Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін у Горадні: "Я сьмертнік, а асноўныя сілы – вы, народ"


Радыё Свабода, Горадня Больш трох гадзінаў працягвалася сустрэча гарадзенцаў з кандыдатам на прэзыдэнцкую пасаду Аляксандрам Казуліным. Сустрэча адбывалася ў залі Дома культуры абласнога таварыства глухіх, якая зьмяшчае трохі больш за 200 сядзячых месцаў. Людзі ціснуліся каля сьцен і ў праходах, а таксама ў вэстыбюлі будынка. А.Казулін паабяцаў адказаць на ўсе пытаньні і ня выйшаў з залі, пакуль не зачытаў апошнюю цыдулку.

Першае, што зрабіў А.Казулін – папрасіў пакінуць памяшканьне прадстаўніка беларускага тэлебачаньня разам з камэрай. Ён патлумачыў сваю пазыцыю тым, што дзяржаўнае тэлебачаньне скажае інфармацыю аб ім, а таксама тым, што зь яго перадвыбарчага выступу ў запісе безь ягонай згоды выразалі 9 хвілінаў прамовы.

Наогул, пачатак сустрэчы праходзіў у даволі нэрвовай атмасфэры, у зале прысутнічала група БРСМ, мноства чыноўнікаў гарадзкога і абласнога ўзроўню. Прамовы Казуліна стараліся перарываць, выкрыквалі з месца. Кіраўнік штаба Казуліна ў Горадні мусіў папярэдзіць БРСМаўцаў, што калі яны будуць парушаць парадак, выкліча міліцыю.

Да кандыдата ў прэзыдэнты было мноства пытаньняў: людзей цікавіла ягоная праграма, ацэнка, як улады праводзяць прэзыдэнцкую кампанію, стаўленьне да беларускай мовы і сымболікі і ягоныя адносіны з Аляксандрам Мілінкевічам.

А.Казулін зазначыў, што ня важна, хто пераможа – Казулін ці Мілінкевіч, галоўнае, на яго думку, каб прайграў Лукашэнка. І толькі ў такім выпадку, са слоў Казуліна, зможа нармальна запрацаваць эканоміка, расправяць плечы бізнэсмэны і прадпрымальнікі, атрымаюць падтрымку фэрмэры, малазабясьпечаныя сем’і, зойме належнае месца ў грамадзтве беларуская мова і нацыянальная сымболіка, наладзяцца адносіны з Захадам, і Беларусь зойме пачэснае месца сярод эўрапейскіх краінаў.

І усё ж сваю першачарговую задачу ў прэзыдэнцкай гонцы А.Казулін вызначыў вайсковай тэрміналёгіяй:

(А.Казулін): “Мая задача, як марскога пехацінца, захапіць пляцдарм. Па законах ваеннага часу марскому пехацінцу даецца толькі 8 гадзінаў на выжываньне. І таму я ведаю, што я – сьмертнік, але мне гэтых васьмі гадзінаў (маецца на ўвазе ў дадзенай сытуацыі выбарчай кампаніі) хопіць, каб захапіць гэты пляцдарм і падрыхтаваць да наступу асноўныя сілы. А асноўныя сілы – гэта вы, народ”.

Вельмі шмат пытаньняў да Казуліна было наконт таго, як пракантраляваць падлік галасоў. А.Казулін заклікаў усіх не хадзіць на датэрміновае галасаваньне, папярэдзіў сябраў выбарчых камісій аб крымінальнай адказнасьці за фальсыфікацыю выбараў і заклікаў усіх, хто можа, прыехаць у Менск 19 сакавіка, а таксама прапанаваў у гэты дзень сабрацца гарадзенцам у цэнтры свайго горада і чакаць, пакуль аб’явяць вынікі галасаваньня.

А.Казулін выступаў больш трох гадзінаў, але ўрэшце папрасіў прабачэньня, што далей ня можа працягваць сустрэчу, паколькі павінен ад’яжджаць у замежную камандзіроўку і спазьняецца на цягнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG