Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазыр: “Аляксандар Мілінкевіч — гэта дадатковыя дзясяткі мільярдаў даляраў для Мазыра і ўсёй Беларусі!” (фота)


Віталь Сямашка, Мазыр Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.



Пакручасты ды разлапісты 111-тысячны Мазыр сустрэў нібы з савецкага часу плякатамі — напышлівымі й непісьменнымі. Калі прыяждшае чыгункай: “Няма ў сьвеце крашай Мазыршчыны нашай”. Калі ад’яжджаеш з аўтастанцыі — “Мы даруем утулак вашай хаце”. Гэта рэкляма найстарэйшага прадпрыемства “Мазырдрэў”, што пабудавалі яшчэ за царскай уладай. Перахапіўшы мой позірк, выпадковы знаёмец Андрэй вылаяўся скрозь зубы:

(Андрэй: ) “Тое, што вы бачыце — туфта! “Мазырдрэў” суд прызнаў банкрутам, працуе ня больш за тры гадзіны на дзень. Зарплата мізэрная — можа, тысяч 70 на месяц. Гэты плякат — пыл у вочы!”

Маім добраахвотным гідам стаў мазырскі праваабаронца Ўладзімер Целякун, што працуе галоўным тэхнолягам на аб’яднаньні “Беларуськабэль”. Колькасьць працоўных на ім за апошняе дзесяцігодзьдзе скарацілася з 4 да 1 тысячы чалавек. Лютаўскі заробак — тыя ж 70 тысяч. З-за падатку на даданую вартасьць, які па абодва бакі расейска-беларускай мяжы разам складае да траціны сабекошту прадукцыі, фактычна закрыты асноўны расейскі рынак збыту, кажа Ўладзімер.

(Целякун: ) “У нас назапасілася прадукцыі на 6—7 мільярдаў рублёў. У асноўным, працуем на склад”.

Колькі часу таму ў адным з памяшканьняў кабэльнага павесіўся 48-гадовы маркіроўшчык Канстанцін. Напярэдадні адзінокаму мужчыну паведамілі, што плянуюць звольніць па скарачэньні штатаў. Незаўважаным ён правісеў у пятлі тры дні. Аказалася, аднак, што ўсё магло скончыцца і масавай трагедыяй. Акурат за дзень да маёй вандроўкі ў ягонай кватэры знайшлі баявую гранату. Я гутарыў з суседкай — 80-гадовай Аленай Мікіфараўнай Калацэй.

(Калацэй: ) “Вырашылі рабіць рамонт, каб перадаць кватэру нейкаму дзеду зь інтэрнату. Прыйшлі ў гэты чацьвер, і я чую, застукалі-заляпалі — і ціха стала. Аказваецца, яны знайшлі гэтую гранату. Міліцыя прыехала, пажарная, хуткая. З Гомелю мінёры забралі. Мая дачка на кабэльным працуе: мама, Косьцік павесіўся ў тры дні! Дык як жа, чалавека няма на працоўным месцы — і ніхто не задумаўся, дзе і што?! Тамака прыбіральшчыца яго заўважыла. Прывезьлі сюды, паклалі ў труну і не апраналі”.

Прыгнечанасьць адчуваецца ў мазыранах ня толькі з-за эканамічных нястачаў. Паказальнай лічу размову на прыступках пэдагагічнага ўнівэрсытэту з 20-гадовым студэнтам, які так выказаўся наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі:

(Андрэй: ) “Ха! Я здагадваўся. Згодна з плянэтарнымі законамі, максымум два тэрміны, калі не лічыць камуністычных краінаў — Кубу, Карэю. Зашмат! А што зрабіць? У кабіне для галасаваньня мы зробім свой выбар, а людзі набліжаныя зробяць інакш, хутчэй за ўсё… Завуць мяне Андрэй”.

Спадар Целякун кіруе выбарчым штабам Аляксандра Мілінкевіча. Але і ён не хаваў свайго скептыцызму.



(Целякун: ) “Шмат людзей ня вераць у сам працэс выбараў. Ёсьць такія, што і запалоханыя. Працаўнікі НПЗ, у якіх адбіраюць акцыі, нават яны адмаўляліся падпісваць. Асноўнае — няўпэўненасьць у заўтрашнім дні і тое, што калі засьвеціцца імя, могуць звольніць. А ў нас з МНПЗ проста звольніць, затое туды ўладкавацца цяжка”.

