Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску затрымалі трох удзельнікаў агітацыйных пікетаў


Радыё Свабода, Віцебск Вераніку Чыж і Любоў Кузьняцову, якія раздавалі мінакам агітацыйныя ўлёткі каля гандлёвага цэнтру “Кантынэнт”, міліцыянты завезьлі ў Першамайскі райаддзел. Каля Смаленскага кірмашу міліцэйскі патруль з Кастрычніцкага райаддзелу затрымаў агітатара Сяргея Парсюкевіча.

Як распавёў Хрыстафор Жаляпаў, давераная асоба кандыдата Мілінкевіча, дзьве спадарыні, якія раздавалі ўлёткі каля гандлёвага цэнтру “Кантынэнт” трапілі ў пастарунак дзякуючы ініцыятыве невядомага мужчыны ў цывільным. Ён падышоў да актывістак, і, заявіўшы пра тое, што яны ня маюць права праводзіць агітацыю ў гэтым месцы, выклікаў нарад міліцыі. Спадар не прадставіўся, і толькі ў пастарунку Вераніка Чыж і Любоў Кузьняцова даведаліся, што зь імі размаўляў сам кіраўнік Першамайскага РАУС падпалкоўнік Міхасёў.

Міліцыянты сказалі, што маюць прэтэнзіі да агітацыйных матэрыялаў і забралі 980 буклетаў з партрэтам Аляксандра Мілінкевіча. Словы даверанае асобы кандыдата пра тое, што ўсе ўзоры друкаванае прадукцыі ёсьць у Цэнтравыбаркаме, і там прэтэнзіяў да іх не было, міліцыянтаў не пераканалі. На затрыманых жанчын склалі пратаколы за распаўсюд друкаваных матэрыялаў без выходных дадзеных.

Яшчэ адзін затрыманы, Сяргей Парсюкевіч, трапіў пад увагу міліцыянтаў з Кастрычніцкага райаддзелу ўжо другі раз – першае затрыманьне на тым самым месцы каля Смаленскага кірмашу адбылося 23-га лютага.

Хрыстафор Жаляпаў папярэдзіў супрацоўнікаў абодвух райаддзелаў міліцыі, што яны ня мелі права затрымліваць удзельнікаў агітацыйнай кампаніі, бо любыя заўвагі адносна іхнае працы мусяць рабіць толькі выбарчыя камісіі. Таму ў раённыя пракуратуры пойдуць скаргі на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў.
XS
SM
MD
LG