Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевічу і Казуліну зрываюць перадвыбарчыя сходы


Радыё Свабода У выходныя апазыцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін працягвалі свае перадвыбарчыя паездкі па рэгіёнах Беларусі. Прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі паспрабавалі сарваць агітацыйныя сходы кандыдатаў.

Кандыдаты на прэзыдэнтаў пад час сустрэч у рэгіёнах нязьменна зьбіраюць перапоўненыя залі, і калі раней, каб сапсаваць іх імідж, прыхільнікі Лукашэнкі выкарыстоўвалі нязручныя пытаньні ад вэтэранаў ці чыноўнікаў, то цяпер у справу пайшлі і крыкі, сьвіст, тупат, раскідваньне улётак. Найбольш выразна гэта выявілася на сустрэчы Мілінкевіча ў Баранавічах.

(Галасы: ) “За Лукашэнку, за Лукашэнку! За бацьку, за бацьку!”

Намесьнік кіраўніка выбарчага штабу Мілінкевіча Вінцук Вячорка перакананы: улады зразумелі, што яны прайграюць апазыцыйнаму кандыдату на такіх сустрэчах.

(Вячорка: ) “Яны зразумелі, што тут канструктыўным чынам не спрацуеш, трэба працаваць дэструктыўна. У Баранавічах была змабілізаваная ўся жывая сіла і тэхніка, якая ў іх была. Там былі і БРСМаўскія Паўлікі Марозавы, і супрацоўнікі спэцслужбаў, можа быць, нават зь іншых гарадоў”.

Аналягічныя дзеяньні выявіліся пад час наведваньня Ліды іншым кандыдатам Аляксандрам Казуліным, – паведаміла ягоная прэсавая сакратарка Ніна Шыдлоўская:

(Шыдлоўская: ) “Перабіваньне кандыдата, агрэсія, сьвіст, тупат, выкрыкваньне зь месца і недаваньне сказаць слова ці агрэсіўны накат кшталту “гаворыце няпраўду, гэта ня так”… Вельмі агрэсіўныя паводзіны і ўзьвінчваньне атмасфэры ў залі”.

Паводле Ніны Шыдлоўскай Аляксандар Казулін спраўляецца з дэструктыўнымі дзеяньнямі “уласным напорам”.

Найбольш агрэсіўна апошнія дні сябе паводзяць на сустрэчах апазыцыйных кандыдатаў сябры БРСМ. Якія ў іх матывы? Вось што казалі баранавіцкія актывісты гэтай арганізацыі.

(Сябар БРСМ: ) “Таму што Мілінкевіч выказвае інтарэсы ня нашай краіны”.

(Іншы сябар БРСМ: ) “Мы за Беларусь… Нельга абяцаць таго, што ня зможаш зрабіць”.

(Іншы сябар БРСМ: ) “Гэта выбар моладзі. Я ведаю, што можа даць нам Аляксандар Рыгоравіч, і таму я ў ім упэўнены, а ў Мілінкевічы я зусім няўпэўнены. Заўтра яго абяруць. А пасьлязаўтра прыйдуць усялякія войскі амэрыканскія. Навошта мне гэта трэба?”

(Іншы сябар БРСМ: ) “Мой лёзунг – Я супраць Мілінкевіча. А што ён мне добрага зрабіў, за ўсё маё жыцьцё? Нічога. Мне вось 18 гадоў. Няма ніякіх сацыяльных праграм, што ён можа мне даць зараз?”

Сам Аляксандар Мілінкевіч зазначае, што ў адрозьненьне ад пачатку 90-х гадоў істотная частка цяперашняй моладзі паддалася пад уплыў прапаганды.

(Мілінкевіч: ) “БРСМ усё-такі ў ізаляванай інфармацыйна краіне сваю справу робіць. Відаць, ёсьць кар’ерысты камсамольскія, а ёсьць і людзі, якія паверылі. Але гэта не большасьць моладзі”.

Паводле інфармацыі Аляксандра Мілінкевіча, улады рыхтуюць правакацыі на 19 сакавіка на цэнтральных плошчах з удзелам такой вось моладзі.

Аляксандар Лукашэнка перадвыбарчых паездак па Беларусі не ажыцьцяўляе. Сяргей Гайдукевіч аб адрасах сваіх сустрэч гаварыць адмаўляецца.
XS
SM
MD
LG