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым, адным з флягманаў айчыннай прамысловасьці, дзясяткі тысяч рабочых маюць заробкі ці ня самыя высокія ў краіне — ад 300 да 700 даляраў. Пры тым, што зарплаты даўно не растуць, і завод загружаны крыху болей на палову сваіх магчымасьцяў. Але ня толькі гэта трымае нафтаперапрацоўшчыкаў у напружаньні. Кажа Юрась Чаранкаў, які там працуе сьлесарам 4-га разраду:

(Чаранкоў: ) “Маюць людзі і 6, і 100 акцыяў — нейкая капейка. А тут пайшла пагалоска, што канфіскуюцца акцыі — людзі грошы губляюць! Паніка! Усе ведаюць: тое, што хацеў Лукашэнка, тое і зрабіў — забралі акцыі”.

Кажуць, да 8% акцыяў, што належалі працоўнаму калектыву, улады адабралі на карысьць дзяржавы — нібыта як незаконна атрыманыя. Акцыянаваньне ж ды, наагул, апошні вытворчы ўзьлёт МНПЗ зьвязаны зь імем экс-дырэктара Анатоля Сьцяпанавіча Зубоўскагага. Яму адразу пасьля Чарнобылю ўдалося “выбіць” у тагачаснага прэм’ера СССР Мікалая Рыжкова магчымасьць пакідаць на сацыяльныя патрэбы завадчан 8% замест звычайных 2% прыбытку. Хутка ці ня ў кожнага работніка зьявілася адно, а тое і два ўласных аўто, згадвае экс-намесьнік начальніка цэху Рыгор Крывіцкі:

(Крывіцкі: ) “Пры Зубоўскім пачалі завод акцыянаваць, перайшлі на графік пры шасьцігадзінным працоўным дні, пабудавалі Палац нафтавікоў — да яго тры разы катлаван засыпалі. Разьбіраўся, а не займаўся грубым адміністраваньнем. Меў прагрэсіўныя погляды”.

Апошняе каштавала Зубоўскаму пасады. У 1994-м ён увайшоў у каманду, што фармаваў да першых прэзыдэнцкіх выбараў Генадзь Карпенка. Падтрымаў ідэю Балцка-Чарнаморскага нафтавага калектару, які меў пазбавіць Беларусь ад паліўна-энэргетычнай залежнасьці ад Расеі. Зрэшты, пра магчымае ўвасабленьне той ідэі — крыху ніжэй. Я ж пакуль накіроўваўся да прадстаўнікоў мазырскай палітычнай эліты ды згадваў словы, што казалі мне год таму падчас падрыхтоўкі да рэфэрэндуму адзіны дэмакратычны дэпутат у гарсавеце Леанід Арлоў з АГП ды кіраўнік суполкі ПКБ Уладзімер Жогла:

(Арлоў: ) “Каб апазыцыя чагосьці дасягнула, патрэбная нейкая падзея, якая б паказала, што людзі могуць мець свой голас, адстойваць яго. Я лічу, што такая падзея магчымая. Шмат чутак у Мазыры, зьвязаных з працай нейкіх фірмаў, што працуюць каля нафтаперапрацоўчага заводу — каля пяцідзесяці падстаўных фірмаў для перапродажу нафты. Дзесьці два гады таму ішла гаворка пра міні-НПЗ. Каб мы ведалі куды, колькі і хто атрымлівае грошай, магчыма, гэта і было б падзеяй, якая б завяла людзей, расплюшчыла вочы”.

(Жогла: ) “Але ёсьць людзі, якія жывуць прыпяваючы — і іх нямала”.

Дарогай завітаў у Мазырскі гарвыканкам, дзе месьціцца тутэйшая выбарчая камісія. Пытаюся ў старшыні Леаніда Пісаніка пра вынікі кампаніі збору подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты, і ў адказ атрымліваю прапанову наступным днём запісацца на прыём да аднаго зь яго супрацоўнікаў.

