Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ня будуць лічыць Расею стратэгічным партнэрам?


Радыё Свабода Беламу Дому трэба перастаць лічыць Расею стратэгічным партнэрам. Гэткая выснова ўтрымліваецца ў аналітычным дакладзе, падрыхтаваным амэрыканскай Радай замежных дачыненьняў. Асноўныя пункты справаздачы былі абнародаваныя на амэрыканскім тэлеканале NBC 5 сакавіка. Аўтары дакладу канстатуюць, што пры прэзыдэнце Пуціне Расея становіцца ўсё больш аўтарытарнай дзяржавай і праводзіць замежную палітыку, якая часам супярэчыць інтарэсам ЗША і іх саюзьнікаў.

Напачатку 2001 году пасьля першай сустрэчы з Уладзімерам Пуціным прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сказаў, што ён заглянуў у расейскую душу і знайшоў чалавека, якому ён можа давяраць. Праўдападобна, што Джордж Буш не сказаў бы гэтага цяпер. Гэтак лічыць адзін з аўтараў дакладу Джэк Кэмп, сустаршыня камітэту ў справе стасункаў ЗША і Расеі Рады міжнародных дачыненьняў. Разам зь ім на NBC выступіў і другі сустаршыня камітэту – экс-сэнатар, дэмакрат Джон Эдвардс, які прэтэндаваў на пасаду віцэ-прэзыдэнта ЗША ў 2004 годзе, як, дарэчы, і вышэйзгаданы рэспубліканец Кэмп у 1996 годзе.

У іхняй справаздачы адзначаецца, што ва ўнутранай палітыцы Расея адступае ад дэмакратычных нормаў: улада больш цэнтралізуецца ў Маскве, расейскія суды ўсё больш трапляюць пад ўплыў палітычных лідэраў. Што да замежнай палітыкі, то паводле Кэмпа і Эдвардса, палітыка Ўладзімера Пуціна ўсё больш разыходзіцца з Захадам. Гэта тычыцца і намаганьняў Расеі, накіраваных на вывад сілаў ЗША з Узбэкістану і Кіргізстану, і відавочнае выкарыстаньне сваіх энэргэтычых рэсурсаў для ціску на Украіну і Грузію. І самы апошні прыклад – запрашэньне Хамас на перамовы ў Маскву. Злучаныя Штаты і Эўразьвяз лічаць Хамас тэрарыстычнай групоўкай.

У дакладзе гаворыцца, што ўсе гэтыя праблемы павялічваюць рознагалосьсі паміж ЗША і Расеяй, і што сама ідэя стратэгічнага партнэрства паміж гэтымі краінамі больш не падаецца рэалістычнай.

Аналітыкі рэкамэндуюць Злучаным Штатам больш падрыхтавацца да таго, каб жорстка выступіць супраць Пуціна, калі гэта будзе неабходна. Яны пераконваюць Вашынгтон дапамагаць былым постсавецкім краінам-суседзям Расеі інтэгравацца ў Эўропу, кампэнсуючы ім палітычныя і эканамічныя наступствы ад уціску Масквы.

Што да сытуацыі з правамі чалавека ў Расеі, то аналітыкі прапануюць, каб Джордж Буш і ягоная адміністрацыя ня толькі выказвалі занепакоенасьць, але і павялічылі падтрымку недзяржаўным арганізацыям Расеі.

Справаздача, падрыхтаваная амэрыканскай Радай міжнародных дачыненьняў, была абнародаваная напярэдадні візыту ў Вашынгтон 6 сакавіка кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова, які мае сустрэцца з амэрыканскім прэзыдэнтам і Дзяржсакратаркай ЗША. Праз тры месяцы ў Санкт-Пецягбургу адбудзецца саміт лідэраў краінаў “вялікай васьмёркі. Сэнатар-рэспубліканец Джон Макейн ужо выступіў за байкот гэтага саміту.

Адметна, што падчас выступу на NBC Джэк Кэмп пазьбягаў тэрміну “вялікая васьмёрка”. Ён казаў: “7 прамыслова разьвітых дэмакратычных дзяржаваў плюс Расея”. Паводле Кэмпа, калі Расея ня будзе супрацоўнічаць у эканоміцы і палітыцы з гэтымі дзяржавамі, то яны маглі б выключыць яе з гэтага форуму і вярнуцца да гэтак званай “вялікай сямёркі”.
XS
SM
MD
LG