Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады перайшлі да жорсткага сцэнару?


Алена Радкевіч, Прага Чаму на гэтым тыдні паводзіны ўлады сталі надзвычай жорсткімі? Дастаткова прыгадаць выкрыцьці плянаў перавароту, зробленыя шэфам КДБ, а таксама зьбіцьцё і арышт Аляксандра Казуліна. Чаму ўлады перайшлі да жорсткага сцэнару? Пытаньні да аналітыкаў Радыё Свабода Валера Карбалевіча і Юрыя Дракахруста.

(Карбалевіч: ) "Пераход да больш жорсткага сцэнару выкліканы дзеяньнямі апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. З моманту іх рэгістрацыі яны паламалі той сцэнар спакойнай хады выбарчай кампаніі, на які разьлічвалі ўлады, і пачалі рабіць нестандартныя крокі. Кампанія пачала набываць форму сапраўднага змаганьня за пасаду прэзыдэнта.

Сэнсацыйныя выступы Казуліна і Мілінкевіча выклікалі гучны грамадзкі рэзананс, і ўлады спужаліся. Наколькі моцна быў уражаны сам Лукашэнка гэтымі выступамі, можна меркаваць па тым, што значную частку свайго заключнага слова на ўсебеларускім сходзе ён прысьвяціў палеміцы зь імі, і пасьля гэтага зьявілася заява Сухарэнкі пра змову, парэзалі выступ Казуліна на тэлебачаньні, а яго самога зьбілі, не дазволілі праводзіць мітынг Мілінкевіча і іншае. Тут ужо не да захаваньня дэмакратычнага іміджу. Думаю, што ўлады нават сасьпелі да таго, каб адмяніць рэгістрацыю Казуліна, але пасьля ягоных скандальны выступаў гэта ўдарыла б па рэпутацыі Лукашэнкі, і ўсе сказалі б – спужаўся праўды".

(Радкевіч: ) "Тое самае пытаньне – да Юрыя Дракахруста".

(Дракахруст: ) "Я часткова згодны з Валерам у тым, што тут справа ў дзеяньнях кандыдатаў, але і ў пэўным самаадчуваньні ўлады. Бо так выглядае, што яна ня толькі была ўпэўнена ў сваёй перавазе, але і ў тым, што яна ўсё кантралюе, што ўсё, так бы мовіць, "схвачено". І слова кандыдатам у першы раз без купюраў далі менавіта з гэтага адчуваньня, маўляў, хай пагавораць. Як сказаў Лукашэнка на сходзе, хай народ убачыць, якія яны дэбілы. Але гэта ён ужо "харахорился", бо народ насамрэч убачыў нешта іншае, і пачаўся калі не пералом, то, скажам так, нейкае варушэньне. Людзі пачалі абмяркоўваць, спрачацца, і вось гэты кантроль, які здаваўся татальным, ён раптам пачаў падавацца ўяўным, і вось менавіта ад гэтага апошняга адчуваньня было вырашана, так бы мовіць, сканчаць з дэмакратыяй і задзейнічаць жорсткі варыянт.

Але тут таксама Валер мае рацыю, што ўжо нават у межах гэтага жорсткага варыянту пачаліся нейкія ваганьні. Скажам, калі Казуліна зьбілі, адразу пайшлі чуткі з ЦВК, што яго здымуць, потым – адкруцілі назад. Палохалі, палохалі маніфэстацыяй Мілінкевіча, але буйных эксцэсаў там фактычна не адбылося. І выглядае так, што там нават у атачэньні кіраўніка дзяржавы ідзе барацьба прыхільнікаў розных варыянтаў, якая падаграваецца страхам, што справа пайшла крыху не туды".

(Радкевіч: ) "У чым подбіўка выкрывальных заяваў Сцьпяна Сухарэнкі, у чым іх мэта? Гэта сапраўднае выкрыцьцё існых плянаў, сумесь праўды з хлусьнёй ці чыстая інсынуацыя?"

(Карбалевіч: ) "Яшчэ напрыканцы мінулага году, калі Палата прадстаўнікоў прымала сумнавядомыя антырэвалюцыйныя папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, КДБ рапаўсюдзіў сярод дэпутатаў аналітычную запіску. З гэтага дакумэнта вынікала, што КДБ усё больш бярэ на сябе функцыю прапаганды. І заява Сухарэнкі з таго ж шэрагу.

Сумненьні ў дакладнасьці прыведзенай ім інфармацыі выклікае той факт, што цэнтрам сілавога перавароту нібыта зьяўляецца, напрыклад, ня штаб Мілінкевіча, ня офіс апазыцыйнай партыі ці маладзёвай арганізацыі кшталту "Маладога фронту" альбо "Зубра", а даволі бяскрыўдная грамадзкая ініцыятыва "Партнэрства", якая ладзіла назіраньне за выбарамі. Кіраўнікоў гэтай структуры аб''явілі амаль баевікамі, якія рыхтуюць выбухі падчас мітынгу і іншае. Пасьля гэтых фантастычных абвінавачваньняў і ўся астатняя інфармацыя Сухарэнкі не выклікае даверу".

(Дракахруст: ) "Ведаеце, на мяне самае жахлівае ўражаньне ва ўсёй гэтай гісторыі зрабілі прызнаньні Цімафея Дранчука, якія былі паказаныя на прэсавай канфэрэнцыі Сьцяпана Сухарэнкі, і словы Лукашэнкі з трыбуны сходу – ну яны ж самі прызналіся, дзе зьбіраюцца рабіць выбухі...

Вось пару гадоў таму адбыўся замах на прэзыдэнта Туркмэністана Ніязава, і ў замаху абвінавацілі апазыцыю, у прыватнасьці – сп. Барыса Шахмурадава, які жыў у Маскве. У яго ў Туркмэністане засталіся родныя, і ён заявіў, што ляціць у Ашгабад, а ў Шарамецьева перад адлётам сказаў: ня верце ніводнаму слову, якое я скажу ў Туркмэністане. І літаральна на першы ж дзень, калі ён прыляцеў у сваю краіну, тэлебачаньне ўжо паказала яго пакаяннае прызнаньне, як ён рыхтаваў забойства вялікага Туркмэнбашы, як закупляў зброю, як перадаваў яе ў Туркмэністан – і вось гэты почырк мне падаўся вельмі падобны".
XS
SM
MD
LG