Затое безь бюракратычнай цяганіны атрымаў інфармацыю ў выбарчых штабах. Паводле кіраўніка суполкі КПБ Піліпчука, за Лукашэнку сабрана 15 з паловай тысяч подпісаў, ніводнага не пададзена за Казуліна, 80 — за Гайдукевіча, каля 1600 — за Мілінкевіча. Зрэшты, інфармацыйная блякада — звычайная, так бы мовіць, перадвыбарчая тэхналёгія Мазырскага выбаркаму. Гавораць памянёныя спадары Арлоў ды Жогла:

(Арлоў: ) “На леташніх выбарах у Палату прадстаўнікоў я, як дэпутат, наведваў выбарчыя ўчасткі. На трэцяй частцы зь іх мне інфармацыі не далі пра колькасьць выбаршчыкаў і тых, хто галасаваў датэрмінова. Прычым, яны ня ведаюць, што ёсьць гаркам, а ведаюць гарвыканкам. Так і кажуць — патэлефануем у гарвыканкам мясцоваму бацьку”.

(Жогла: ) “Ад ПКБ была вылучаная ў склад выбарчай камісіі дасьведчаны юрыст Шпунянкова Сьвятлана Іванаўна. І ёй было адмоўлена, таму што “малы досьвед”. Які ж малы досьвед, калі чалавек большую частку жыцьця працаваў у сыстэме саветаў дэпутатаў сакратаром выканкаму ў Лельчыцах?! Зьвярнуўся да старшыні Мазырскага гарсавету Вольгі Арцёменкі па тлумачэньні. І вось на трэці раз атрымалі афіцыйны адказ: “по интересующим вас вопросам следует обращаться в горизбирком, кабинет 305”. Фактычна ў адказ на наш зварот яны далі адрас камісіі, у якую нас не пусьцілі!”

Дзіўнаватай атрымалася сустрэча з кіраўніком тутэйшага штабу Сяргея Гайдукевіча, былым маёрам ракетных войскаў спадаром Суворавым.



(Сувораў: ) “Аляксандру Рыгоравічу ў Мазыры бессэнсоўна супрацьпастаўляць іншую альтэрнатыву, вось паглядзіце! Зарплаты, пэнсіі нармальныя — я, як ваенны, атрымліваю 350 даляраў, сын кіруе банкам, дачка дызайнэр”.

(Карэспандэнт: ) “Генадзь Паўлавіч, я мушу перапытаць: вы за каго зьбіралі галасы — за Сяргея Васілевіча альбо за Аляксандра Рыгоравіча?”

(Сувораў: ) “За Сяргея Васілевіча. У нашым жыцьці апанэнты павінны быць, каб чалавек працаваў добра і прадуктыўна. У мяне ёсьць прэтэнзіі да Аляксандра Рыгоравіча. Ён працаваў як старшыня разваленага калгасу Беларусь. На “Гарызонце” — у мяне была фірма — абсталяваньне за бесцань адпраўлялі ў Польшчу. Вы зразумейце, у любога кіраўніка за дзесяць гадоў столькі можна мярзоцьця знайсьці — о-го-го!”

(Карэспандэнт: ) “Можа быць, варта сыходзіць пасьля дванаццаці гадоў?”

(Сувораў: ) “Кідаць на пераправе коней — апошняя справа”.

(Карэспандэнт: ) “Дык а хто падпісваўся за Гайдукевіча, калі такія блізкія пазыцыі з Аляксандрам Рыгоравічам?”

(Сувораў: ) “Ну, адзін незадаволены студэнт — выгналі; я падпісаўся зь сям’ёй”.

(Карэспандэнт: ) “А галасаваць будзеце за Лукашэнку?”

(Сувораў: ) “Не скажу!”

Ну і цяпер, як і абяцаў, вернемся да Балцка-Чарнаморскага калектару. Напярэдадні вандроўкі ў Мазыр я сустрэўся з аўтарам ідэі, менскім інжынэрам-энэргетыкам ды эканамістам Станіславам Гусакам. У 1994-м гэтай ідэі паставіў заслон прэм’ер Вячаслаў Кебіч. Але, як і дванаццаць гадоў таму, яе ня толькі падтрымліваюць, але і робяць захады для рэалізацыі ўрады балтыйскіх краінаў, Польшчы ды Ўкраіны. Забягаючы наперад, скажу, што днямі пра яе загаварылі і ў Мазыры. Усё астатняе — у размове са спадаром Гусакам.



(Гусак: ) “Ідэя, што Беларусь магла б мець некалькі крыніцаў паставак паліва. Ёсьць нафтаправоды, якія ідуць празь Беларусь і выходзяць на Вэнтспілс у Балтыю, і блізка ад Беларусі праходзяць па Ўкраіне на Адэсу. І калі б можна было гэтыя нафтаправоды аб’яднаць, зьяўляўся БЧНК. Такое рашэньне дае Беларусі выйсьце на новы ўзровень энэргабясьпекі і разбурыць манапалізаваны Расеяй паліўны рынак. Што гэта б значыла для МНПЗ? Яны маглі б выйсьці на пастаўку арабскай нафты альбо нафты, якая ішла б праз Чорнае мора з Азэрбайджану ці з Іраку. Яны працавалі б на поўную магутнасьць, маглі б атрымаць новыя абсталяваньне, тэхналёгію. Той жа Лукашэнка крытыкаваў калектар.

А з другога боку, беларускія ўлады дамовіліся з Інстытутам транспарту нафты з Кіева, які распрацаваў адзінаццаць варыянтаў яго пракладкі. І гэты праект ляжыць у Лукашэнкі ў стале, і гэта цяпер казырная яго карта ў адносінах з Расеяй. Таму што калі Расея згубіць манаполію на паліўны рынак паміж Балтыкай і Чорным морам, гэта пазбавіць яе ад 20 да 30 мільярдаў даляраў прыбытку штогод. Гэта грошы, за якія, я лічу, будзе ісьці бойка!”

(Карэспандэнт: ) “І гэтыя 20 – 30 мільярдаў могуць быць пры станоўчым разьвіцьці падзеяў прыплюсаваныя да бюджэту МНПЗ?!”

(Гусак: ) “Ня ўсе, зразумела, але часткова цалкам так! Украіна пабудавала нафтаправод да станцыі Броды — гэта на мяжы Ўкраіны і Польшчы. І вось цяпер пабудаваны нафтаправод Броды — Мазыр”.

(Карэспандэт: ) “І значыць, для Мазыра, то бок і для Беларусі, цягнік не сышоў?”

(Гусак: ) “Не, не сышоў”.

Станіслаў называе сябе нефармальным сябрам ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча ў Мазыры. Мілінкевіч адзіны з кандыдатаў у прэзыдэнты ўпершыню публічна агучыў ды падтрымаў ідэю калектару, як адну са сваіх мэтаў пасьля перамогі.



(Мілінкевіч: ) “Вельмі важна, каб былі альтэрнатыўныя крыніцы сыравіны для нашых прадпрыемстваў, асабліва такіх буйных, як у Мазыры. І тое, што мы маем сёньня з аднаго месца нафту, не дае разьвівацца, бо нафтаперапрацоўка ў Мазыры загружаная напалову. І калі мы зробім Балцка-Чарнаморскі калектар, тым самым больш працы, лепшыя заробкі. Стварэньне такога калектару дабавіць у эканоміку Беларусі дзясяткі мільярдаў даляраў і, безумоўна, ад гэтага выйграюць такія гарады, як Мазыр”.

Пасьля сустрэчы ў кулюарах удзельнікі ажыўлена камэнтавалі пэрспэктывы БЧНК. Ля мікрафона “Свабоды” выказаўся рабочы нафтаперапрацоўчага заводу Юрась Чаранкоў:



(Чаранкоў: ) “Гэта паведамленьне прагучала як нейкая сэнсацыя. І я думаю, гэта падзейнічае на выбар нашых людзей. Яны і так вагаюцца: у нас заробкі стабільныя — у сэнсе, яны не падвышаюцца. І, канечне, калі гэтыя акцыі ніхто ня будзе канфіскоўваць — таксама вялікі чыньнік. Ну і плюс сам Балцка-Чарнаморскі калектар: чым болей нітак нафтавых будзе праз Мазыр ісьці, нам лепш — работы болей. Ну і, я думаю, шмат хто з тых, хто прысутнічаў, свой выбар ужо зрабілі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG