Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страх


Сяргей Дубавец, Вільня Новая перадача "Вострая брама"

Кажуць, галоўным вынікам антысталінскага дакладу Хрушчова на 20-м зьезьдзе КПСС была перамога над страхам. Людзі раптам адчулі сябе вольнымі і шчасьлівымі. Аднак мінула трыццаць гадоў, і грамадзтва, ахопленае перастройкай, зноў загаварыла пра патрэбу вызваленьня ад страху. Зьявіўся бесцэнзурны друк, а мітынгі зьбіралі на плошчах сотні тысяч людзей, якія зноў пачуваліся вольнымі і шчасьлівымі. І вось яшчэ дваццаць гадоў дадалося да летазьлічэньня. Беларусь падступілася да чарговых выбараў кіраўніка, і альтэрнатыўныя кандыдаты зноў гавораць, што галоўная задача грамадзтва – перамагчы страх.

Здавалася б, гэтыя страхі проста перасьледуюць нас хвалямі. Насамрэч, страх адзін і той самы. Ягоныя атрыбуты амаль не зьмяніліся са сталінскіх часоў. Дзяржаўная прапаганда і вяршэнства волі кіраўніка над законам, наяўнасьць палітычных зьняволеных і цэнзура, калгасы і эканоміка па камандзе... Плянамерная русыфікацыя і фальсыфікацыя гісторыі... Ворагі па ўсім сьвеце і ў самой Беларусі... Сталінскі страх быў толькі зьлёгку асьветлены і Хрушчоўскім дакладам, і перастройкай, а неўзабаве грамадзтва зноў вярталася ў цемру хлусьні і няведаньня, туды, дзе і жыве страх.

Іншымі словамі, даклад Хрушчова і перастройка былі ў гісторыі беларускага народу толькі спробамі вызваленьня ад страху, прычым спробамі няўдалымі. Мы толькі адрывалі галаву ад гэтай да сьмерці страшнай падушкі і зараз жа галава сама падала назад. У гэтым – прынцыповая розьніца згаданых падзеяў у нашай і ў расейскай гісторыі. Мы нікуды са сталіншчыны, з гэтага паралюшу волі і волевыяўленьня не выходзілі і ня выйшлі да сёньня, а расейцы даўно жывуць іншымі страхамі. Як пісала праз дзесяць гадоў пасьля хрушчоўскага дакладу амэрыканская дасьледніца таталітарызму Ганна Арэнт, “спробы рэабілітаваць Сталіна паўтараюцца зноў і зноў, але ніводная зь іх не была зусім пасьпяховай і наўрад ці акажацца такой, калі ня будуць у поўным аб’ёме адноўленыя тэрор і паліцэйскае кіраваньне”. Гэта – што да расейцаў.

Сталінскі страх для беларускага народу стаўся шматкроць больш моцным і трывалым паралюшам, чымся для народу расейскага – яшчэ і таму, што для нас дадаўся страх Расеі, які прапаганда ўбівала ў галовы людзей у выглядзе братняй любові і роднасьці. Насамрэч гэтая любоў – страх, які жыве ў многіх беларускіх сэрцах як у вобразным выглядзе – "без Расеі мы прападзем!" – так і ў выглядзе ідэалягічных штампаў пра ролю расейскай рэвалюцыі ў вызваленьні беларускіх сялян, альбо вырашальную расейскую дапамогу ў пасьляваеннай адбудове рэспублікі, альбо ў сёньняшніх – пра танныя расейскія нафту і газ, дзякуючы якім у Беларусі захоўваецца стабільная абстаноўка.

У сёньняшняй перадачы мы будзем гаварыць пра страх не як пра нейкую інфэрнальную д’яблаву чорную руку з плацяной шафы, а як пра абсалютна рацыянальную зьяву, якую можна вызначыць, акрэсьліць – чаго я, уласна, баюся? – разабраць на складнікі і ўрэшце знайсьці спосаб вызваленьня. Калі такі, натуральна, ёсьць. Бо страх займае ў грамадзтве вызначальнае месца таго, што мусіла б прыйсьці яму на зьмену. А што гэта такое, мы ня ведалі ні ў часы хрушчоўскага дакладу, ні ў часы перастройкі. Інакш, напэўна ж, замянілі б.

Страх у народзе страшны тады, калі ён становіцца вызначальным маторам усяго грамадзкага жыцьця, калі ахоплівае ўсе сфэры грамадзкіх дачыненьняў, калі выступае галоўным матывам нацыянальнага адзінства. Да прыкладу, у Даніі сёньня гуляе страх перад мусульманскімі тэрарыстамі, але ён не зьяўляецца ані маторам жыцьця, ані матывам адзінства. Калі б так здарылася, мы б вельмі хутка не пазналі Даніі, якая ператварылася б у адну з краінаў трэцяга сьвету, з паралізаванай эканомікай і грамадзкай думкай. Але ў тым і рэч, што галоўны матор жыцьця і матыў нацыянальнага аб’яднаньня ў Даніі – ня страх, а нешта іншае, тое, што нам сёньня можа і не падысьці, бо ў нас яно называецца ледзьве ня лаянкавым словам – нацыяналізм.

Самае страшнае слова ў лукашэнкаўскай прапагандзе, слова, якога страшыцца ў нас і ладная частка насельніцтва – нацыяналізм – прыйшоў на зьмену колішняму страху і ў тых краінах, якія зусім нядаўна канчаткова парвалі са спадчынай сталінізму і далучыліся да эўрапейскай супольнасьці.

Яны могуць і не называць гэта нацыяналізмам. Прыярытэт роднае мовы і сваёй культуры, адзінства нацыянальнага паходжаньня – гэтыя зьявы яднаюць народ, вызвалены ад страху, найлепшым чынам і самі сабой разумеюцца. Аднак з гледзішча цяперашняй лукашэнкаўскай прапаганды гэта ўсё, бясспрэчна, нацыяналізм, і гэта найгоршае, што толькі можна прыдумаць!

Я ня буду апраўдваць нацыяналізм. Па-першае, сэнс ягоны – любі сваё, і не патрабуе ніякіх апраўданьняў, а па-другое, рэалізаваць гэты сэнс можна па-рознаму. Для некага “любіць сваё” выяўляецца толькі ў тым, каб ненавідзець чужое. Усё залежыць ад ступені цывілізаванасьці чалавека і грамадзтва. Скажам, у Беларусі да сёньня праводзіцца палітыка нянавісьці да свайго і абагаўленьня ўсяго суседзкага – маю на ўвазе, расейскага. І гэта таксама нацыяналізм, але несапраўдны, фальшывы, бо такі нацыяналізм ня можа замяніць сабою страху чалавека перад сыстэмай. Ён наадварот – спрыяе гэтаму страху.

Такім чынам, страх перад сыстэмай. Кантрактнай, пэнсійнай, рэпрэсіўнай... Вось тое, што нас сёньня яднае як нацыю і грамадзтва і служыць маторам нашага жыцьця. Я знайшоў верш Ларысы Геніюш, напісаны ў далёкія застойныя гады, і падзівіўся таму, наколькі ён актуальны цяпер:

Страх – за праўду кінуцца ў бой, страх – не дагадзіць акупантам, быць удома самім сабой, чалавекам быць – страх пракляты! Суд – за думкі вольны размах, воля – толькі прадажнаму слову. Беларусам быць – тройчы страх, страх – валодаць роднаю мовай. Страх – ў чужыне сваіх братоў, перад зьдзекам страх не скарыцца. Страх – маліцца на мове бацькоў, дзікі страх – наагул маліцца! Страх – што ўвечары Каляда, і за сына, што пойдзе ў школу, страх – што бліжняга не прадаў, страх – што чэсны, што не жывёла. Брыгадзіраў страх на сяле, страх падлізаў зьмяіных ўсюды, страх – хадзіць па сваёй зямле, гдзе начальнікі і Іуды. Страх – гуманнасьці, дабраты, перад рускім страх, перад ляхам, – мы ж ня горшыя, што ж, браты, можа, хопіць гэтага страху?

Калі грамадзтва доўгі час жыве ў страху перад сыстэмай, яно прызвычайваецца да гэтага і перастае заўважаць ці аналізаваць свой страх. Бо яно ня ведае альтэрнатывы. Калі грамадзкая думка замбаваная небясьпекай нацыяналізму, ёй проста няма куды вызваліцца ад страху, няма на што гэты страх памяняць.

Ці мог бы сёньня кандыдат у прэзыдэнты ісьці пад лёзунгамі нацыянальнага адраджэньня, нацыянальнага адзінства і нацыяналізму – у дацкім разуменьні гэтага слова? Палітычныя практыкі кажуць, што ня мог бы, народ бы не падтрымаў, бо зьвязвае нацыяналізм з радыкальнай русафобіяй Пазьняка. Не магу з гэтым пагадзіцца. Па-першае, таму што ніхто ніколі не спрабаваў. Па-другое, таму што іншага шляху вызваленьня ад страху для Беларусі, апроч дацкага нацыяналізму, не відаць. З усіх нашых бліжніх і далейшых суседзяў, якія вызваліліся ад страху, ніякім іншым шляхам не пайшоў ніхто. Па-трэцяе, скуль ведаць, што канкурэнцыя з Пазьняком у справе нацыянальнае альтэрнатывы прынізіць іншага лідэра, а не ўзьнясе яго ў фаварыты?

Між іншым, якраз ідэя Пазьняка з “народным галасаваньнем” стала найлепшым індыкатарам застрашанасьці беларускага грамадзтва. Даводзілася назіраць, якія ўнутраныя бар’еры пераадольвалі людзі, ставячы подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата. Пры гэтым асяродзьдзе ўспрымала такі ўчынак як сапраўдны подзьвіг. Гэта плянка, на якую можа адважыцца сёньняшні сярэднестатыстычны беларус. Каб так цішком і з аглядкай расьпісацца і – зьнікнуць у натоўпе. А цяпер уявіце яго на ўчастку галасаваньня. У кабінцы многія нашы людзі ставяць крыжык за Лукашэнку толькі таму, што перакананыя – за імі назіраюць. І тут зноў сур’ёзны псыхалягічны бар’ер, які пераадольвае ня кожны. А вы хочаце, каб пасьля гэтага чалавек – на вачах у камісіі, пад пільнымі позіркамі – усоўваў у скрыню не зеленкаваты бюлетэнь, а проста нейкую так сабе паперку?!

Калісьці Валянцін Акудовіч у нашай праграме казаў, што салжаніцынскі тэкст “Жыць без ілжы”, вядома, добры, але нельга ад усіх патрабаваць подзьвігу. І не заслугоўваюць людзі асуджэньня, калі яны не ўчынілі подзьвіг. Кожнаму свая мера. А мера “народнага галасаваньня” ў сёньняшняй сытуацыі для кожнага асобна ўзятага беларуса – гэта ягоны пэрсанальны адкрыты выклік, пальчатка, кінутая самому Лукашэнку.

Парадокс у тым, што дзе-небудзь у Даніі такі нумар, відаць, прайшоў бы. Ды толькі там выбараў не фальсыфікуюць...

* * *

Грамадзтва пагружаецца ў страх амаль незаўважна для сябе самога. На радыё Свабода людзі ўжо просяць іхных прозьвішчаў не называць, а вось на менскай вуліцы адказваць на нашы пытаньні яшчэ пакуль не адмаўляюцца. Пытаньне было такое: чаго вы больш за ўсё баіцеся ў жыцьці?

“За жыцьцё дзяцей, вядома, і за іх лёс, як ён у іх складзецца”.

“Баяцца – нічога не баюся, а вось за дзяцей турбуюся”.

“За дзяцей баюся”.

“Больш за ўсё баюся за дзяцей, каб ім жылося добра”.

“Больш за ўсё за блізкіх”.

“СНІДу”.

“Вайны і канца сьвету”.

“Баюся быць бездапаможнай”.

“За дзяцей, вядома, каб у іх работа была”.

“Нестабільнасьці ў краіне. Ад гэтага залежыць і ўсё астатняе”.

“Неразуменьня”.

“Аляксандра Рыгоравіча. Таму што людзі прападаюць”.

