Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікам Лукашэнкі не ўдалося сарваць сход Мілінкевіча


Радыё Свабода Сёньня кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч правёў перадвыбарчыя сходы ў Баранавічах і Салігорску. У Баранавічах прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі спрабавалі сарваць выступ Аляксандра Мілінкевіча і раскідвалі агітацыйныя ўлёткі за Аляксандра Лукашэнку без выходных зьвестак. На сустрэчы пабываў наш карэспандэнт.

Актывісты БРСМ, Камуністычнай партыі Беларусі, Саюза вэтэранаў з транспарантамі, зьмест якіх скіраваны супраць Мілінкевіча, сустракалі ўсіх, хто ішоў у баранавіцкі Дом афіцэраў на сустрэчу з апазыцыйным кандыдатам на прэзыдэнта. Вельмі эмацыйныя прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі занялі лепшыя месцы ў зале ды імкнуліся сьвістам, крыкам, раскідваньнем улётак сарваць прамову Аляксандра Мілінкевіча.

Нейкая жанчына ля сцэны з крыкам парвала партрэт Мілінкевіча. У перапоўненай залі стварылася напружаная атмасфэра, але ніводны міліцыянт у яе не зайшоў. А.Мілінкевіч вымушаны быў сам супакойваць агрэсіўных актывістаў БРСМ:

(Мілінкевіч: ) "Я разумею, што ў залу запрасілі такіх хлапцоў, мэтай якіх зьяўляецца проста сарваць нам сход. І я думаю, што хамам у зале проста ня месца, калі няма культуры, то лепш не заставацца ў гэтай зале. Я буду адказваць на любыя пытаньні, самыя складаныя, самыя розныя, але хаміць я не дазволю. Гэта ваша бяда, калі вы ня ўмее размаўляць". (воплескі).

Аляксандар Мілінкевіч выявіў цьвёрдасьць і вытрымку, і большасьць агрэсіўных выбарцаў пакінула залю – за выключэньнем некалькіх дзесяткаў сябраў БРСМ, якія крычалі з мэгафона і раскідвалі ўлёткі за Аляксандра Лукашэнку без выходных дадзеных. У нейкі момант па заканчэньні сходу міліцыі ўсё ж давялося ўмяшацца, каб прадухіліць сутычку прыхільнікаў Лукашэнкі і Мілінкевіча на вуліцы.

Звычайныя жыхары Баранавічаў выказвалі абурэньне правакацыямі прыхільнікаў А.Лукашэнкі і меркавалі, што яны былі арганізаваныя ўладамі. А.Мілінкевіч заявіў, што ягоны супернік А.Лукашэнка адмаўляецца ад адкрытых дэбатаў, а замест сябе прысылае агрэсіўна настроеных сябраў БРСМ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG