Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герт Арэнс: “Нас запрасіў МЗС сувэрэннай Беларусі”


Радыё Свабода Кіраўнік назіральнай місіі АБСЭ Герт Арэнс у інтэрвію Свабодзе адхіліў абвінавачаньні з боку расейскага МЗС на адрас сваёй місіі. Нагадаем, афіцыйны прадстаўнік міністэрства спадар Камынін заявіў, што падрыхтоўка назіраньня за выбарамі ў Беларусі, нягледзячы на заўвагі з расейскага боку, вядзецца пры адсутнасьці транспарэнтнасьці і якіх-небудзь зразумелых правілаў, узгодненых дзяржавамі АБСЭ. Паводле расейскага МЗС, такая манэра “дае прастору для прадузятых ацэнак”.

Пасол Герт Арэнс зьвяртае ўвагу на дыскусію ў рамках АБСЭ адносна некаторых пытаньняў. Адну пазыцыю выказваюць заходнія краіны, а другую – сябры СНД, і найперш – Расея і Беларусь. У лістападзе мінулага году спадар Арэнс удзельнічаў у падобнай дыскусіі ў расейскім Цэнтравыбаркаме.

(Арэнс: ) “Другі бок мэдалю – гэта тое, што мы тут сёньня зьяўляемся місіяй у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі, якую запрасіла МЗС сувэрэннай Беларусі. У той час, калі была агучана расейская заява, мы, са свайго боку, яшчэ не рабілі наагул ніякіх заяваў. Таму мы і не маглі рабіць ніякіх прадузятых заяваў, паколькі іх наагул не было”.

Спадар Арэнс таксама адзначыў розныя падыходы да складу так званай міжнароднай назіральнай місіі, якая фармуецца ў дзень выбараў. Да прыкладу, у Азэрбайджане ў дзень выбараў місія Бюро дэмакратычных інстытутаў аб’ядналася з назіральнікамі ад Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту і Парлямэнцкай асамблеі НАТО. У выніку была ўтворана адна місія, якая выдала адну сумесную заяву.

(Арэнс: ) “Такі склад місіі ў дзень выбараў выклікае шэраг пытаньняў як у Расеі, так і ў Беларусі. Але зноў жа, да нашай місіі ў Беларусі гэта ня мае ніякіх адносінаў. Паколькі тут у нас будуць толькі дзьве часткі. Адна частка – гэта місія Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ, якую я ўзначальваю і якую запрасіў беларускі ўрад. А другая – гэта кароткатэрміновая місія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якую ўзначальвае прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі спадар Гастынгс. І гэта частка назіральнікаў запрошана беларускім парлямэнтам. Таму тут, у Беларусі, у гэтым сэнсе няма ніякай праблемы, і таму я ня думаю, што гэта трэба абмяркоўваць у такім кантэксьце”.

Пасол Герт Арэнс таксама распавёў, што ў яго адбылася добрая гутарка з часовым павераным Расеі ў Беларусі. У місіі будзе каля 40 кароткатэрміновых назіральнікаў ад Расеі. Спадар Арэнс таксама сустрэўся з прадстаўніком назіральнай місіі СНД, чакаецца сустрэча з выканаўчым сакратаром СНД спадаром Рушайлам. Экспэрты АБСЭ сустрэнуцца з экспэртамі СНД дзеля абмену назіраньнямі за выбарамі.

(Арэнс: ) “Але адзін аспэкт вызначаны, што гэта дзьве розныя місіі. І мы прыйдзем да сваіх асобных вынікаў, за якія мы нясем адказнасьць. Але ў цэлым супраца зь місіяй СНД і ў цэлым з урадам дастаткова добрая”.
XS
SM
MD
LG