратаколы ўчастковых камісіяў, маючы чыстыя блянкі”.

Слушныя высновы, спадар Галямпольскі. Вось толькі як у сёньняшніх умовах ажыцьцяўляць гэты кантроль за друкаваньнем бюлетэняў, за дзейнасьцю выбарчых камісіяў? Калі б грамадзкія арганізацыі мелі магчымасьць для такога кантролю, дык тады не было б многіх з тых праблемаў, пра якія вы пішаце ў сваім лісьце. Адсутнасьць незалежнага назіраньня, непразрыстасьць фармаваньня і дзейнасьці выбарчых камісіяў, забарона на правядзеньне незалежных сацыялягічных дасьледаваньняў — гэта рэаліі сёньняшняга палітычнага жыцьця Беларусі. Якія ўмовы павінны быць выкананы, каб выбары былі сумленнымі — агульнавядома. Як дамагчыся ад улады выкананьня гэтых умоваў — зусім іншае пытаньне. Адказаць на яго значна больш складана.

Электронны ліст ад Віктара Тураўца, які жыве ў Ліёне, у Францыі. Слухач піша:

“Чаму ў нас адбываецца ўсё, як заўсёды, а ня так, як чакае ад нас Беларусь? Зноў атрымліваецца ўсё ў гэтай выбарчай кампаніі не на карысьць нашай агульнай мэты. Два кандыдаты ад дэмакратычнай супольнасьці ня могуць дамовіцца аб сумесных дзеяньнях, аб зьняцьці адной кандыдатуры на карысьць іншай (а па сутнасьці — на карысьць нашай Перамогі). Зноў асабістыя амбіцыі стаяць вышэй за лёс краіны. Зноў Лукашэнка, пляскаючы ў далоні, радуецца такім дзеяньням апазыцыі.

Думаю, што калі б гэтыя Мілінкевіч і Казулін былі дальнабачнымі палітыкамі і вялікімі патрыётамі, то бяз роздуму зьнялі б сваю кандыдатуру на карысьць ПЕРАМОГІ, на карысьць Беларусі. І тым самым толькі заваявалі б вялікую павагу ў народзе за гэты ўчынак і мелі б большую ўпэўненасьць і магчымасць у будучыні ўзначаліць краіну. Бо цяпер мы маем толькі шанец вызваліць Беларусь ад тыраніі — выбары будуць пасьля. І толькі тады народ дасьць ацэнку такому мужнаму кроку аднаго зь цяперашніх кандытатаў. Цяпер жа ўся адказнасьць за паразу ляжыць цяжкім каменем на гэтых людзях, бо ад іх залежыць у вялікай ступені вызваленьне Беларусі”.

Нават калі адзін з дэмакратычных палітыкаў здыме цяпер сваю кандыдатуру на карысьць другога, гэта ў сёньняшніх беларускіх умовах ня будзе мець вырашальнага значэньня, спадар Туравец. Такі крок мог адыграць вырашальную ролю, калі б выбары былі сапраўды дэмакратычнымі, калі б вялася справядлівая і роўная барацьба паміж кандыдатамі і сумленна падлічваліся галасы. У 2001 годзе дэмакратычныя сілы коштам вялікіх намаганьняў дабіліся, каб у выбарчым бюлетэні ўрэшце засталося толькі адно прозьвішча ад аб’яднанай апазыцыі. Але ці выратавала гэта сытуацыю?

І наўрад ці варта, спадар Туравец, ускладаць усю адказнасьць за магчымую паразу на выбарах на гэтых двух палітыкаў — Мілінкевіча і Казуліна. Сьпіс адказных куды большы. Па вялікім рахунку, у яго варта было б занесьці ўсё беларускае грамадзтва.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG