Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіты журналіст “Камсамольскай праўды ў Беларусі” застаецца ў цяжкім стане


Радыё Свабода Карэспандэнт газэты Алег Улевіч быў зьбіты 2 сакавіка, калі фатаграфаваў дзеяньні людзей у цывільным, якія затрымлівалі сваякоў і паплечнікаў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Разам у той дзень пацярпела каля дзесяці журналістаў розных мэдыяў. Журналісты, што працуюць у Беларусі адзначылі, што ўжо даўно ўлады не ужывалі да прадстаўнікоў СМІ такога гвалту. З пацярпелым журналістам зьвязаўся карэспандэнт “Свабоды”.

Першае пытаньне – пра стан здароўя.

(Алег Улевіч: ) “Стан даволі цяжкі, увесь час кружыцца галава, цяжка згадаць, хто са знаёмых прыходзіў наведаць зламаны нос – таксама вельмі цяжка гэта пераносіць”.

(Карэспандэнт:) “Можна сказаць, што цябе выпадкова зачапілі, ці яны сьвядома наносілі ўдары?”

(Алег Улевіч: ) “Я мяркую, гэта было сьвядома, бо я дастаў сваё пасьведчаньне прэсы, крычаў гэтым людзям, што я з прэсы, і менавіта ў гэты момант я атрымаў вельмі моцны ўдар па галаве, у мяне ўсё паплыло, я згубіў прытомнасьць. Потым атрымаў удар з другога боку па галаве… У аўтобусе ў мяне спрабавалі забраць фотаапарат, я яго не аддаў. Там я наогул стаў сябе вельмі цяжка адчуваць, згубіў шмат крыві”.

У 9-м шпіталі Менску журналісту была зробленая апэрацыя. Паводле Алега Ўлевіча, да яго ў шпіталь ўжо прыходзілі міліцыянты. Прадстаўнікі міліцэйскіх прэс-цэнтраў Менгарвыканкаму і МУС. Яны прасілі прабачэньня. А таксама прадстаўнікі міліцыі Маскоўскага раёну Менску. Алег Улевіч ужо напісаў заяву пра сваё зьбіцьцё невядомымі ў цывільным, а міліцыянты заявілі, што будуць шукаць вінаватых у здарэньні.

(Вольга Ўлевіч: ) “Тое, што знайсьці гэтых людзей не ўяўляе аніякай праблемы – гэта дакладна. Хто ўдзельнічаў у той апэрацыі, кіраўніцтва мусіць ведаць”.

Штодня побач з Алегам знаходзіцца ягоная сястра Вольга Ўлевіч. Ад сёньняшняга дня Вольга Ўлевіч пачынае ўсе неабходныя юрыдычныя захады на пошук вінаватых у зьбіцьці.

(Вольга Ўлевіч: ) “Алег цяпер узгадвае, што ўсё гэта здымалася на відэакамэру. І справа толькі ў тым, жадаюць улады пакараць вінаватых, альбо не жадаюць”.

У момант нашай размовы Вольга Ўлевіч знаходзілася ў шпітальным пакоі побач з братам. Спадарыня Улевіч ня толкі сястра пацярпелага журналіста, але адначасова намесьніца галоўнага рэдактара “Камсамольскай праўды ў Беларусі”.

(Вольга Улевіч: ) “Я лічу, што гэта была дэманстрацыя сілы. І мне, як рэдактару, цяпер нашмат менш сьмеласьці пісаць пра тое, што адбываецца ў краіне. А паколькі да выбараў яшчэ два тыдні, а пісаць мы ўсё роўна будзем, бо гэта наша прафэсія, пісаць пра тое, што адбываецца… А газэт у гэтай краіне засталося наогул зусім мала… Мне крыху страшнавата, бо я нясу адказнасьць за здароўе нашых супрацоўнікаў. Гледзячы на Алега кожны дзень, я разумею, што ніводнага зь іх больш не хачу бачыць у шпіталі”. “У нас спрабуюць адабраць прафэсію”, – падсумавала Вольга Ўлевіч

У адмысловай заяве з патрабаваньнем знайсьці вінаватых у рэпрэсіях супраць журналістаў “Беларуская асацыяцыя журналістаў нагадала пра тое артыкул 39 закону "Аб друку і іншых СМІ" прадстаўляе журналістам права прысутнічаць у раёнах стыхійнага бедства, аварый і катастроф, ваенных дзеяньняў, мясцовасьцях, дзе абвешчана надзвычайнае становішча, на мітынгах, дэманстрацыях, на месцы іншых грамадзка значных падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю.
XS
SM
MD
LG