Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэйвід Стрэтгэрн: "Наш фільм – пра мэтады, якімі ўлады спрабавалі кантраляваць грамадзкую думку"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Госьць Свабоды амэрыканскі актор Дэйвід Стрэтгэрн – выканаўца галоўнай ролі ў фільме Джорджа Клуні "Дабранач і ўдачы" ("Good night and good luck"), за якую актор атрымаў ўзнагароду на фэстывалі ў Вэнэцыі і намінаваны на атрыманьне “Оскара” за найлепшую мужчынскую ролю. Сам фільм намінаваны да ўзнагародаў амэрыканскай кінаакадэміі ў 6 катэгорыях, а музыка да стужкі сёлета ўжо ўзнагароджаная "Грэмі". Цырымонія ўручэньня “Оскараў” мае адбыцца сёньня, 5 сакавіка.

Стрэтгэрн нарадзіўся ў ЗША, скончыў акторскую школу Williams College, а потым пачаў пасьпяховую кар''еру актора. Ён меў магчымасьць граць у найлепшых галівудзкіх рэжысэраў – Майка Нікалза, Сыднэя Полака, Ціма Робінса, Філіпа Каўфмана ды іншых.

Дэйвід Стрэтгэрн граў побач з найвялікшымі зоркамі амэрыканскага кіно – Мэрыл Стрып, Джэсікай Ландж, Сыгурні Ўівэр, Эндзі Макдаўэл, Джуліян Мур. Спадар Стрэтгэрн шмат грае ў тэатры: сярод іншага, вядомыя п''есы зь ягоным удзелам – "Тры сястры", "Танец сьмерці" ці "Салямэя" – дзе актор выступіў побач з Алам Пачына.

У апошнім фільме Джорджа Клуні "Дабранач і ўдачы" Дэйвід Стрэтгэрн грае галоўную ролю. Ягоны герой – шырока вядомы ў 50-я гады амэрыканскі журналіст Эдвард Ар Мураў, які вёў у тэлебачаньні CBS папулярную дакумэнтальную перадачу "See it now" і ток-шоў "Person to person".

У выніку аднаго з журналісцкіх дасьледаваньняў, Эдвард Мураў сутыкаецца з уплывовым у тыя часы сэнатарам Джозэфам Макарці – старшынём камісіі ў справах антыамэрыканскай дзейнасьці. Макарці вёў кампанію, мэтай якой было ачысьціць ЗША ад камуністаў. Ішло ў пэўным сэнсе "Паляваньне на вядзьмарак", увесь час шукаліся людзі, зьвязаныя з кампартыяй. У выніку журналісцкага сьледзтва, якое перашкаджае Джозэфу Макарці, прыхільнікам камуністаў беспадстаўна прызнаюць і Эдварда Мурава, што ў тыя часы магло азначаць канец кар''еры.

Журналіст, аднак, не паддаецца і даводзіць, што сэнатар ня меў рацыі.

Вось яе пра свой фільм гаворыць рэжысэр і сааўтар сцэнару Джордж Клуні:

(Клуні: ) "Мой найноўшы фільм расказвае пра героя, які бараніў адно з галоўных правоў дэмакратычнага сьвету – права на інфармацыю. Праз "Дабранач і ўдачы" я хачу закрануць тэму сумленьня, паказаць, што і цяпер, у часы карумпаваных мэдыяў, толькі адважная і крытычная журналістыка мае права на існаваньне".

Паводле Джорджа Клуні, пісаць праўду аб людзях, незалежна ад таго, наколькі яны аўтарытэтныя – гэта абавязак журналіста.

(Клуні: ) "Паміж палітыкай і журналістыкай існуюць вельмі цікавыя дачыненьні. Я не журналіст, але ў гэтым фільме побач з Дэйвідам Стрэтгэрнам таксама граю журналіста зь ягонай каманды. Думаю, што абавязак журналіста – сумнявацца ў аўтарытэтах. Я б сказаў, што гэта ягоны патрыятычны абавязак".

