Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі – пра “ўсебеларускі сход”


Радыё Свабода Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі адбыўся чарговы “ўсебеларускі сход”. Ці сачылі за хадою імпрэзы менчукі й што іх найбольш уразіла, у мінакоў на вуліцах сталіцы запытавала наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Як настаўніцы расейскай мовы, мне запомнілася больш за ўсё тое, што было абвешчана пра перагляд выкладаньня расейскай мовы ў беларускіх школах. Для мяне гэта пытаньне: хіба, можа, будуць гадзіны скарочаныя на выкладаньне, наколькі гэта мяне закране, як настаўніцу расейскай мовы?”

(Карэспандэнтка: ) “Ці Вы цікавіліся хадою сходу й што Вам запомнілася найбольш?”

(Спадар: ) “Я не магу сказаць, што я глядзеў адмыслова, але агулам гадзіны дзьве трансьляцыі ўсё ж бачыў. Мяне больш за ўсё ўразіла, а дакладней зьдзівіла жанчына, якая прыехала з Украіны. Яна вельмі адмоўна выказвалася пра тое, што ў іх адбылося паўтара гады таму. Я гэты быў зьдзіўлены вельмі непрыемна. І гэта запомнілася больш за ўсё”.

(Юначка: ) “Я не сачыла, але паколькі я вучуся побач з Палацам рэспублікі, то мяне вельмі ўразіла, што было надзвычай шмат міліцыянэраў. Яны перашкаджалі студэнтам і ў інстытут даводзілася прабірацца рознымі абхаднымі манэўрамі”.

(Юнак: ) “Асабіста я не сачыў за гэтым сходам па тэлевізары. Мяне больш хвалявала тое, што адбывалася на вуліцы, тое, што здарылася з Казуліным. І вось гэта мяне ўразіла найбольш”.

(Спадар: ) “Я не магу аддаць нечаму перавагу, паколькі ўсё было надзвычай важна: і ў культуры, і ў сельскай гаспадарцы, і ў зьнешняй, ды ўнутрыпалітычнай дзейнасьці. Словам, усё вельмі важна было”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці Вы цікавіліся хадою сходу й што Вам запомнілася найбольш?”

(Юнак: ) “Найбольш запомніўся разгон людзей. Вось гэта запомнілася”.

(Юнак: ) “Растлумачце, калі ласка, што гэта ўвогуле такое – “ўсебеларускі зьезд”, што на ім вырашаецца? Я ўвогуле, цікаўлюся падзеямі й рыхтуюся да выбараў, але што такое “ўсебеларускі зьезд” я ня ведаю”.

(Юначка: ) “Я сачыла за гэтым сходам па тэлебачаньню й лічу, што наш прэзыдэнт вельмі самаадданы й вельмі добра працуе”.

(Юнак: ) “Мімаходзь толькі бачыў выступ нашага прэзыдэнта. Я ня ведаю што вам сказаць, увогуле, мне не зразумелы сэнс гэтага сходу, калі тых, хто сапраўды змагаецца за свабоду народа не пускаюць на гэты сход, зьбіваюць іх. Словам, я ня думаю, што там нешта сапраўды талковае вырашалася. Больш нічога ня скажаш – я не магу глядзець на гэта ўсё – гэта проста цырк, паказуха й гэтак далей”.

(Спадарыня: ) “Я не сачыла за сходам, але запомнілася тое, што было шмат міліцыі й не было магчымасьці зрабіць і двух крокаў, каб у цябе не спыталіся дакумэнтаў ці куды ты ідзеш? І гэта запомнілася больш за ўсё”.
XS
SM
MD
LG