Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы выяўлены птушыны грып


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы зафіксаваны першы выпадак калі птушкі маюць небясьпечны для чалавека вірус птушынага грыпу H5N1. Гэты вірус знойдзены ў пары мёртвых лебедзяў у горадзе Торунь. Выпадкаў пераходу вірусу да чалавека на сёньняшні дзень у Польшчы няма.

Птушкі былі знойдзеныя напрыканцы мінулага тыдня на беразе Віслы, практычна ў цэнтры гораду Торунь. Пасьля першых аналізаў у лябараторыі было высьветлена, што яны мелі вірус H5, а сёньня афіцыйна пацьвердзілася, што гэта небясьпечная для чалавека разнавіднасьць вірусу – N1.

Прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч заклікаў пазьбягаць панікі ды заявіў, што адпаведныя службы робяць усё неабходнае, каб запабегчы пашырэньню вірусу.

(Марцінкевіч: ) “Мы падрыхтаваныя да такой сытуацыі і робім усё неабходнае, каб фэрмэры маглі і надалей спакойна гадаваць птушку”, – заявіў польскі прэм’ер.

Тая частка берагу Віслы, дзе былі знойдзеныя лебедзі, ачэпленая кардонам паліцыі – там вядзецца дэзінфэкцыя. Вэтэрынарныя службы патрулююць ваколіцы гораду ў пошуках памерлых птушак.

Адмыслоўцы, аднак, кажуць, што ўсё мяса птушкі, якое трапляе на прылаўкі мясных крамаў, ці экспартуецца, у тым ліку і на Ўсход – у Беларусь, Расею ці Украіну, абсалютна бясьпечнае, бо праходзіць жорсткі санітарны кантроль.
XS
SM
MD
LG