Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: міліцыя перашкаджае агітацыі за Мілінкевіча


Радыё Свабода Паводле зьвестак з гарадзкога штабу кандыдата ад дэмакратычных сілаў у Берасьці, цягам 5 сакавіка адразу ў некалькіх месцах Берасьця здарыліся інцыдэнты з удзелам актывістаў выбарчай кампаніі.

Як паведаміў кіраўнік штабу Зьміцер Шыманскі, у мікрараёне "Вулька" невядомы п''яны мужчына ўдарыў па галаве ўдзельніка агітацыйнай кампаніі Мілінкевіча, які распаўсюджваў улёткі сярод мінакоў. Выкліканая на месца здарэньня міліцыя доўга не хацела затрымліваць вінаватага.

За тое зь берасьцейскага парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, дзе ладзіліся народныя гуляньні з нагоды Масляніцы, міліцыянты беспадстаўна выправадзілі пяць агітатараў, якія таксама займаліся распаўсюдам улётак Мілінкевіча. Ніводзін зь міліцыянтаў, нягледзячы на шматлікія просьбы, не палічыў за патрэбнае прадставіцца.

У нядзелю супрацоўнікі міліцыі двойчы спынялі машыну актывіста Дзяніса Турчаняка з прымацаванай на даху агітацыйнай шыльдай у падтрымку Аляксандра Мілінкевіча. Свае дзеяньні міліцыянты тлумачылі тым, што агітацыйная прадукцыя павінна разьмяшчацца толькі ў вызначаных мясцовымі ўладамі месцах. Аднак затрымліваць кіроўцу і складаць на яго пратакол (як таго патрабуе працэдура пры наяўнасьці парушэньня заканадаўства), супрацоўнікі міліцыі адмаўляліся.
XS
SM
MD
LG