Большасьць апытаных баяцца за дзяцей. Гэта прыродны страх, што базуецца на інстынкце захаваньня роду.

У сілу сваёй прыроды і няведаньня самага галоўнага пра гэтае жыцьцё, чалавек ня можа жыць бяз страху ўвогуле. Уся справа ў тым, які гэта страх. Калі чалавекам кіруе страх перад сыстэмай – кантрактнай або пэнсійнай – тады ён ахвяруе ўсім, абы застацца ў сыстэме, абы працягнулі кантракт і рэгулярна давалі пэнсію. Такі чалавек ніколі ня выйдзе на пляц. Мы кажам – перамажы ў сабе страх. Але не прапануем, груба кажучы, іншага страху, адносна якога страх перад сыстэмай аказаўся б слабейшым.

Адна рэч – невядомасьць жыцьця, перад якой усе сьмяротныя роўныя, і зусім іншая – непрадказальнасьць сыстэмы.

Антычная прыказка сьцьвярджае, што ўсіх багоў стварыў страх. Іншая кажа яшчэ больш проста: Бог – гэта і ёсьць страх. Суд Божы называецца Страшным судом. Ёсьць і такі панятак, як страх Божы. У старажытным Іпатаўскім летапісе чытаем пра Войшалка, які разам са сваім бацькам Мяндоўгам трапіў у Наваградак і тут прыняў хрысьціянства. Дагэтуль Войшалк-паганец апісваецца як жорсткі воін, забойца, “коли же убьяшетъ кого, тогда весел бяшетъ”. Але сьвятло хрысьціянскай веры кардынальна зьмяняе яго асобу – “вниде страх Божий в сердце его”.

Божы страх, па вялікім рахунку, ёсьць страхам ва ўласнай душы – найвялікшай адказнасьцю перад самім сабой. А страх прэзыдэнцкі па сутнасьці сваёй – страх адміністрацыі. Які з гэтых страхаў у табе перамагае, такія і твае паводзіны ў грамадзтве.

Калі страх Божы ўзьвялічвае чалавека, дык страх перад правіцелем зьнішчае асобу.

Яшчэ ў Старым запавеце мы знаходзім сьведчаньні таго, як страх Божы адрозьніваецца ад страху сыстэмы. Настаўляючы судзьдзяў, юдэйскі цар Язафат, кажа ім: “глядзіце, што вы робіце, вы чыніце ня суд чалавечы, а суд Госпада. Дык вось, хай будзе страх Гасподні на вас: дзейце абачліва, бо няма ў Госпада Бога нашага няпраўды, ні ўвагі на асобы, ні хабарніцтва. І даў ім загад, кажучы: так дзейце ў страху Гасподнім, зь вернасьцю і з чыстым сэрцам”.

Страх Божы, у гэтых, прынамсі, словах, якія, дарэчы, па-беларуску цытаваліся яшчэ ў Статуце Вялікага Княства ў 16-м стагодзьдзі, страх Божы выступае ў ролі таго, што мы сёньня назвалі б сумленьнем.

Панятак страху Божага цяжка даецца для разуменьня бязбожніку альбо праваслаўнаму атэісту.

Некалі Леў Талстой заўважыў, што “страх сьмерці паходзіць ад таго, што людзі прымаюць за жыцьцё адну маленькую, іх жа фальшывым уяўленьнем абмежаваную частку яго”. Сэнс гэтых словаў не прабіўся праз матэрыялістычную браню народнага пісьменьніка Беларусі Івана Шамякіна. Далей я працытую ягоны дзёньнікавы запіс, які, на маю думку, вельмі блізкі для многіх беларусаў – проста як крык душы:

“31 кастрычніка 1998 году

Учора Мікола Мятліцкі прынёс сыгнал “Роздуму на апошнім перагоне”. Кніга, якой нельга не парадавацца: выдатна аформлена, 35 аўтарскіх аркушаў. Але замест радасьці я адчуў трывогу, ледзь ня страх. Больш за тры гады кніга знаходзілася у вытворчасьці...

