Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісту “Зубра” не далі дайсьці дахаты


Радыё Свабода Актывіста моладзевага руху “Зубр” Алега Мяцеліцу пасьля адбыцьця 15 сутак арышту, зноў арыштавалі на 15 сутак. Дзеля гэтага бялыніцкія міліцыянты выклікалі ў выходны дзень ў аддзел міліцыі мясцовага судзьдзю. Суд адбыўся ў пастарунку за зачыненымі дзьвярыма.

Сёньня каля будынку міліцыі ў Бялынічах сабраліся некалькі чалавек, якія намагаліся трапіць на суд над апазыцыянэрам. Прапусьцілі толькі жонку Алега, бо яна была ягоным адвакатам. Міліцыянты абвінавацілі актывіста “Зубра” ў дробным хуліганстве.

Учора ўвечары паплечнікі Алега Мяцеліцы сустракалі яго ля брамы спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна. Ён там адбываў арышт за ўдзел у акцыі Салідарнасьці 16 лютага. Супрацоўнікі ўстановы ім паведамілі, што выпусьцілі яго яшчэ днём на некалькі гадзінаў раней пазначанага пратаколам тэрміну.

Некалькі гадзінаў маўчаў мабільны тэлефон. Жонка Алега ў Бялынічах хвалявалася. Жанчына пайшла ў міліцыю і там убачыла свайго мужа ў дзяжурнай частцы. Высьветлілася, што міліцыянты прывезьлі яго туды з Менску.

Жонка Алега юрыст, мае адвакацкую ліцэнзію. Яна вельмі зьдзівілася. Натальля Мяцеліца упэўнена, што гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Ніколі супрацоўнікі міліцыі не развозілі па дамах людзей пасьля адбыцьця пакараньня, тым больш за 150 км.

Відавочцы распавялі, што Алега выпусьцілі з пастарунку праз “чорны” уваход. Як толькі Алег выйшаў на вуліцу, да яго падышлі двое ў цывільным і раптам паваліліся на зямлю. Адразу ж падышлі міліцыянты і сказалі Алегу, што трэба зноў складаць пратакол за дробнае хуліганства.

Сёньня, нягледзячы на выходны дзень, міліцыянты прывезьлі ў пастарунак судзьдзю Ўладзіміра Гуза. Той арыштаваў Алега на 15 сутак.

Натальля Мяцеліца была адвакаткай свайго мужа. Яна лічыць бессэнсоўным зьвяртацца ў вышэйшыя установы са скаргамі.

(Мяцеліца:) “Я абураная дзеяньнямі ўладаў. У нас двое дзяцей Дачцэ 12 гадоў, сыну – 8. Майго мужа ня будзе дома цягам месяцу. Не далі да дому дайсьці. Што гэта за ўлада такая, калі баіцца аднаго чалавека?”

Алег Мяцеліца будзе адбываць пакараньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Бялынічах.
XS
SM
MD
LG