Джордж Клуні кажа, што Дэйвід Стрэтгэрн выдатна сыграў Эдварда Мурава. А як да ролі рыхтаваўся сам актор? Гаворыць Дэйвід Стрэтгэрн:

(Стрэтгэрн: ) "Гэтая роля мела на мяне ўплыў. Гэта даволі глыбокае пачуцьцё, якое цяжка апісаць. Я доўга рыхтаваўся да ролі – прачытаў успаміны Эдварда Мурава, усе даступныя дзёньнікі. Канешне, глядзеў перадачы, якія гэты выбітны журналіст рабіў і вёў. У гэтым выпадку мне было, з аднаго боку, лягчэй, бо было на каго глядзець, быў узор перад вачыма. Нярэдка ж постаці, якіх грае актор – прыдуманыя. Тады трэба ствараць вобраз ад нуля. Тут я граю канкрэтную гістарычную асобу, але ў такім выпадку ёсьць і шмат абмежаваньняў – ты ўвесь час параўноўваеш сябе зь першаўзорам. Будуць параўноўваць і гледачы.

Вывучаючы жыцьцё Эдварда Мурава я зразумеў, што ён быў вельмі простым чалавекам, які да канца жыцьця быў верны сваім поглядам, які не зламаўся пад вялізарнай колькасьцю націскаў і выпрабаваньняў. Але, як мне падаецца, ён памёр смутным чалавекам, бо яму падавалася, што ён не зрабіў яшчэ шмат рэчаў, якія хацеў бы зрабіць. Мураў быў пэрфэкцыяністам у тым, што рабіў і ў што верыў".

Адзін з кінакрытыкаў напісаў, што стваральнікі фільму ня выкарысталі да канца "шанцу на драму", зрабіўшы звычайны фільм пра змаганьне дабра і зла, у той час як "Мураў, магчыма, зразумеў пазьней, што ён змагаўся толькі за часткова слушную справу – на высокіх пастах у ЗША ўсё ж былі выкрытыя некалькі дзясяткаў чалавек, зьвязаных з выведкамі камуністычных краінаў". Ці згодны Дэйвід Стрэтгэрн з тым, што постаць, якую ён грае, магла мець такія сумненьні?

(Стрэтгэрн: ) "Так, гэта магчыма, і ёсьць фільм пра дабро і зло, дзе ёсьць добрыя і дрэнныя, чорнае і белае, але насамрэч гэта фільм пра шэрае – шэрае, якое месьціцца паміж чорным і белым. Джордж Клуні казаў нам, што ён ня хоча ацэньваць, ці добрым чалавекам быў Мураў як асоба, і ці добрым ці дрэнным чалавекам быў сэнатар Макарці. Гаворка ідзе пра мэтады, якімі ўлады спрабавалі кантраляваць грамадзкую думку. І тут Мураў абараняў нашы канстытуцыйныя правы. Ён адчуваў, што Макарці праз сваю дзейнасьць выходзіў за межы дазволенага канстытуцыяй, парушаў тры наступныя правілы: абвінавачаньне ня ёсьць доказам, кожны мае права на абарону і судовы працэс, супраціў не азначае здраду. Фільм мэтанакіравана зроблены так, каб паказаць пэўны мэханізм, а не асабістыя драматычныя перажываньні герояў".

Але ці ня ёсьць так, што тое, што падавалася Эдварду Мураву няслушным – паляваньне сэнатара Макарці на камуністаў – для мільёнаў людзей у паняволеных камуністычных дзяржавах, якія спадзяваліся на падзеньне “імпэрыі зла”, было як раз правільным, справай карыснай?

(Стрэтгэрн: ) "Я цешуся, што магу наведаць краіну, у якой я цяпер знаходжуся з прычыны гістарычнага кантэксту, у тым ліку і панаваньня камуністаў. Але ў ЗША мы ня вельмі шмат ведаем пра камунізм. Нават калі ў 50-я гады ў нас было паляваньне на камуністаў, яго нельга параўнаць з паляваньнем на людзей, на праціўнікаў рэжыму ў краінах усходняй Эўропы, у Савецкім Саюзе.

Але мы хацелі зрабіць ня фільм, у якім ацэньваем, хто дрэнны, а хто добры. Рэжысэр хацеў перадусім стварыць плятформу, прэцэдэнт, для абмеркаваньня пытаньня – што найбольш важна для людзей, каб яны маглі зразумець тыя ці іншыя рэчы".