Перагледзеў. Дакараю Ельцына, Шушкевіча, Краўчука. Крытычна адзываюся пра нашага маладога прэзыдэнта. Вось гэта трывожыць. Падхалімы могуць паказаць яму гэтыя мясьціны. Як ён зрэагуе? Брыдоты пра яго пішуць многа. Але я ні ў якім разе не ачарніцель. Я сур’ёзны крытык, дабразычлівы. Акрамя таго, за гэтыя гады ўмацавалася маё пазытыўнае стаўленьне да прэзыдэнта. Ён – малайчына! Яго палітыка імпануе. Я і тады напісаў: “Актор. Палітык”. Ніякай абразы: палітыку трэба быць акторам. На мяне могуць узьесьціся некаторыя з прэзыдэнцкага акружэньня – за сьцьвярджэньне, што акружэньне ён падабраў сабе ня лепшае. Але за чатыры гады яно амаль усё зьмянілася. Прыйшлі маладыя. А я, кансэрватар, быў за тое, каб па-ранейшаму працаваў апарат Кебіча. Глупства з майго боку! Што зрабіў той апарат? Зоркі не хапаюць новыя, але ўсё ж нешта сьвежае ўносяць...

Адным словам, добрая кніга, а радасьці нямнога. Віною мая падазронасьць. Я – баязьлівец! А чаго баяцца ў маім узросьце? Няма чаго. Нават сьмерці ня трэба баяцца. Ня трэба. Але нельга не баяцца. Л.Талстой нават баяўся, даводзячы самому сабе, што гэта вызваленьне. Ад чаго вызваленьне?”

Страх Божы наводзіць на развагі пра вяршэнства страху ў чалавечай натуры. Інакш кажучы, нельга адначасова кіравацца страхам Божым, які вызваляе і акрыляе тваю асобу, і страхам перад Лукашэнкам, які паралізуе волю. І тут чалавеку-верніку ёсьць пра што задумацца ў сабе. Які страх ім кіруе найболей?

* * *

Аднак рэлігійны матыў, дзейсны для грамадзянскай пазыцыі канкрэтнага чалавека, ня можа ў Беларусі стаць матывам аб’яднаньня нацыі, як гэта бывала ў іншых краінах. І рэч тут не ў шматканфэсійнасьці беларусаў. Шматканфэсійнасьць сама па сабе – не перашкода. Справа ў розных адносінах улады да розных канфэсіяў. У такіх умовах шматканфэсійнасьць становіцца інструмэнтам разьяднаньня нацыі.

Пачнём падводзіць рысу. Каб сталінскі страх у грамадзтве, які выступае ў ролі рухавіка і фактара аб’яднаньня нацыі, замяніць нечым іншым, мы сёньня ня маем таго, што мелі нашы суседзі. Мы ня маем нацыяналізму, бо ён нам “варожы”, і ня маем Божага страху. У выніку прадуманай палітыкі рэжыму ў грамадзтве пасяляецца перакананьне, што мы – народ у прынцыпе бязбожны і бязродны. У нас няма сваёй царквы і сваёй мовы. Таму апошняй рысай і страшным судом для нас будзе суд бацькі-атамана. Мы людзі ня божыя і не беларускія, а, як любяць паўтараць лукашэнкавы чыноўнікі, “государевы”. Гэта значыць, прэзыдэнцкія.

Стан масавай сьвядомасьці сёньня вельмі мала чым адрозьніваецца ад часоў хрушчоўскага дакладу на 20-м зьезьдзе КПСС. Гэта значыць, што мы знаходзімся ў самым азбучным пачатку нашай гісторыі, які Ніл Гілевіч трапна выказаў радкамі:

Любоў і страх — адвеку розны Трымаюць сьлед між палыну: Любоў глядзіць на край свой родны, А страх — глядзіць на Калыму…

Мала перамагчы страх. Сталінскі страх, як мы пераканаліся, самаўзнаўляецца, бо выконвае свае функцыі ў грамадзтве – аб’ядноўвае і мабілізуе. Таму яго можна толькі замяніць. Вось, бадай, адзінае, што абнадзейвае. Рэч у тым, што страх грамадзтва перад правіцелем – узаемны. Але замяніць свой страх і праз гэта вызваліцца ад яго можа толькі грамадзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG