Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апячатаны офіс Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына"


Радыё Свабода Учора ў другой палове дня быў апячатаны офіс грамадзкага аб''яднаньня "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына".

Вось што нам паведаміла старшыня Рады "Бацькаўшчыны" сп. Алена Макоўская:

(Макоўская: ) "Пачатак гэтай гісторыі быў у першай палове дня, да нас зайшлі прадстаўнікі арэндадаўцы (гэта унітарнае прадпрыемства КУП "Спадчына") і пажарнай інспэкцыі. Яны агледзелі стан памяшканьня і склалі пратакол, выказаўшы нам невялікія заўвагі, але ніякай размовы пра тое, што нам давядзецца прыпыніць дзейнасьць, не было на той момант.

Тым ня менш, у другой палове дня ізноў прадстаўнікі "Спадчыны" і пажарнай інспэкцыі наведалі наш офіс недзе а 17-й гадзіне і сказалі, што электрычная праводка першага паверха, там, дзе месьціцца "Бацькаўшчына" і яе структуры, знаходзіцца ў аварыйным стане, і неабходна, каб людзі пакінулі свае працоўныя месцы на працягу пяці хвілінаў, першы паверх будзе зачынены, будзе выключана электраэнэргія і ўваходныя дзьверы будуць апячатаныя. Мелася на ўвазе толькі уваходныя дзьверы першага паверху, да другога і трэцяга паверхаў, наколькі я зразумела, ніякіх заўвагаў не было, бо яны працягвалі працаваць.

Нам далі час, каб мы маглі сабраць свае рэчы і некаторыя дакумэнты, зь якімі мы маглі б працаваць. Нам было сказана, што "Спадчына" ў бліжэйшы час бярэцца выправіць усе непаладкі з праводкаю, і што ў сераду ці чацьвер мы зможам прыступіць да працы.

У нас ніколі не было праблемаў з электраэнэргіяй, у нас ніколі ад перагрузкі не выключаліся пробкі, ніякіх такіх зьяваў у нас не было з электраправодкаю. У гэтым годзе будынак ставіцца на капітальны рамонт і, як нам паведамілі, гэты агляд проста чарговы.

Але, сытуацыя выглядае крыху дзіўнаватаю, таму што ў канцы мінулага году ці недзе на пачатку гэтага тут ужо быў агляд пажарнага інспэктара, які, як нам сказалі, застаўся быццам бы задаволены станам памяшканьня. Чаму гэты агляд даў менавіта такія вынікі, цяжка сказаць.

Сытуацыя зараз перад выбарамі дастаткова напружаная. Але, мы хацелі б на сёньняшні дзень пакуль што ўстрымацца ад камэнтару і пачакаць да наступнага тыдня, калі нам абяцалі адрамантаваць электраправодку".
XS
SM
MD
LG