Дэйвід Стрэтгэрн, які наведаў шэраг краінаў для рэклямы новага фільму Джорджа Клуні, кажа, што ў розных краінах людзі па-рознаму ўспрымалі гэтую стужку, знаходзячы ў ёй актуальныя для сёньняшніх дзён праблемы і постаці, якія можна параўнаць да сучасных палітыкаў ці журналістаў.

(Стрэтгэрн: ) "Шмат хто нават у ЗША ня ведае, кім быў Эдвард Мураў. Так што гэты фільм адкрывае нешта новае ня толькі для іншых народаў, але і для амэрыканцаў, перадусім – маладых. У Італіі, напрыклад, журналістам у часе перадпрэм''ернага паказу фільм вельмі спадабаўся. Яны казалі – гэта ж фільм пра нашага прэм''ера Бэрлюсконі. У Аўстраліі, калі фільм пачалі паказваць у кінатэатрах, якраз ішла гарачая дыскусія над ініцыятывай прэзыдэнта гэтай краіны каб увесьці новыя законы, якія абмяжоўваюць правы чалавека. Тады аўстралійцы сказалі – гэта пра Джона Гаўарда.

У ЗША шмат журналістаў, асабліва маладых, увесь час пыталіся, што мы можам зрабіць, каб вярнуць той узровень, тыя ідэі, якія прэзэнтаваў Мураў. Тады Гэлен Томас – карэспандэнтка “Washington Post”, якая працуе ў гэтай газэце ўжо 40 гадоў – сказала: вы маеце такія навіны, такія праграмы, якія заслугоўваеце, бо вы іх замаўляеце. Калі вы хочаце бачыць забаўляльныя праграмы, ток-шоў, сэрыялы, глядзіце каналы, якія іх паказваюць, дык мы вам гэта даём. Але калі вы хочаце мець адукацыйныя праграмы, перадачы, якія схіляюць да роздумаў, да нейкіх пазытыўных зьменаў разьвіцьця – мы дамо вам гэта. Але вярнуць ідэі Мурава на экраны тэлебачаньня няпроста, бо сытуацыя цяпер зусім іншая, чым тая, што была ў 50-я гады".

Я запытаўся ў Дэйвіда Стрэтгэрна пра тое, ці не паехаў бы ён у Беларусь, калі б гэта было магчыма ў межах рэклямнай кампаніі, бо падаецца, што стужка "Дабранач і ўдачы" надзвычай актуальная ў краінах з такім палітычным ладам, як беларускі.

(Стрэтгэрн: ) "Я б хацеў туды паехаць, але цяпер у мяне такая сытуацыя, што трэба шукаць новую працу, новую ролю. Але я сапраўды хацеў бы паехаць далей на ўсход – прыватна, для ўласнай адукацыі. Ня ведаю, якая рэакцыя была б на гэты фільм у беларускіх журналістаў. Але спадзяюся, што, як і хацелі стваральнікі фільму, ягоная ідэя будзе аб''ядноўваць нас вакол таго, што мы маем супольнага, а не каб мы абвінавачвалі адно аднаго. Гэтага хацеў, дарэчы, і Эдвард Мураў – аб''яднаць людзей вакол таго, што добрае, і заўсёды шанаваць прынцыпы добрай журналістыкі".

Апошнім часам у Галівудзе зьнятыя некалькі высокабюджэтных біяграфічных фільмаў. Ці значыць гэта, што Галівуд пойдзе цяпер менавіта ў такім накірунку – больш увагі на рэальныя падзеі, менш – на прадказальныя баевікі і мэлядрамы?

(Стрэтгэрн: ) "Я спадзяюся. Мне цяжка глядзець з боку на тое, што адбываецца ў Галівудзе, бо я занадта добра ведаю, як гэта ўсё працуе. Я шмат працаваў з незалежнымі рэжысэрамі, якія спрабавалі зрабіць тое, што ўдалося ў значна большых памерах зрабіць Джорджу Клуні. Клуні гэтым фільмам і наступным, над якім ён цяпер працуе, даказвае, што артыст можа быць грамадзянінам.

Ведаеце, Галівуд заўсёды будзе падтрымліваць таго, хто бяжыць наперадзе. Галівуд любіць зорак. А Джордж Клуні – зорка і, акрамя гэтага, ён у стане ўкласьці значную суму сваіх грошай у фільм, ці нават цалкам зрабіць фільм за ўласныя грошы. Калі б Клуні ня быў зоркай, яму, магчыма, ніколі не ўдалося б зрабіць такі фільм, як "Дабранач і ўдачы".


Дэйвід Стрэтгэрн з Джоджам Клуні

Дэйвід Стрэтгэрн на сцэне ўжо каля 27 гадоў, але ўзнагароду ў Вэнэцыі за найлепшую мужчынскую ролю атрымаў упершыню. Ён таксама ніколі раней ня быў так блізка да атрыманьня “Оскару”. Ці значыць гэта, што роля ў фільме "Дабранач і ўдачы" была найбольш цяжкай у кар''еры спадара Стрэтгэрна?

(Стрэтгэрн: ) "Цяжка сказаць, бо кожнай постаці, якую граеш, аддаеш вельмі шмат сілаў. Кожны раз здаецца – вось гэта роля, над якой я найцяжэй працаваў, не, вось гэта наступная яшчэ больш цяжкая, а потым аказваецца, што далей яшчэ больш трэба працаваць, больш аддаць, каб добра граць некага. Роля Эдварда Мурава – адна з маіх улюбёных роляў, бо, граючы гэтага чалавека, я шмат аб ім даведаўся, дакрануўся да гісторыі, да тых часоў. Але мая ўлюбёная роля – гэта была роля ў невялікім недарагім фільме "Горад надзеі", дзе я граў вар''ята. Гэта было вельмі цікава. Я граў бяздомнага вар''ята".

Крытыкі адзначаюць вельмі ўдалае музычнае афармленьне – адзін з кінажурналістаў сказаў, што фільм "Дабранач і ўдачы" варта было б паглядзець нават з уключаным у кінатэатры сьвятлом – з-за музыкі. Джазавая сьпявачка Дайан Рыўз, якая выканала музыку для фільму, атрымала за яе найбольш прэстыжную ўзнагароду амэрыканскага гуказапісу – "Грэмі".

Джордж Клуні – зорка Галівуду і рэжысэр фільму "Дабранач і ўдачы", кажа, што зрабіў фільм пра герояў.

(Клуні: ) "Я захапляюся людзьмі, якія не баяцца рызыкаваць. Яны, натуральна, баяліся, але ўсё адно рабілі сваю справу. Я лічу, што гэта было геройства. Ніхто з журналістаў каманды Эдварда Мурава ня быў заможны, яны не пабудавалі сабе вялізныя дамы. Яны не рабілі ўсё гэта толькі дзеля таго, каб паказацца недзе перад камэрамі. Яны рабілі гэта, бо лічылі, што гэта правільна".

На разьвітаньне з прысутнымі на сустрэчы зь ім журналістамі Дэйвід Стрэтгэрн сказаў, што, хаця ён і не экспэрт у палітычных ці грамадзкіх справах, але бачыць, наколькі важная роля свабоднай журналістыкі ў жыцьці грамадзтва і перакананы, што без свабодных мэдыяў дэмакратычнае разьвіцьцё немагчымае.

(Стрэтгэрн: ) "Роля чацьвёртай улады – журналістаў, мэдыяў – вельмі вялікая. Роля ў тым, каб інфармаваць, адукоўваць людзей, падтрымліваць іх у стане зацікаўленасьці тым, што адбываецца навокал. Каб аднойчы не абудзіцца і не пабачыць, што шмат якія твае правы ўжо нехта адабраў, ці робіцца нешта вельмі дрэннае, і цяжка гэта адвярнуць назад. Журналісты павінны быць аб''ектыўнымі людзьмі, адкрытымі, сьмелымі, і рабіць такія мэдыі. Іначай на вяршыні будуць папулісты".


Дэйвід Стрэтгэрн у ролі Эдварда Мурава
XS
SM
MD
LG